Пачвары ненавідзяць прыгожых, дурні зьдзекуюцца з разумных, нікчэмнасьці забіваюць таленавітых. Улада рабоў зьнішчае свабодных. Савецкая ўлада толькі за адну ноч 29-30 кастрычніка 1937 году застрэліла больш за 100 асобаў беларускай эліты. У безыменныя магілы пад курапацкімі хвоямі злачынцы тады закапалі і квецень літаратуры Беларусі. Праз 80 гадоў мы прыгадваем імёны забітых талентаў прыгожага пісьменства.
Мястэчка Шчорсы ў сучаснага беларуса асацыююцца найперш з графамі Храптовічамі, якія мелі тут двор. Адсюль родам і Іван Пятровіч, вядомы ў прыгожым пісьменстве пад псэўданімам Янка Нёманскі.
У юнацтве страціў амаль усіх сваякоў
Іван Пятровіч нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і. Не было гэта тады, у 1890 годзе, дзівам. Не ўнікальным, на жаль, быў і лёс, які напаткаў будучага пісьменьніка. У 1901 годзе памерла ад сухотаў маці, затым пяцёра братоў і сясьцёр — «ад зьнясіленьня». Пайшлі з жыцьця бабка, дзед, дзядзька. У 1906 годзе з усёй радзіны засталіся сам Іван, бацька Андрэй і цётка. Бацька неўзабаве ажаніўся з удавой, якая мела двое дзяцей. Але праз тры гады і яны памерлі. Андрэй Пятровіч зьехаў у Расею — на заробкі. Дый зьнік на яе неабсяжных прасторах...
Скончыў тую ж сэмінарыю, што Колас ды Чорны
У 1909 годзе Іван скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю, зь якой выйшлі таксама Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас), Адам (Адольф) Багдановіч — бацька паэта Максіма, Мікалай Раманоўскі (Кузьма Чорны). Гэта была ня столькі прэстыжная, колькі параўнальна даступная сярэдняя навучальная ўстанова, як успамінаў Чорны, — «для тых, хто ня меў за што вучыцца: там ня бралi платы за навуку, а найлепшым вучням давалi стыпэндыю».
Вучыўся на адным факультэце з Тарашкевічам
Прадоўжыў вучобу Пятровіч у Санкт-Пецярбурскім імпэратарскім унівэрсытэце. Прыкладна ў адзін час з Браніславам Тарашкевічам. І Тарашкевіч, і Пятровіч вучыліся на гісторыка-філялягічным факультэце. У Санкт-Пецярбургу Пятровічу давялося зарабляць на хлеб грузчыкам у порце, жыць у адным пакоі зь некалькімі чалавекамі.
Ваяваў за цара і бальшавіка
Пятровіч у войску паслужыў двойчы. Пасьля таго, як у 1917 годзе дэмабілізаваўся з царскага войска, у 1919-м зноў вярнуўся на службу, але зусім у іншую армію —Чырвоную. Ваяваў у Карэліі, пад Петраградам, Нарвай, Варшавай, нават у Сыбіры і на Далёкім Усходзе Расеі. З войска звольніўся ў 1921-м. Як загартаваны ў баях за савецкую ўладу чалавек. Але тая ўлада потым мала з гэтым лічылася.
Адзін зь лідэраў беларускага руху ў Петраградзе
У лютым 1918 году пры Народным камісарыяце ў справах нацыянальнасьцяў РСФСР ствараецца Беларускі аддзел — Белнацкам. Ім да траўня кіруе Аляксандр Чарвякоў. Тут працуе Зьміцер Жылуновіч. Неўзабаве яны стануць «айцамі» абвешчанай 1 студзеня 1919 году Беларускай Савецкай Рэспублікі. У Петраградзе да выезду ў Вільню працаваў у Белнацкаме і Тарашкевіч, а таксама Кляўдыюш Дуж-Душэўскі, Ігнат Дварчанін, Фабіян Шантыр.
Пятровіч — сакратар культурна-асьветнага і загадчык выдавецкага аддзелу Белнацкаму. Ён прычыняецца да выданьня першай беларускай бальшавіцкай газэты «Дзяньніца» (рэдактар Зьміцер Жылуновіч), на старонках якой ужо ў 1919 годзе выступіў з артыкуламі «Значнасьць апавяшчэньня Беларусі Радаваю Рэспублікай», «Патрэбнасьць прадстаўніцтва Беларусі пры Расейскай Радавай Рэспубліцы». Радавая — было такое слова ў той час, сынонім прыметніка «савецкі».
Працаваў зь Яўхімам Карскім і Аляксандрам Сержпутоўскім
У кастрычніку 1918 году ў Петраградзе было створана Беларускае вольна-эканамічнае таварыства. У праўленьне таварыства ўваходзілі акадэмік Расейскай акадэміі навук, ураджэнец Беларусі Яўхім Карскі, адзін з арганізатараў Усебеларускага зьезду 1917 году ў Менску Яўсей Канчар, этнограф Аляксандар Сержпутоўскі і іншыя, у тым ліку Іван Пятровіч.
Эсэр, якога бальшавікі так і не прынялі за свайго
У Белнацкаме Пятровіч быў сябрам сэкцыі беларусаў пры ЦК партыі левых эсэраў. Пазьней Пятровіч уступіў у партыю бальшавікоў. Але адтуль яго выключылі ў 1935 годзе падчас адной з чыстак. Калі ў 1957 годзе паўстала пытаньне пра пасьмяротнае аднаўленьне яго ў Камуністычнай партыі Беларусі, на бюро ЦК КПБ была прынята рэзалюцыя:
«Решением Минского горкома КП(б)Б от 7 декабря 1935 года Петрович И.А. исключен из партии за скрытие при вступлении в ВКП(б) своего пребывания в эсеровской организации и как принятый в партию с нарушением устава ВКП(б).
Петрович Иван Андреевич исключен из партии в 1935 году правильно, как принятый в партию с нарушением устава ВКП(б). Отказать в посмертной реабилитации его в партийном отношении».
Прапанаваў падзел Беларусі на вобласьці
Сваё жыцьцё ў БССР Пятровіч прысьвяціў перш за ўсё эканоміцы, займаў шмат высокіх пасадаў. Бабруйская вобласьць, створаная ў 1944 годзе—адна з тых, якія Пятровіч прапаноўваў утварыць яшчэ ў 1930-я. Ён працаваў над новым раянаваньнем рэспублікі. Але работу яму не далі скончыць. І нават зрабілі вінаватым. Начальнік сьледчага аддзелу Ўпраўленьня дзяржаўнай бясьпекі НКУС БССР старшы лейтэнант дзяржбясьпекі А. Валчок у «замечаниях по вопросу о создании областей в БССР», адпраўленых сакратару ЦК КП(б)Б Волкаву, называе Пятровіча «вредителем». Ужо тады ён быў пад арыштам.
Быў прыхільнікам мэліярацыі
Пятровіч быў прыхільнікам мэліярацыі. А пра апанэнтаў так адгукаўся ў лісьце да сакратара ЦК КП(б)Б Мікалая Гікалы: «Ва ўсёй сваёй працы і да ўступленьня ў Камуністычную партыю я змагаўся за генэральную лінію партыі. Не выпадкова, што мая праца ў Дзяржпляне часта бралася ў штыкі з боку часткі старых спэцыялістаў, якія аказаліся пасьля шкоднікамі, напрыклад у пытаньні мэліярацыі, дзе я патрабаваў найхутчэйшага асваеньня мэліяраваных плошчаў».
Паскараў пуск трамваю ў Менску
Першы менскі электрычны трамвай, які замяніў сабою конны, рушыў у дарогу 13 кастрычніка 1929 году. У згаданым лісьце Гікалу Пятровіч сьцьвярджаў: «Будаўніцтва трамвая ў Менску я адзін абараняў у Дзяржпляне».
Заняў месца Ластоўскага
У пачатку 1929 году, як была створана Беларуская акадэмія навук, яе сакратаром зьяўляўся Вацлаў Ластоўскі. У тым жа годзе яго звольнілі, неўзабаве рэпрэсавалі. Яго месца заняў, да 1931 году, Іван Пятровіч.
Жыў у менскім 3-м Доме Саветаў
Івана Пятровіча арыштавалі 27 красавіка 1937 году ў Менску, на вул. Горкага, 21/52, кв. 25. Цяпер гэта будынак на вул. Багдановіча, 23 (на рагу са Старажоўскай). Пабудаваны ў 1936 годзе як 3-і Дом Саветаў. Гэта быў адзін з прэстыжных дамоў Менску. Намэнклятурны, але ня толькі. Паводле гісторыка Ірыны Варанковай, да 1941 году тут жыла артыстка Ларыса Александроўская. 24 чэрвеня 1941 году ў будынак трапіла нямецкая бомба, ён згарэў. Адноўлены ў 1947-м.
Забіты за нішто
У Пятровіча падчас арышту канфіскавалі: «4 тетради, разная переписка, блокнотов 11 штук, 10 книг под ред. Петровича, книга „Война с белополяками“, журн. „Полымя“ — 25 штук, „Красная новь“ — 2 шт., 2 книги под редакцией Некрашевича, 1 книга под ред. Дунца, 1книга под ред. Гартного и разн. книги — 7 шт., вся переписка и документы». 10 траўня 1937 году інспэктар пры наркаме ўнутраных спраў БССР М. Кац «нашел», што «материалами следствия в достаточной степени установлено, что Петрович И.А. состоял членом национал-фашистской организации в БССР и проводил организационную, вредительскую и разрушительную к-рдеятельность».
Пісьменьнік Васіль Хомчанка, які таксама прайшоў праз жорны НКВД, але выжыў, згадваў пазьней: «У маёй камэры знаходзiлiся ажно тры лiтаратары: пiсьменьнiк i акадэмiк Янка Нёманскi, паэты Янка Тумiловiч i Масей Сяднёў. Камэра наша, разьлiчаная ў нармальны час на чатыры чалавекi, зьмяшчала тады ажно дзесяць. Дыхаць не было чым, вось i iшла пара з акенца, як з лазьнi. З тых вязьняў-аднакамэрнiкаў уцалелi я i Масей. Астатнiх расстралялi». Была зьняволеная жонка Пятровіча Глафіра і 15-гадовы сын Андрэй, які загінуў у ГУЛАГу.
Апісаў красу возера Кромань
У літаратуру Нёманскі прыйшоў яшчэ ў пару, калі выдавалася «Дзяньніца». Яго жыцьцё было зьвязана з паплечнікам—пісьменьнікам і палітыкам Зьмітром Жылуновічам (Цішкам Гартным). Зь першым апавяданьнем «Над Кроманьню» літаратар Янка Нёманскі выступіў у 1922 годзе ў часопісе «Полымя». Прыгожы пачатак твору пра возера ў Налібоцкай пушчы, на паўночны ўсход ад Шчорсаў, зачароўвае і прымушае чытаць далей: «Цудоўнае гэта возера. Ты яшчэ нядаўна тут жывеш і ня бачыў яго як сьледуе. Я ж пражыў тут змалку сярод гэтых сумных лясоў ды балот; тут навокал траха не на 20 вёрст няма ні аднае вёскі: усё лес ды лес, балоціна з правалінамі, дзе вада чорная як сажа і дзе ніхто ня мераў дна».
Аўтар беларускага рымэйку «Рамэа і Джульета»
Беларусь — краіна паміж Польшчаю і Расеяй, паміж сьветам каталіцтва і праваслаўя. І гэтая праблема — падзеленасьці Беларусі паміж цывілізацыямі — турбавала і Янку Нёманскага. У апавяданьні «Рамэа і Джульета на Беларусі» ён паказаў празь лёс дваіх закаханых Яся і Алесі залежнасьць тагачаснага соцыюму ад рэлігійных забабонаў: «У небе запеў арган зорак, дыямэнтавыя агеньчыкі зь зямлі, зь дзерава пераліваліся ўсімі тонкімі фарбамі красулі і сваімі праменьнямі цалавалі ў вочы Алесю.
— Каб заўсёды так, — прамовіла Алеся.
— Будзе, дарагая, заўсёды, — супакоіў яе Ясь.
— На сэрцы ў мяне, Ясю, бывае часта так цяжка. Пайсьці ж да шлюбу з табою нам нельга, бо мы не аднае веры.
— Чаму ж ня можам мы пажаніцца, цудоўная ты! Ці ж ты не пайшла б за мяне, хоць я і католікам лічуся?
— Ты ведаеш, што мой бацька — вораг католікаў, а твой лічыць нас недавяркамі і мужыкамі. Дак дзе ж там у іх знойдзеш згоду? А без бацькоў, ведама, нічога ня будзе».