Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьцяпан Сьвідзерскі, «каліновец» з Горадні


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Сказаць, што я яго добра ведаю? Так сказаць нельга. Але мне даводзілася зь ім сутыкацца і ў мяне склалася пэўнае меркаваньне аб Сьцяпане Сьвідзерскім.

Сёньня ён у цэнтры скандальнай гісторыі: адкрыў раптоўна агонь у Гдыні, у офісе фірмы, дзе працаваў, затрыманы паліцыяй. (Ён займаецца, як вынікае з інфармацыі, спартыўнай стральбой). І таксама вядома, што Сьцяпан — гарадзенец.

Як мы пазнаёміліся? Можна сказаць, выпадкова. Нечаканы званок. Нейкі маладзён прапануе паказаць графіці супраць разбурэньняў у гістарычнай забудове гораду. Час быў раньні, таму званок — незвычайны. Добра, кажу, я ня супраць. Тады бедную Горадню раскапалі ўздоўж і ўпоперак. Начальства асвойвала сродкі на «рэканструкцыю». Частку старых камяніц зруйнавалі, як гэта звычайна робіцца.

Было гадзін восем. Раніца, дзесь канец лета. На вуліцах яшчэ залягалі даволі глыбокія цені. Але старая пажарная вежа і брама замку за ёй былі сьціпла афарбаваныя сонечным сьвятлом.

Мы сустрэліся, наколькі памятаю, недзе там, непадалёк ад замкаў. Паціснулі адзін аднаму рукі. Ён паказаў надпіс на апорах старога арачнага мосту. Фраза была прыблізна такога зьместу: спыніць разбурэньне Горадні! Былі таксама надпісы на тратуары. І потым ён паказаў такія ж у іншым месцы. Ён не гаварыў, што сам іх зрабіў, нічога такога не было. Ясна было адно: той, хто напісаў, зрабіў гэта, ня трапіўшыся. А бывала за бяскрыўдны надпіс «Жыве Беларусь!» хапалі жорстка, як злачынцу.

Ён не пытаўся ў мяне: ці я ўхваляю? Я не ўхваляў. Яшчэ больш я не ўхваляў руйнаваньне свайго гораду. Але ў мяне былі ўласныя інструмэнты: друкаванае слова і фотаадлюстраваньне таго, што адбываецца. У іншых такіх прыладаў не было. У яго таксама. Таму ён і зьвярнуўся да мяне: сфатаграфуйце.

Дзяржаўная газэта тады надрукавала здымак з гэтымі надпісамі на сьценах. З абурэньнем. Я быў згодны: нядобра “дэмалёваць” сьцены, як кажуць палякі. Аднак у газэце, наколькі памятаю, нічога не было аб прычынах — што вымусіла невядомага зрабіць такія надпісы? Звычайны, зрэшты, прыём афіцыйных СМІ. А змусіла графіціста да адчайнага, хоць і марнага кроку, любоў да роднага гораду і пратэст супраць гвалту над ім.

Ён выглядаў на змагара-адзіночку. Была ж перад тым цэлая кампанія з удзелам моладзі — «Абаронім Горадню ад разбурэньня!» (Дарэчы, дакладна дзесяць год таму). Яго яна не задаволіла. Дзейнічалі тады інакш. Дапусьцім, ладзілі «лятучыя пікеты». Абзвон актывістаў — месца збору, час. Міліцыя заўсёды ведала, што ня дзіўна — ніякай, самай простай, кансьпірацыі.

Мне было вядома, што Сьцяпан пасьля падзеяў на «Плошчы-2006» у Менску атрымаў магчымасьць па праграме Каліноўскага паступіць на вучобу ў Польшчу. Не ў Беласток ці Варшаву, а, наколькі памятаю, — у Гданьск. Пазьней мы некалькі разоў выпадкова сутыкаліся ў горадзе. Потым аднойчы ён сказаў, што ўладкаваўся на працу, сказаў — куды. Гучала грунтоўна. Я ў душы парадаваўся за яго. Вядома, што хапала «каліноўцаў», якія псыхалягічна не змаглі пераадолець бар’ер у душы, давучыцца ў Польшчы. Колькі разоў даводзілася ў цягніку слухаць прызнаньні: вось еду забіраць дакумэнты з польскага ВНУ, не пайшло, ня змог там вучыцца, ня здолеў засвоіць мову.

Яны размаўлялі па-расейску. А вядома, што калі, скажам, мець польскую мову як аб’ект нашай увагі на п’едэстале — на першым месцы, то расейская будзе на апошнім, на трэцім. Для тых, хто карыстаецца беларускай, пераступіць на наступную прыступку ў два разы лягчэй, чым тым, хто ня змог у душы перамагчы бар’ер адносна беларускай, ня вывучыў, не авалодаў. Як яму тады раптам змагчы ў польскім ВНУ вучыцца? Амаль нерэальна.

У Сьцяпана з гэтым якраз усё было выдатна. Ён патрыёт. Добра з беларускай, добра з замежнымі.

Не хачу падацца наіўным, але мне ён нагадваў чымсьці самога Каліноўскага. Была ў ім жарсьць, была заўзятасьць. (Ня кажучы, схільнасьць да пэўнай кансьпірацыі, калі меркаваць па тым адзіным выпадку). Адчувалася засяроджанасьць у сабе і, напэўна, спраўнасьць, хваткасьць. Можна было дапусьціць наяўнасьць імпульсіўнасьці. Хаця, зноў жа, бачыў яго я няшмат.

Мясцовы сайт надрукаваў паведамленьне аб тым, што здарылася цяпер са Сьцяпанам Сьвідзерскім у Польшчы. Я чытаю камэнтары і робіцца ніякавата. Ня ведаю, ці гэта пішуць гарадзенцы, ці проста «хворыя на інтэрнэт», на камэнты. Так, здарэньне даволі надзвычайнае, так, паліцыя правярае. Праўда, ужо і абвінавачаньне прад’яўленае. Але таксама вядома, што ніхто не пацярпеў. А што ў камэнтарах? «Жартачкі». «польский рэжым пригрел на груди змею…», «по нему видно. что у него не все дома». Хто гэта напісаў, дзе ягоны здымак, дзе імя, хто ён? Дарэчы, адзін скептык рэагуе «па дзелу»: «Захер уже во всем разобрался и диагноз по фотке выставил».

А наступны камэнтатар падаўся рыхтык у Пушкіны, «жжот» проста «глаголом»:

«Змагарик с БЧБ типичный,
Покинув свой колхозный хлев,
Вкусивши жизни заграничной,
Вообразил, что счас он лев».

Далей — яшчэ больш брыдка, з лаянкай.

Але вершаплёцтва яму замала, сьвярбіць яшчэ штось выдаць на гара і ён піша зноў: «Этот биомусор продолжает ждать адвоката в польском КПЗ». Проста нечага крыўднага яму замала — «хулігана» няхай, ці нечага падобнага. Ён вымысьліць свой «биомусор». Ня выключана, гэнаму «камэнтатару» самому жжэ душу ягоны аўтарскі пэрл.

І толькі адзін, бадай, адэкватны камэнтар пры канцы: «Раз в год и ружье висящее на стене стреляет, хочеться верить что парень не виноват, мутноватая история».

Між іншым, Сьвідзерскі ў сацсетках прысутнічаў як Sciopa Svindzer. І часам так падпісваў камэнтары, калі яго прыцягвала нейкая публікацыя ў сеціве.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG