Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расстраляныя літаратары. Тодар Кляшторны, які адкрыта напісаў: «Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ — пад ГПУ»


Тодар Кляшторны
Тодар Кляшторны

Пачвары ненавідзяць прыгожых, дурні зьдзекуюцца з разумных, нікчэмнасьці забіваюць таленавітых. Улада рабоў зьнішчала свабодных. Бальшавіцкая ўлада толькі за адну ноч 29-30 кастрычніка 1937 году застрэліла больш за 100 асобаў беларускай эліты. У безыменныя магілы пад курапацкімі хвоямі злачынцы тады закапалі і квецень нацыянальнай літаратуры. Праз 80 гадоў мы прыгадваем імёны забітых талентаў беларускага слова.

Паэзія Тодара Кляшторнага — гэта ледзяная туга па няспраўджаных жаданьнях і надзеях. Мінорна-мэлянхольная танальнасьць твораў упрыгожаная іранічнымі ноткамі. Іронія была як яўная (у вершы «Мая любімая», у якім ён парадзіраваў песьні Аляксандра Вярцінскага), так і прыхаваная («Ці варта сёньня быць паэтам»). Ня дбаў пра свой вонкавы выгляд (гэтым адрозьніваўся ад сваіх сяброў па «Ўзвышшы» Язэпа Пушчы, Уладзімера Дубоўкі), але пільна сачыў, каб кожны яго радок быў адшліфаваны, як каштоўны камень.

За свой першы верш быў моцна зьбіты

«...Тодар /.../ напісаў пра мясцовага кулака Мікіту, у якім былі такія радкі:

Не хадзіце да Мікіты
Ні пшаніцу жаць, ні жыта,
Бо ён злосны і скупы.
Вы ж жанчыны, не рабы.

Кулак, пачуўшы песьню, /.../ пераняў Тодара і моцна пабіў». (Тадзіяна Кляшторная. Песню вясьне падарыў. // Віцебскі рабочы 1983, № 48 Пятніца, 11 сакавіка).

Арлен Кашкурэвіч. Партрэт Тодара Кляшторнага з кнігі паэта «Выбранае», 1970 год
Арлен Кашкурэвіч. Партрэт Тодара Кляшторнага з кнігі паэта «Выбранае», 1970 год

Сталінскія крытыкі пісалі, што свае вершы ён складае для падонкаў

«...гэтая п’яная, падгітарная лірыка зьяўляецца выражэньнем настрояў падонкаў сучаснага грамадзтва» (Ул. Сядура. «Спроба павароту ветразей». // Полымя 1931, № 5).

Сваім позіркам нагадваў Хрыста

«Жартавалі, што ягоны, некалькі адлучаны ад рэчаіснасьці, дакладней — выцураны выраз вачэй выклікае ва ўяўленьні постаць раскрыжаванага Ёзуска — такія крыжы стаўлялі некалі ў вясковых каплічках і касьцельчыках». (Максім Лужанін. Наш рух — калодзеж непачаты. // «Лім», 1988, № 14, 1 красавіка).

Шарж на Тодара Кляшторнага з часопіса «Чырвоная Беларусь» 1932 год
Шарж на Тодара Кляшторнага з часопіса «Чырвоная Беларусь» 1932 год

Анатоль Вольны параўноўваў яго з Дон Кіхотам

«Тодар Кляшторны? Я, скажу шчыра, баюся, — ці не зрабіў Сэрвантэс плагіят з Тодара, калі пісаў свайго Дон-Кіхота. Прынамсі, калі б даць Тодару Кляшторнаму Багуна ў Санчы-Пансы, — шмат млыноў яны б перамаглі на сваім непераможным шляху». (Алёша. «Літаратурны сілуэт. Тодар Кляшторны». // Чырвоная Беларусь 1932, № 2).

Вокладка зборніка «Кляновыя завеі», 1927 год
Вокладка зборніка «Кляновыя завеі», 1927 год

Ад яго вершаў былі ў захапленьні тагачасныя падлеткі

«...У 1927 годзе выходзіць у сьвет яго першы вершаваны зборнік „Кляновыя завеі“, які адразу прывабіў да сябе многіх аматараў сапраўднай паэзіі. /.../ Калі да мяне трапілі „Кляновыя завеі“ /.../, я яшчэ быў вучнем сямігадовай школы. „Вось гэта паэзія!“ — гаварыў я свайму сябру Алесю Пруднікаву.

„Эталён! — сказаў той. — Вось так бы нам з табой пісаць“». (Пруднікаў П. «Далёкае, але не забытае». Мінск, 1988 г.).

Ніколі ня меў грошай, але на алкаголь заўсёды знаходзіўся «неразьменны» рубель

«...Надыходзіў далікатны момант: „скідаліся“ на пляшку лошыцкага віна з агрэсту ці антонаўкі, малой цаны, але выдатнага смаку /.../ Тут Тодар уздыхаў і пачынаў абмацваць кішэні ў пінжаку, старанна абшукваў плашч і паліто. Нарэшце заклапочанасьць на яго твары зьмянялася амаль шчасьлівай усьмешкай: — І мая капейчына не шчарбатая, — ён падаваў выпараную ледзь не з-за абіўкі скамечаную паперку заўсёды аднолькавай вартасьці — рубель. Гэта быў сапраўды „неразьменны“ рубель, і зьяўляўся ён у самы крытычны момант...». (Максім Лужанін. «Наш рух — калодзеж непачаты». // «Лім», 1988, № 14, 1 красавіка).

Дочкі Тодара Кляшторнага: уверсе Мая і Валя, унізе — Тадзіяна з мужам і сынам
Дочкі Тодара Кляшторнага: уверсе Мая і Валя, унізе — Тадзіяна з мужам і сынам

Дапамагаў дачцэ, будучай дзіцячай пісьменьніцы, складаць першыя вершы

«Я /.../ любіла хадзіць з бацькам да /.../ возера, адкуль пачыналася Парэчча. Мне прыемна было шлёпаць басанож па вадзе, пужаць рыб /.../. Я ганялася за стракозамі, але ніводнай не злавіла. Тады пры дапамозе бацькі нарадзіўся мой першы дзіцячы верш, а таксама зьявілася жаданьне складаць вершы. Вось тыя радкі:

Страказа
Зыза — зыза — зыза —за!
Праляцела страказа
Над зялёненькім лужком,
Прывітаўшыся з жучком.

(Тадзіяна Кляшторная. «Мае дзіцячыя ўспаміны пра бацьку». // Пра час «Узвышша». Матэрыялы Ўзвышаўскіх чытанняў. Мінск, 2003-2004).

Назваў дачку, спалучыўшы сваё імя і жонкі

«Тым часам Яніна [жонка Тодара Кляшторнага Яніна Германовіч. — В. Дэ Эм.], Тодар зваў яе Янка, нарадзіла дачку. /.../ Дзяўчынку назвалі Тадзіяна — ад Тодар і Яніна». (Максім Лужанін. «Наш рух — калодзеж непачаты». // «Лім» 1988, № 14 Пятніца, 1 красавіка).

Дачка паэта — Мая Кляшторная
Дачка паэта — Мая Кляшторная
Яніна Германовіч, жонка паэта
Яніна Германовіч, жонка паэта

Хадзілі чуткі, што пры пераезьдзе ён згубіў дачку

«Некаторыя кажуць, што быццам па сваёй раскіданасьці, Тодар пры пераезьдзе з аднэй кватэры на другую згубіў сваю дачку. У гэтым сэнсе нават абвестка вісела некаторы час у доме пісьменьніка». (Алёша. «Літаратурны сілуэт. Тодар Кляшторны». // Чырвоная Беларусь 1932, № 2).

Вокладка кнігі «Сьветацені», 1928 год
Вокладка кнігі «Сьветацені», 1928 год

Арыгінальным чынам вудзіў рыбу

«Тодар змайстраваў дзьве вудачкі і ранічкаю стаў зьнікаць з дому да майго абуджэньня. Даводзілася доўга чакаць на сьнеданьне — гукнеш, а ў адказ маўчаньне. Я пачынаў абшарваць узьбярэжныя кусты. І падгледзеў: Тодар з прыстылай да губіны папяросінай сядзеў на беразе возера і неадрыўна глядзеў, як скача і жывіцца мошкамі рыба. Вуды ляжалі каля яго ненажыўленыя». (Максім Лужанін. «Наш рух — калодзеж непачаты». // «Лім», 1988, № 14, 1 красавіка).

Літаратурнае аб’яднаньне «Ўзвышша». Тодар Кляшторны — чацьвёрты справа ў верхнім радзе. Менск, 1928 год
Літаратурнае аб’яднаньне «Ўзвышша». Тодар Кляшторны — чацьвёрты справа ў верхнім радзе. Менск, 1928 год

Чытаў вершы мэдытатыўна, без аніякіх эмоцый, але публіцы гэта падабалася

«Вершы свае Тодар Кляшторны чытаў ціха, больш унутраным голасам, характэрным толькі для паэтаў. Як кажуць, нейкім бархатным барытонам. Ні жэстаў, ні мімікі не прымяняў. І, нягледзячы на гэта, слухачы яго вельмі добра прымалі. Асабліва тады, калі ён чытаў вершы пра каханьне». (Пруднікаў П. «Далёкае, але не забытае». Мінск, 1988 г.)

У Беларусі захаваўся толькі адзін аўтограф яго верша

«На выстаўцы ў архіве-музэі („Мне наканавана ў песьні дагарэць..“) экспануецца рарытэт — адзіны ў Беларусі аўтограф Т. Кляшторнага, верш „Калі сьпяваюць буруны“, датаваны 1933 г. Ён паступіў у архіў-музэй у 1981 г. ў складзе невялікай калекцыі журналіста Самуіла Шуба. У 1933 г. Шуб працаваў у гарадзкім аддзеле беларускага радыёвяшчаньня, куды для агучаньня ў эфіры і прынёс свой верш Тодар Кляшторны». (Таццяна Кекелева. Ад дакументальнай выстаўкі да стварэння архіўнага фонду Тодара Кляшторнага. // Пра час «Узвышша». Матэрыялы Ўзвышаўскіх чытанняў. Менск, 2003-2004).

Не любіў дзяўчат, якія фарбаваліся

Пра гэта выказваўся ў вершах і ў сваёй клясычнай паэме «Калі асядае муць»:

Не люблю расфарбованых вуснаў,
Не люблю, —
бы чужога гасьця.
За півонь на фальшывым экране
Я ніколі душы не аддам...
...А вось тут, —
Паглядзі па-за намі —
Колькі, колькі
Расьпісаных дам.

(Т. Кляшторны. «Калі асядае муць». // «Узышша» 1927, № 6)

Карыкатура на Тодара Кляшторнага ў часопісе «Маладняк», 1930, № 3
Карыкатура на Тодара Кляшторнага ў часопісе «Маладняк», 1930, № 3

У часы татальнага ганьбаваньня яго твораў многія артадаксальныя крытыкі лічылі, тым ня менш, што ў вершах Кляшторнага больш густу, чым у Жылкі

«Эстэтнічаньне», як і раней, складае вельмі характэрную для ўсяе творчасьці Кляшторнага рыску. У гэтым Кляшторны ў значнай ступені набліжаецца да Жылкі, з той толькі розьніцай, што трэба прызнаць наяўнасьць у Кляшторнага куды большага густу, і таму яго эстэтнічаньне ня носіць таго занадта глуха-местачковага характару, як эстэтнічаньне Жылкі. (Алесь Гародня. «Т. Кляшторны. Сьветацені». // «Полымя», 1928, № 8).

Хацеў задобрыць Лукаша Бэндэ

«На тытульным лісьце зборніка „Ветразі“ — дарчы надпіс Тодара Кляшторнага /.../: „Т. Бэнда! Нас шмат разоў зводзілі сварыцца. Але не магло быць ворагаў у лягеры будаўнікоў сацыялізму. Згуртоўвай, брат, фронт пралетарскай літаратуры, каб мацней ударыць па затхлай групаўшчыне і па ўсякіх перазвоншчыках. Тым, хто шчыра стаў на наш бок, мы павінны дапамагчы вызваліцца ад шкодных уплываў. 27.05. 30 г. Т. Кляшторны“. (Таццяна Кекелева. „Ад дакументальнай выстаўкі да стварэння архіўнага фонду Тодара Кляшторнага“. // Пра час „Узвышша“. Матэрыялы Ўзвышаўскіх чытанняў. Менск, 2003-2004).

Дзеля развалу „Узвышша“ яго адмыслова спойвалі

„Начинает вестись кампания и внутри организации с тем, чтобы разложить ее изнутри. Некоторые из молодых наших членов начинают /.../ приглашать в ЦК партии, „отечески“ беседовать, настраивать всячески против нас и даже подпаивать (особенно склонного к алкоголю молодого поэта Кляшторного). Поведение некоторых из них (того же Кляшторного и проявляющего сильные карьеристские тенденции Лужанина) заставляет нас подозревать, что они даже завербованы ГПУ в качестве агентов-осведомителей. И вот требования „признания ошибок“ начинают настойчиво звучать уже изнутри организации“». (А. Адамовіч. «Мой счет им». / «Уладзімір Дубоўка: ён і пра яго». Менск, 2017).

Верш Тодара Кляшторнага «Нацыянал-дэмакратам» з часопісу «Чырвоная Беларусь», 1930 год
Верш Тодара Кляшторнага «Нацыянал-дэмакратам» з часопісу «Чырвоная Беларусь», 1930 год

Дражніў паэтаў, называючы іх трутнямі

«Седзячы на канапе ў Доме пісьменьніка, ён абвёў прысутных сваім зыркім позіркам і спытаў: — Скажыце, хлопцы, якая роля паэта ў жыцьці народу? /.../ Сяляне нас кормяць хлебам, рабочыя здабываюць вугаль, вырабляюць машыны, будаўнікі будуюць прадпрыемствы, дамы, а мы якую карысьць прыносім? Ядзім хлеб і забаўляемся рыфмаплёцтвам. Трутні...» (Пруднікаў П. «Далёкае, але не забытае». Менск, 1988 г.) Ягоны скепсіс да маладых паэтаў знаходзім у паэме «Калі асядае муць»:

...Яны аб тым цяпер пяюць,
Чаго ня бачылі ніколі.
Ня бачаць на бульвары коз,
З нажом кідаюцца на сонца [намёк на Андрэя Александровіча і яго верш «Лепш ня сунься», дзе паэт пагражаў сонцу: «Лепш ня сунься са мной на нажы!». — В. Дэ Эм.],
З бэтону лепяць сінь нябёс,
І так бясконца, так бясконца.

Група беларускіх паэтаў. У першым радзе (злева направа): М. Хведаровіч, М. Лужанін, З. Астапенка, В. Сташэўскі, А. Звонак, Т. Кляшторны. У другім радзе: П. Глебка, І. Харык, У. Хадыка. 1930 г. (Нацыянальная бібліятэка Беларусі)
Група беларускіх паэтаў. У першым радзе (злева направа): М. Хведаровіч, М. Лужанін, З. Астапенка, В. Сташэўскі, А. Звонак, Т. Кляшторны. У другім радзе: П. Глебка, І. Харык, У. Хадыка. 1930 г. (Нацыянальная бібліятэка Беларусі)

У сваіх вершах апраўдваў сямейную здраду і ману

У зборніку «Ветразі» (1929 г.) знаходзім такія радкі:

Чуеш, у восеньскіх шатах
Клёны гавораць «кахай!»
Хай я сто тысяч — жанаты,
Ты не зважай, не зважай.

А ў вершы «Сямейны прымус» (з таго ж зборніка) чытаем:

/.../ Шмат гадоў пад месяцам манілі,
І цяпер ня скончылі маніць...
Дзе сямейны прымус запалілі,
Там патухлі дальнія агні.

Турэмны здымак Тодара Кляшторнага
Турэмны здымак Тодара Кляшторнага

Падчас службы ў Чырвонай арміі ўцёк з-пад расстрэлу

Гэты момант знайшоў сваё адлюстраваньне ў вершы: «Па сьлядох мінулага» з кнігі «Ветразі»:

Вось там,
У тыя дні
Мяне па тэй аселіцы
Расстрэліваць вялі.
Вялі п’яныя ворагі...
Вакол вароньні баль...
Каму ж
Жыцьцё ня дорага?
Кляшторны,
Стаў на банк!
Бяжы!..
А лес рубінавы
Табе падасьць руку
Пад рогат гільятынавы
Пад сьвісты дзікіх куль.
Вокладка кнігі «Пра зайца, ваўка і мядзьведзя», 1934 год
Вокладка кнігі «Пра зайца, ваўка і мядзьведзя», 1934 год

Дазваляў сабе выпады супраць сталінскай сыстэмы

У паэме «Калі асядае муць» першым з паэтаў адкрыта пісаў, што «Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ — пад ГПУ» (у арыгінале — ДПУ. — РС). У адной з апошніх кніг (казцы «Пра зайца, ваўка і мядзьведзя», 1934 г.) у вобразе зайца паказаў беларускага інтэлігента, які жыве ў атмасфэры татальнага гвалту і страху паміж воўкам і мядзьведзем (мэтафара карнай сыстэмы).

Сярод сяброў-узвышанцаў
Сярод сяброў-узвышанцаў

Аўтар выказвае вялікую падзякуку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Віктару Жыбулю.

Гурт TonqiXod прэзэнтуе на TuzinFM песьню «Імчы, цягнік», напісаную паводле верша Тодара Кляшторнага для праекту «(Не)расстраляная паэзія». ​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG