Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расстраляныя літаратары. Міхась Чарот, паэт, які лічыў, што трэба супрацоўнічаць з ГПУ, ад якога і загінуў


Міхась Чарот. 1930-я гг.
Міхась Чарот. 1930-я гг.

Пачвары ненавідзяць прыгожых, дурні зьдзекуюцца з разумных, нікчэмнасьці забіваюць таленавітых. Улада рабоў зьнішчае свабодных. Савецкая ўлада толькі за адну ноч 29-30 кастрычніка 1937 году застрэліла больш за 100 асобаў беларускай эліты. У безыменныя магілы пад курапацкімі хвоямі злачынцы тады закапалі і квецень нацыянальнай літаратуры. Праз 80 гадоў мы прыгадваем імёны забітых талентаў беларускага слова.

Многія лічылі, што «Босыя на вогнішчы» — яго найлепшы твор, і забывалі, што ён аўтар дзівоснай паэмы «Карчма». Ягоная паэзія — як наведваньне атракцыёнаў: займае дух ад палёту, акрабатыкі вобразаў і рытмаў, у якіх не задумваесься пра нейкую там філязофію. Якая можа быць філязофія ў амэрыканскіх горках? Толькі вострыя эмоцыі. Ягоныя героі любяць бурыць, паліць, ламаць і робяць гэта так імпэтна, што міжволі хочаш разьдзяліць зь імі гэтую карнавальна-вясёлую агрэсію. Рэчаіснасьць прыносіла Чароту расчараваньні, таму ён марыў, як пэрсанаж з паэмы «Чырвонакрылы вяшчун», сесьці ў касьмічны карабель, ляцець над Зямлёй і паліваць яе агнём, каб спрахла ўсё тое гідкае і прыкрае, з чым паэт сутыкаўся.

Пачаў пісаць пад уплывам Тамаша Грыба

«З вуснаў таго ж Грыба ведаем, што пад яго ўплывамі прыступіў да літаратурнай творчасьці ў беларускай мове Міхась Чарот. /.../ Распачатую літаратурную працу, выключна пад уплывамі Т. Грыба, крытыка спаткала вельмі прыхільна. (Урачыстая Акадэмія ў чэсьць сп. д-ра Т. Грыба. / «Наш золак», 23 чэрвеня 1938 г. // Грыб Тамаш. Выбранае. Менск, 2017).

Тамаш Грыб. 1923 год
Тамаш Грыб. 1923 год

Калі яго крыўдзілі, мог пляснуць па твары

«Чутка аб тым, што Кудзелька займаецца „сачыніцельствам“, усё больш і больш распаўсюджвалася сярод студэнтаў і настаўніцтва. /.../ Сынок аднаго дзятлавіцкага лясьнічага Ларывонаў на перапынку ўскочыў на парту і /.../ прадэкламаваў:

Пишет бедный сочинитель,
Всех пороков обличитель.
Видит всяческий порок,
Сочиняет, учит впрок.
Одного я не пойму —
Дело то его ль уму?

...Клас зарагатаў. Усе паглядзелі ў той бок, дзе сядзеў /.../ Міхась. /.../ Ларывонаў саскочыў з парты і, падбегшы да Міхася, хацеў пакласьці перад ім памфлет. Але не пасьпеў аглянуцца, як атрымаў добрую аплявуху. Увесь клас зашумеў». (Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы. Менск, 1977).

Міхась Чарот па сканчэньні Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі, 1917 год
Міхась Чарот па сканчэньні Маладэчанскай настаўніцкай сэмінарыі, 1917 год

Выпіўшы, любіў цытаваць верш Блока пра фанабэрлівых паэтаў

«Міхась Чарот у нейкім часопісе прачытаў і завучыў на памяць верш А. Блока:

За городом вырос пустынный квартал
На почве унылой и зыбкой.
Там жили поэты, и каждый встречал
Другого с надменной улыбкой...

Гэты верш ён заўсёды дэклямаваў, падвыпіўшы». (Дубоўка, Уладзімір. Збор твораў у 2 тамах: Том 2. Менск, 2017).

Міхась Чарот. 1920-я гг.
Міхась Чарот. 1920-я гг.

Лічыў, што трэба супрацоўнічаць з ГПУ

«Чарот даводзіў, што на яго погляд, кожны камуніст павінен быць «сачкомам», г.зн., што кожны камуніст павінен аказываць дапамогу ДПУ. (Паказаньні Алеся Дудара са справы «Саюза вызваленьня Беларусі». 2 верасьня, 1930 г. // Міхнюк У. «Арыштаваць у высылцы: Дакументальны нарыс пра Алеся Дудара». Менск, 1996).

Верш «Суровы прыгавор падпісываю першым». «Маладняк». 1930, № 2
Верш «Суровы прыгавор падпісываю першым». «Маладняк». 1930, № 2

Чырвонаармейцы былі ў захапленьні ад эратызму яго паэмы «Карчма»

На выступах Міхася Чарота ў сярэдзіне 1920-х гадоў маладыя салдаты асабліва цешыліся, калі чулі такія радкі:

Мне казалі: жыдоўку кахае,
Не давалі празь вёску ісьці...
А Рахіль безь мяне ўздыхае,
Безь яе сумна мне ў жыцьці...
Прыйдзе змрок — тайком, загуменьнем
Праз платы — да яе ў карчму...
Мы кахаліся так, як умелі,
Не пыталі, нашто і чаму?

Міхась Чарот. 1920-я гг.
Міхась Чарот. 1920-я гг.

Чытаў свае вершы Сяргею Ясеніну, які называў яго «братам»

«Аднойчы ўвечары мы зь Міхасём пайшлі ў /.../ клуб імажыністаў «Стойла Пегаса». /.../ Узялі /.../ піва /.../, Ясенін прысеў /.../ і зазначыў, што яшчэ да рэвалюцыі чуў /.../ імя Янкі Купалы, нядаўна чытаў яго зборнік, перакладзены Іванам Белавусавым /.../, а беларускіх вершаў ніколі ня чуў, і папрасіў Міхася прачытаць што-небудзь сваё. Міхась /.../ пачаў сваіх «Босых на вогнішчы». Ясенін слухаў уважліва і позіркам як бы гаварыў: чытайце, вельмі цікава. Калі ж падбадзёраны Міхась дайшоў да радкоў «І аб лепшай, вольнай долі // Стаў ля рэчкі пець чарот», Марыенгоф /.../ перабіў буркліва:

— Нічога не разумею.

— А я ўсё зразумеў! — усклікнуў Ясенін і паўтарыў апошнія радкі. Асабліва яму спадабаўся прыметнік «лепшы», які ён паўтараў некалькі разоў запар. Ясенін засьмяяўся, а пасьля, кіўнуўшы на Чарота, сказаў Марыенгофу: — Толя, ён хоць і не імага, як мы з табой, але сапраўдны паэт і, значыць, брат нам. (Рыгор Хацкевіч. Знаёмства ў «Стойле Пегаса». Успаміны Міхала Лойкі. // «Лім» 1975, № 41, 10 кастрычніка).

Кніга «Босыя на вогнішчы». Клімавічы, 1926 год
Кніга «Босыя на вогнішчы». Клімавічы, 1926 год

У яго былі творчыя пікіроўкі зь Янкам Купалам

«Алеся [сястра паэта Андрэя Александровіча, якую Чарот кахаў. — В. Дэ Эм.] крытычна ставілася да Міхасёвых драматургічных практыкаваньняў. /.../ Яна прачытала Міхасю „Сон на кургане“. Чарот прынёс ёй свой „Сон на балоце“.

— Чаму на балоце? — запытала Алеся. — Я

— Чарот, расту ў нізінах, каля вады, а Купала высока, на курганах...»

(Рамановіч Я. «Рэкі цякуць з ручаёў». Менск, 1969). Янка Купала ж зьмясьціў у п’есе «Тутэйшыя» верш Міхася Чарота, надаўшы яму камічна-парадыйнае гучаньне:

Беларусь, мая старонка,
Куток цемнаты!
Жыве Шыла, Грыб, Мамонька,
Будзеш жыць і ты!

Акрамя таго, сама п’еса «Тутэйшыя» — гэта «адказ на паэму [«Босыя на вогнішчы»], дзе Янка Купала паказвае «тую ж „расейскую рэвалюцыю ў жыцьці Беларусі“ як такую ж акупацыю, якімі былі й тыя нямецкая ды польская акупацыі, што перапынялі яе». (Антон Адамовіч. «Да нью-ёркскага выданьня „Твораў“ Жылкі». / «Да гісторыі беларускае літаратуры». Менск, 2005).

Беларускія пісьменьнікі (зьлева направа): Альбэрт Паўловіч, Міхась Чарот, Уладзіслаў Галубок, Язэп Фарботка. Май-чэрвень 1920 г., Менск
Беларускія пісьменьнікі (зьлева направа): Альбэрт Паўловіч, Міхась Чарот, Уладзіслаў Галубок, Язэп Фарботка. Май-чэрвень 1920 г., Менск

За польскай акупацыяй быў папулярным жаночым паэтам у салёне Вацлава Іваноўскага

«У доме Іваноўскіх Чарота абкружалі жанчыны і прымушалі чытаць вершы. Міхась чытаў /.../ жанчыны безагаворачна прымалі Чарота, шумна выказваючы апладысмэнтамі сваё захапленьне». (Рамановіч Я. «Рэкі цякуць з ручаёў». Менск, 1969).

Алеся Александровіч
Алеся Александровіч

Яго п’еса «На Купальле», якую прысьвяціў Алесі Александровіч, мела вялікі посьпех у Крамлі

«...Алеся ганарылася, што ёй, сьціплай салістцы хору, прапанавалі цэнтральную ролю /.../ Калі ж Міхась сказаў, што п’есу ён прысьвячае ёй, /.../ жахнулася і замахала рукамі: „Ні ў якім разе /.../, інакш я пайду з тэатра. /.../ У 1923 годзе ў Маскве адкрылася першая ў Савецкім Саюзе сельскагаспадарчая выстаўка. Паехалі ў Маскву і дзеячы беларускай культуры /.../ Амаль усе рэспублікі паказалі сваё мастацтва. Аднак найбольшы поспех /.../ выпаў на долю беларускага тэатра, і гэты посьпех стварыла п’еса „На Купальле“. /.../ Тэатар запрасілі ў Крэмль. Луначарскі і Чычэрын прынесьлі кветкі, /.../ Калінін уручыў грамату ЦВК“. (Рамановіч Я. „Рэкі цякуць з ручаёў“. Менск, 1969).

Вокладка кнігі „Марына“. 1926 год
Вокладка кнігі „Марына“. 1926 год

Падчас крамлёўскага трыюмфу ён перажыў найвялікшую здраду

„...На разьвітальным вечары, наладжаным /.../ беларускім пастпрэдам у Маскве таварышам Моразам /.../ мяне зьбянтэжыла, што Мораз /.../ увесь вечар танцаваў толькі з Алесяй. Тэраўскі /.../ шапнуў: „Яны дамовіліся пайсьці ў загс. /.../ Яны даўно знаёмы“. /.../ Я пабег шукаць Чарота. Міхась сядзеў у гатэлі /.../. Я ашаламіў яго паведамленьнем. /.../ Мы /.../ паехалі ў інтэрнат, дзе быў разьмешчаны калектыў тэатра. Алесі не было. Харысткі пацьвердзілі: „Ціхоня, ціхоня, а змагла адхапіць такога дзядзьку“. /.../ паехалі ў рэстаран „Прага“ /.../: „Як ашукала, як ашукала...“ — бясконца паўтараў Чарот. — А я спадзяваўся...“ — прастагнаў, прыкметна хмялеючы». (Рамановіч Я. «Рэкі цякуць з ручаёў». Мінск, 1969).

Вокладка кнігі «Завіруха». 1929 год
Вокладка кнігі «Завіруха». 1929 год

Нешчасьлівае сямейнае жыцьцё Чарота апісаў Міхась Зарэцкі

У вобразе Тацяны і Пражэні Зарэцкі вывеў жонку Чарота і самога паэта: «Тацяна сярдзіта буркнула: — Я кінула Пражэню. /.../ Гэта зусім не чалавек, а хадзячая формула. Ён, мабыць, меў і мяне за нейкі ікс або ігрэк у матэматычным зраўнаньні /.../, А я чалавек... /.../ Я хачу жыць... /.../ [Пражэня]: —...У нас зь ёй было зусім мала супольных перажываньняў. Ёй было нудна, і яна шукала ўвесь час чаго-небудзь экстравагантнага. Яна казала, што здраджвае мне з другімі мужчынамі проста з нуды, што тут няма нічога глыбокага. /.../ Каб вярнулася яна, я сам бы не згадзіўся зь ёй жыць. Яна будзе скрозь адчуваць прыкры сорам і злавацца і ненавідзець мяне. /.../ Я мяркую, што можна будзе знайсьці другую жонку, хоць мо і не такую прыгожую». (Зарэцкі М. Збор твораў у 4 т. Т. 4. / «Смерць Андрэя Беразоўскага». Менск, 1992).

Выбраныя вершы. 1925 год
Выбраныя вершы. 1925 год

Спрачаўся зь Міхасём Зарэцкім наконт вартасьці «Джаконды»

«М. Зарэцкі няўверана кажа: «А мне здаецца, Джыяконда ня гэткі ўжо шэдэўр, як аб ёй пішуць...» — «Я з табою ня згодзен», — пераймае М. Чарот: «Паглядзі вось на выраз яе твару, на чуць прыметную радасную ўхмылку, на тонкае фона вобразаў і ты...» (З. Жылуновіч. «Па чатырох краінах. Парыскія музэі — Луўр». // «Савецкая Беларусь», 1928, № 5, 6-га студзеня).

Паэма «Ленін». 1926 год
Паэма «Ленін». 1926 год

Сьпевы Міхася Чарота захаплялі фашыстаў у Празе, якія стараліся яго перасьпяваць

«... М. Чарот пазнаёміў чэскіх таварышаў [Я. Гора, Зайферт, Ю. Фучык, В. Менгер] з мэлёдыямі беларускіх сьпеваў... Характэрна тое, што пяяньне песьняў за нашым сталом захапіла сабою невялікую кампанію фашыстых, якія сядзелі насупроціў нас у кутку. /.../ Тут, седзячы візаві перад грамадкаю камуністых, добра іх знаючы, фашысты адмячалі сваю варожасьць да іх сьпевам нацыяналістычных песьняў». (З. Жылуновіч. «Па чатырох краінах. Культурная сувязь». // «Савецкая Беларусь», 1927, № 283, 14-га сьнежня).

Міхась Чарот
Міхась Чарот

Абыякава ставіўся да сваёй літаратурнай спадчыны

«Той, хто быў знаёмы з М. Чаротам, ведае, што ён ня вельмі ўважліва адносіўся да сваёй літаратурнай спадчыны. У выніку /.../ мы пазбаўлены тэксту цудоўнай рамантычна-музычнай драмы „На Купальле“. Абнародаваўшы яе праз тэатар, аўтар на гэтым заспакоіўся і не надрукаваў тэксту. Так здарылася і з радам яго паэтычных твораў, у тым ліку з паэмай „Асінград“, якую паэт у асноўным скончыў у 1927 г., са сцэнарыем „Агні на балоце“, напісаным у 1930 г. і інш. У 1931 г. Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі прапанавала М. Чароту падрыхтаваць збор сваіх твораў. Паэт пачаў зьбіраць перш за ўсё тыя творы, якія ўжо былі надрукаваны ў газэтах, часопісах, у асобных зборніках. Ён не перадрукоўваў тэксты, а выразаў іх з кніг, газэт, часопісаў і здаваў у выдавецтва. Некаторыя творы ён здаў па аднаму экзэмпляру і не наклеенымі на асобныя аркушы паперы, як гэта патрабавала выдавецтва. У такім выглядзе былі здадзены ў выдавецтва творы „Восень сыпле пажоўклыя лісьці...“, „Суровы прыгавор падпісваю першым...“ і інш». (Л. Бэндэ. «Неабходныя папраўкі». // «Лім», 1959, № 102, 26 снежня).

Рэкляма твораў Міхася Чарота ў «Савецкай Беларусі» 1928 г., № 72, 25-га сакавіка
Рэкляма твораў Міхася Чарота ў «Савецкай Беларусі» 1928 г., № 72, 25-га сакавіка

Лукаш Бэндэ быў абураны тым, як быў выдадзены першы пасьмяротны зборнік Міхася Чарота ў 1959 годзе

«Укладальнік /.../ павінен даць дакладныя тэксты. /.../ Ня проста перадрукаваць іх з таго ці іншага выданьня, але зьверыць тэкст з усімі папярэднімі выданьнямі /.../. На жаль, укладальнік /.../ ня выканаў гэтых патрабаваньняў. /.../ Неапраўданымі зьяўляюцца купюры з уступу да паэмы „Ленін“:

— Мы за новыя войны!
Ахвяр не прыносім
Дарма.

„Мы за новыя войны!“ — гэта на мове таго часу — мы за рэвалюцыю, за войны супраць эксплюататараў. /.../ Неапраўдана выкрасьліў укладчык і радкі:

З паходу
У паход кліча
Скіфіі дзікай
Новы прарок...
Хоча ён
Зямлі аяскравіць аблічча,
Што вякамі ў змроку...

/.../ Зусім зразумела, што радок „Скіфіі дзікай“ гучыць іранічна, а не сьцьвярджальна. /.../ Радок „Новы прарок“ таксама не зьмяшчае ў сабе нічога такога, каб лічыць яго недапушчальным». (Л. Бэндэ. Неабходныя папраўкі. // Лім 1959, № 102 Субота, 26 снежня).

Паводле Міколы Ўлашчыка, на з’ездах «Маладняка» кіраваў не Чарот, а Дубоўка

«Выпадкам прачытаў, што на зьездзе „Маладняка“ кіраваў справамі Чарот. Я прасядзеў, здаецца, на ўсіх паседжаньнях з’езду і нібыта памятаю, што там рабілася. Фактычна рэй вёў Дубоўка, у Чарота на гэта неставала ні культуры, ні (пэўна) літаратурнага таленту». (Зь ліста Нілу Гілевічу. 17 красавіка 1976 г. Улашчык, Мікалай. «Даць народу гісторыю: успаміны, лісты». Менск, 2016).

Шарж Паўла Гуткоўскага на Міхася Чарота і Ўладзімера Дубоўку. «Маладняк», 1924, № 5
Шарж Паўла Гуткоўскага на Міхася Чарота і Ўладзімера Дубоўку. «Маладняк», 1924, № 5

Забараніў апраўдвацца Міхасю Зарэцкаму, калі таго выключалі з партыі

«...Адбываліся першыя (1929-1930 гады) працэсы над беларускімі «контрарэвалюцыянерамі», «нацыяналістамі». З такім абвінавачваньнем выключылі з партыі на партыйным сходзе Белдзяржвыдавецтва Міхася Зарэцкага. Калі Зарэцкі спрабаваў адвесьці беспадстаўнае абвінавачваньне, дык пачуў рэзкае: «Даволі слухаць Зарэцкага!» І сказаў гэтыя словы /.../ Міхась Чарот. (Галіна Айзенштат. «Жыццё і драма Міхася Чарота». // «Беларусь», 1989, № 7).

Вокладка кнігі «Веснаход». 1924 год
Вокладка кнігі «Веснаход». 1924 год

Яго ледзьве ня гвалтам прымусілі надрукаваць скандальны «Ліст трох»

Міхася Чарота як галоўнага рэдактара «Савецкай Беларусі» Алесь Дудар, Андрэй Александровіч і Міхась Зарэцкі літаральна прымусілі надрукаваць ліст, у якім яны пісалі пра свой сыход з БДУ. «Назаўтра раніцою пайшлі ўсе разам да Чарота і зьвярнуліся да яго: „Мы ад цябе ніколі нічога не прасілі /.../, дык зрабі нам таварыскую ўслугу раз у жыцьці — надрукуй гэты ліст“. Чарот заікнуўся быў /.../, што, можа, ня варта /.../, бо будзе вялікі скандал, але мы яму гаварыць не далі. Тады Чарот паклікаў сакратара рэдакцыі і аддаў яму ліст для пасылкі ў друкарню. Аднак мы баяліся, каб Чарот не сазваніўся з кім па тэлефону і дзеля гэтага рашылі вачэй зь яго не спускаць. І сапраўды, некалькі разоў на працягу дня Чарот памыкаўся пазваніць па тэлефону, і стараўся як-небудзь нас выкурыць. Але мы хадзілі за ім назіркам. /.../ мы выбраліся на кватэру да мяне і забралі Чарота, каб ён ня мог затрымаць ліста. У мяне наладзілі закуску (выбралі маю кватэру, бо там нідзе няма тэляфона) і выпусьцілі Чарота толькі тады, калі былі спакойны, што ён ужо ня здолее затрымаць ліст» (Паказаньні Алеся Дудара са справы «Саюза вызваленьня Беларусі». 2 верасьня, 1930 г. // Міхнюк У. «Арыштаваць у высылцы: Дакумэнтальны нарыс пра Алеся Дудара». Менск, 1996).

Ліст Андрэя Александровіча, Алеся Дудара і Міхася Зарэцкага пра іх выхад з БДУ. «Савецкая Беларусь». 1928 г., № 278, 4-га сьнежня
Ліст Андрэя Александровіча, Алеся Дудара і Міхася Зарэцкага пра іх выхад з БДУ. «Савецкая Беларусь». 1928 г., № 278, 4-га сьнежня

За 5 месяцаў да арышту сталінскія чыноўнікі хваляваліся за самаадчуваньне Чарота

З допытаў Якуба Коласа:

«Ходасевич: А что с Чаротом, опустился он немного?

Колос: По-моему, бытовая обстановка, неудачная семейная жизнь много повлияли. /.../

Ходасевич: Здорово выпивать начал. Он в свое время был авторитетен и популярен.

Колос: Очень талантливый поэт. Некоторые меры в отношении его принимались: он ездил специально лечиться, немного на военной службе был. Все-таки определенный режим давал хорошие результаты». (Паказаньні Якуба Коласа на камісіі Бюро ЦК КП(б)Б па справе М. Клімковіча, 26 жніўня 1936 г. // «Купала і Колас, вы нас гадавалі». Кніга першая 1909-1939. Менск, 2010).

Латыскія пісьменьнікі — госьці часопіса «Чырвоная Беларусь». У першым радзе (зьлева направа): дырэктар Белдзяржвыдавецтва П. Браўковіч, народны паэт Латвіі Л. Лайцэн, латыскі паэт П. Кіктус, латыскі крытык З. Эфрас, беларускі літаратуразнаўца А. Некрашэвіч. У другім радзе: сакратар часопіса П. Скокаў, галоўны рэдактар М. Чарот, М. Хведаровіч, М. Лынькоў, Р. Мурашка. 1932 год
Латыскія пісьменьнікі — госьці часопіса «Чырвоная Беларусь». У першым радзе (зьлева направа): дырэктар Белдзяржвыдавецтва П. Браўковіч, народны паэт Латвіі Л. Лайцэн, латыскі паэт П. Кіктус, латыскі крытык З. Эфрас, беларускі літаратуразнаўца А. Некрашэвіч. У другім радзе: сакратар часопіса П. Скокаў, галоўны рэдактар М. Чарот, М. Хведаровіч, М. Лынькоў, Р. Мурашка. 1932 год

Дзякуючы амэрыканскім легіянэрам змог разам зь Цішкам Гартным і Міхасём Зарэцкім паглядзець спэктакль тэатру «Гранд-Опэра» бяз смокінгу і на добрых месцах

«У пляне нашага азнаямленьня з Парыжам стаяла і наведаньне Гранд-Опэры. /.../ перакладчык [папярэдзіў]: бяз смокінгу ў Гранд-Опэру ня пусьцяць. Калі хочаце, бярэце смокінг на пракат. /.../ Міхасі, аднак, рашылі лепі ўзабрацца на раёк і прастаяць цэлы спэктакль у звычайных гарнітурах (на райку — пад стольлю, адкуль вельмі цяжка што бачыць, можна было аставацца бяз смокінга), чымсь браць на пракат смокінг. /.../ І вось, якаво было зьдзіўленьне /.../, калі касырша заявіла: з прычыны прыезду амэрыканскіх легіянэраў можна на любое мейсца садзіцца бяз смокінга. Мы купілі білеты другога раду на другім балконе і, дзякуючы легіянэрам, прасядзелі спэктакль звычайнымі людзьмі...» (З. Жылуновіч. «Па чатырох краінах. За аглядам Парыжу». // «Савецкая Беларусь», 1928, № 3, 4-га студзеня).

Гурт Dzieciuki запісаў для праекту парталу TuzinFM «(Не)расстраляная паэзія» песьню на верш Міхася Чарота «Бунтар».

Усе артыкулы спэцпраекту «Расстраляныя літаратары»: Тодар Кляшторны, Міхась Зарэцкі, Мойша Кульбак, Алесь Дудар, Ізі Харык, Анатоль Вольны

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG