Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расстраляныя літаратары. Мойша Кульбак, вытанчаны паэт з «трацкісцка-тэрарыстычнай арганізацыі»


Мойша Кульбак з жонкаю і сынам. 1930 год
Мойша Кульбак з жонкаю і сынам. 1930 год

Пачвары ненавідзяць прыгожых, дурні зьдзекуюцца з разумных, нікчэмнасьці забіваюць таленавітых. Улада рабоў зьнішчае свабодных. Савецкая ўлада толькі за адну ноч 29-30 кастрычніка 1937 году застрэліла больш за 100 асобаў беларускай эліты. У безыменныя магілы пад курапацкімі хвоямі злачынцы тады закапалі і квецень беларускай літаратуры. Праз 80 гадоў мы прыгадваем імёны забітых талентаў прыгожага пісьменства.

Артыкул пра М. Кульбака ў кнізе «Беларускія пісьменьнікі. Біябібліяграфічны слоўнік. Т. 3. Івашын — Кучар» (Менск, 1994)
Артыкул пра М. Кульбака ў кнізе «Беларускія пісьменьнікі. Біябібліяграфічны слоўнік. Т. 3. Івашын — Кучар» (Менск, 1994)

Хоць беларускія энцыкляпэдыі называюць яго «яўрэйскім савецкім пісьменнікам», аднак чамусьці не па-габрэйску — Мойша (Moyshe), а па-беларуску — «Майсеем Саламонавічам». А мо і невыпадкова. Мойша Кульбак пісаў на ідыш, але жыцьцём і творчасьцю быў зьвязаны зь Беларусьсю і Літвою. Тут, уласна, і жыў ягоны — габрэйскі — народ, або літвакі. Нарадзіўся будучы літаратар у 1896 годзе ў Смаргонях, вучыўся ў сьвецкіх і рэлігійных школах у Сьвянцянах, Валожыне, Міры. Першая усясьветная вайна засьпела Кульбака ў Коўне, дзе ён працаваў настаўнікам у сірочым доме. Працягнуў настаўніцтва ў Смаргонях і Вільні, а ў 1918-м, БНРаўскім годзе апынуўся ў Менску, дзе жылі яго родныя.

У Менску малады паэт працуе лектарам габрэйскіх настаўніцкіх курсаў, пасьля прыходу бальшавікоў яшчэ нейкі час застаецца ў горадзе. У красавіку 1919, калі польскія войскі займаюць Вільню, Кульбак перабіраецца туды, але ненадоўга. Ужо праз год ён выяжджае ў Бэрлін, дзе спадзяецца атрымаць адукацыю, але зазнаўшы беспрацоўе і голад, праз тры гады вяртаецца ў Вільню, дзе пражыве яшчэ пяць гадоў і стане самым папулярным і ўлюбёным габрэйскім паэтам.

У 1928 годзе Кульбак назаўсёды перабярэцца ў савецкі беларуска-габрэйскі Менск.

Пра Кульбака сёньня знойдуцца радкі ў энцыкляпэдыях розных краінаў. І ўсё ж ён — самы што ні ёсьць наш: і родам зь Беларусі, і, як-ніяк, член Саюзу савецкіх пісьменьнікаў БССР.

Вокладка кнігі М. Кульбака «Širim» (Вільня 1920)
Вокладка кнігі М. Кульбака «Širim» (Вільня 1920)

Першы ўраджэнец Беларусі, які ўзначаліў ПЭН-клюб

У 1927 годзе ў Вільні, ваяводзкім цэнтры Рэспублікі Польшча (Rzeczypospolitej Polskiej), Мойша Кульбак атрымлівае высокую пасаду ў літаратурным сьвеце — становіцца старшынёй усясьветнага ідышскага ПЭН-клюбу. Чаму ў Вільні? Бо тады гэта быў адзін з найбуйнейшых цэнтраў ня толькі беларускай, польскай, літоўскай, але перш за ўсё габрэйскай культуры.

Аднак у 1928 годзе Кульбак пераяжджае ў Менск. Казаў, што няма ўмоў для працы ў Польшчы. А ў Менску што? У 1934 годзе стаў шараговым членам Саюзу савецкіх пісьменьнікаў БССР. Апрацоўваў анталёгіі пралетарскай літаратуры, падпрацоўваў рэдактарам у Беларускай акадэміі навук.

У 1934 годзе НКВД, якое сачыла за Кульбакам, так інтэрпрэтавала ягоную віленскую дзейнасьць: «Будучи в Польше, состоял заместителем председателя национал-фашистской еврейской литературной организации».

Пячатка Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя Ў. І. Леніна на беларускай мове і ідыш. 1930-я гг.
Пячатка Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя Ў. І. Леніна на беларускай мове і ідыш. 1930-я гг.

Пачынаў пісаць на іўрыце, а стаў клясыкам літаратуры на мове ідыш

Варта напомніць, што іўрыт у часы Кульбака быў мовай рэлігіі, літаратуры і публіцыстыкі. А ідыш быў жывой гаворкай мільёнаў габрэяў ня толькі Беларусі, але і Літвы, Польшчы, Нямеччыны. Многія габрэі лічылі ідыш нават ня моваю, а «жаргонам», гэткаю «трасянкаю» нямецкай, іўрыту і мясцовых славянскіх моваў. У 1920-1930-я гады ідыш да таго ж асацыяваўся з сацыялістычнаю плыньню ў габрэйскім нацыянальным руху, з поглядам, што габрэі ня мусяць эміграваць у Палестыну, а павінны застацца і разьвіваць сваю культуру ў краінах пражываньня. У БССР, дзе ідыш стаў адной зь дзяржаўных моў, іўрыт лічыўся яшчэ і прыкметаю габрэйскага нацыяналізму. У Менску Кульбак успрымаўся як аўтар «правільны», які адлюстроўвае рэальнае жыцьцё габрэйскіх працоўных мас на іх жывой мове.

Мойша Кульбак. 1920-я гг.
Мойша Кульбак. 1920-я гг.

Сваю жонку «адбіў» у іншага, зь якім яна пасьпела ўжо заручыцца

Паводле дасьледчыка габрэйскай культуры Беларусі Вольфа Рубінчыка, сваю жонку Жэню Эткіну Кульбак "адбіў" у біёляга Спэктара, зь якім яна ўжо была заручылася, пакуль паэт жыў у Бэрліне. Было гэта ў 1924 годзе.

Машынапіс з аўтарскімі праўкамі п’есы М. Кульбака «Бойтра». 1936 г.
Машынапіс з аўтарскімі праўкамі п’есы М. Кульбака «Бойтра». 1936 г.

Быў блізкі стылем да Гогаля і Булгакава

Як сьцьвярджае Рубінчык, Кульбак сваёй творчасьцю блізкі да Гогаля і Булгакава: «Цікавіўся містыкай, звышнатуральнымі сіламі — усё гэта нярэдкасьць у яго творах».

Бывала, яго кнігі выходзілі штогод. І ня толькі ўласныя творы. Кульбак пераклаў на ідыш раман «Як гартавалася сталь» Астроўскага, «Рэвізора» Гогаля. Гэта, дарэчы, былі і апошнія прыжыцьцёвыя публікацыі — 1937 году. У Менску іх тады было каму чытаць. Цяпер гэта ня толькі бібліяграфічныя рэдкасьці. У сучасным Менску бадай ужо ніхто не зразумее мовы, якою выдадзены тыя тамы.

Былы раён Ляхаўка ў Менску. Завод «Энэргія» на вул. Кастрычніцкай. Від з вул. Аранскай («Чырвоная Беларусь», № 3, 1930 г.). Фота прадастаўлена Ўладзімерам Садоўскім
Былы раён Ляхаўка ў Менску. Завод «Энэргія» на вул. Кастрычніцкай. Від з вул. Аранскай («Чырвоная Беларусь», № 3, 1930 г.). Фота прадастаўлена Ўладзімерам Садоўскім

Адлюстраваў у творах жыцьцё і краявіды беларускіх гарадоў

Гарады Беларусі ў часы Кульбака ў значнай ступені былі не беларускія, а габрэйскія. Таму ў творах Кульбака наўрад ці варта шукаць рысы сёньняшніх беларускіх абласных і раённых цэнтраў. Менская Ляхаўка, адлюстраваная ў рамане «Зельманцы», — гэта раён цяперашніх вуліц Аранскай ды Кастрычніцкай, дзе заводы ў наш час саступаюць месца арт-пляцоўкам. Але менавіта тут, ля «Камунаркі», разыгрываліся падзеі «Зельманцаў». Таму мо дзесьці тут і знойдзецца некалі месца помніку Кульбаку.

Янка Купала. 1935 г. Са збору Дзяржаўнага літаратурнага музэю Янкі Купалы
Янка Купала. 1935 г. Са збору Дзяржаўнага літаратурнага музэю Янкі Купалы

Таварышаваў з Купалам, Коласам, Чорным

Кузьма Чорны адгукаўся пра Кульбака як пра чалавека разумнага, вясёлага, шчырага. Чорны ведаў ідыш (ягоная жонка была габрэйкай) і мог гаварыць зь ім на гэтай мове. Кульбак быў знаёмы з Купалам і Коласам, перакладаў іх вершы.

Пісьменьнік Мікола Хведаровіч згадваў: «Я часта сустракаўся з М. Кульбакам, любіў зь ім гаварыць. Ён быў вясёлым чалавекам, у якім жыла, як кажуць, „сьмяшынка-залацінка“, умеў цікава расказваць, і я ня раз бачыў, як Купала, Колас і Чорны сядзелі зь ім на канапе ў Доме пісьменьніка і ўважліва яго слухалі».

Дзяржаўны габрэйскі тэатар БССР. 1933 г. Фота з кнігі Віктара Корбута і Дзьмітрыя Ласько «Мінск. Спадчына старога горада. 1067-1917». (Менск, 2016)
Дзяржаўны габрэйскі тэатар БССР. 1933 г. Фота з кнігі Віктара Корбута і Дзьмітрыя Ласько «Мінск. Спадчына старога горада. 1067-1917». (Менск, 2016)

Незадоўга да забойства Кульбака ягоную п’есу ставілі ў тэатры

У год забойства Кульбака ў менскім Дзяржаўным габрэйскім тэатры БССР ставілі п’есу «Разбойнік Бойтра». Наведнікі тэатру на вуліцы Валадарскага (цяпер гэта Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Максіма Горкага), натуральна, не здагадваюцца пра тое, што тут гучала калісьці іншая мова. А мы можам меркаваць, што сам Кульбак бываў у гэтых мурах. І, мабыць, заслугоўвае ўшанаваньня тут свайго імя.

Увесну 1937 году ў маскоўскім выдавецтве «Художественная литература», як высьветліла дасьледчыца Ганна Севярынец, працуючы ў фондах Расейскага дзяржаўнага архіву літаратуры і мастацтва, рыхтавалі пераклад рамана «Зельманцы» на расейскую мову. Але Кульбак так і не дачакаўся кнігі. Пакуль ленінградзец-перакладчык Яўгеній Трапоўскі дашліфоўваў расейскую вэрсію рамана, Кульбака ўжо «ўзялі» зь яго менскай кватэры на Омскім завулку (цяпер вуліца Румянцава) у турму НКУС БССР на рагу вуліц Савецкай (цяпер праспэкт Незалежнасьці) і Ўрыцкага (сёньня Гарадзкі Вал). І ў той жа час у Маскве вядомаму паэту Ўсеваладу Раждзественскаму прапаноўвалі перакласьці вершы Кульбака: «Это еврейский поэт, тонкий и изящный». Раждзественскі, аднак, за работу так і ня ўзяўся.

У чым абвінавачвалі Кульбака энкавэдысты?

Яшчэ ў 1934 годзе ўсё было сфармулявана: «Группирует вокруг себя националистически настроенных еврейских писателей, выходцев из социально чуждой среды, имеющих связи с заграницей». Досыць было, бадай, таго, што Кульбак вярнуўся ў Менск ня проста зь Вільні, а з польскай дзяржавы — і ў 1937 годзе на яго сфабрыкавалі справу як на «члена контррэвалюцыйнай трацкісцка-тэрарыстычнай арганізацыі», зьвязанай «з польскімі разьведорганамі».

Асуджаны 30 кастрычніка 1937 году — і расстраляны. Нам вядома імя таго, хто вынес прысуд: старшыня выязной сэсіі ваеннай калегіі Вярхоўнага суду СССР Іван Матулевіч.

Дарэчы, пераклад Трапоўскага «Зельманцаў» дагэтуль не апублікаваны. Перакладчык загінуў у блякадным Ленінградзе ў 1942-м.

Жонка прайшла сталінскія лягеры, сын загінуў ад нацыстаў, дачка жыве ў Ізраілі

5 лістапада 1937 году ў Менску была арыштавана жонка Мойшы Кульбака Жэня (Зэльда) Эткіна-Кульбак. Этапаваная ў ссылку ў Казахстан, у Акмолінскі "лягер жонак здраднікаў радзімы", яна вернецца на свабоду ў 1946-м і памерла ў 1973 годзе. Сын Элі загінуў ад рук нацыстаў у 1942 годзе ў Лапічах Магілёўскай вобласьці. Дачка Рая Кульбак-Шавель жыве ў Ізраілі.

Вокладка кнігі М. Кульбака «Зельманцы» (Менск, 1960)
Вокладка кнігі М. Кульбака «Зельманцы» (Менск, 1960)

Рэстаўратар Уладзімер Ракіцкі зьбіраўся здымаць фільм паводле кнігі Кульбака

Уладзімер Ракіцкі сёньня вядомы як пачынальнік комплексных рэстаўрацыйных работ у Спаскай царкве XII стагодзьдзя ў Полацку. А ў свой час зьбіраўся праявіць сябе і ў кінэматографе. Пра гэта згадваў мастак і пісьменьнік Адам Глобус: «Наш рэстаўратар Валодзя Ракіцкі нават рабіў раскадроўкі, маляваў мізансцэны, вымалёўваў герояў». Разам зь іншымі менскімі мастакамі-рэстаўратарамі і сам Глобус захапіўся творчасьцю Кульбака. Многім беларусам менавіта спадар Адам пакрысе прышчапляў веды пра Кульбака: «Вось геніяльны раман пра Менск, «Зельманцы» Майсея Кульбака. Я лічу, гэта адна з найлепшых кніг пра Менск. Напісана яна пра канкрэтнае месца: пра габрэйскія дамы, якія стаялі на месцы фабрыкі «Камунарка».

Мэмарыяльная шыльда М. Кульбаку на Karmelitų g. 5 у Вільні
Мэмарыяльная шыльда М. Кульбаку на Karmelitų g. 5 у Вільні

Мэмарыяльная шыльда — толькі ў Вільні

У Вільні ў 1920 годзе выйшла першая Кульбакава кніга "Песьні"("Širim"), у друкарні габрэя Барыса Клецкіна. У гэтай жа друкарні ў 1920-1930-я гады выходзілі і беларускія кнігі: Багдановіча, Арсеньневай, Коласа (дом захаваўся, яго сучасны адрас — Raugyklosg. 23). У гэтым горадзе, дзе гучалі ідыш, польская, літоўская, беларуская, расейская, нямецкая дый іншыя мовы, голас самога Кульбака дагэтуль памятаюць муры дамоў на J. Basanavičiaus g. 23, Totorių g. 24, Karmelitų g. 5. На апошнім зь пералічаных будынкаў у 2004 годзе павесілі мэмарыяльную дошку. Яна сьведчыць: тут Кульбак жыў у 1926-1928 гадах.

Аднак пра Кульбака і ў Менску жыве памяць. Як нікога зь габрэйскіх пісьменьнікаў Савецкай Беларусі, яго выдавалі пасьля сьмерці. У 1960 годзе ў перакладзе Віталя Вольскага выйшлі «Зельманцы». У 1970 годзе ў Менску ўбачыў сьвет паэтычны зборнік «Выбранае». У наш час пісьменьніка перакладаюць на беларускую Фэлікс Баторын, Андрэй Хадановіч і іншыя. «Зельманцы» перавыдадзены ў 2015 годзе ў папулярнай сэрыі «Мая беларуская кніга». Шмат для папулярызацыі жыцьцяпісу літаратара робіць дасьледчык габрэйскай культуры Беларусі Вольф Рубінчык. У 2016 годзе выйшаў зборнік вершаў Кульбака «Вечна». Менскі джазмэн Павел Аракелян напісаў на Кульбакавы словы песьню «Гультай».

Расстраляныя літаратары:

Міхась Зарэцкі, творамі якога энкавэдысты спачатку зачытваліся, а потым катавалі і забілі яго

Тодар Кляшторны, які адкрыта напісаў: «Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ — пад ГПУ»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG