Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расстраляныя літаратары. Юлі Таўбін, сябар Куляшова, застрэлены ў 26 гадоў


Юлі Таўбін
Юлі Таўбін

Пачвары ненавідзяць прыгожых, дурні зьдзекуюцца з разумных, нікчэмнасьці забіваюць таленавітых. Улада рабоў зьнішчае свабодных. Савецкая ўлада толькі за адну ноч 29-30 кастрычніка 1937 году застрэліла больш за 100 асобаў беларускай эліты. У безыменныя магілы пад курапацкімі хвоямі злачынцы тады закапалі і квецень літаратуры Беларусі. Праз 80 гадоў мы прыгадваем імёны забітых талентаў прыгожага пісьменства.

Юлію Таўбіну і Максіму Багдановічу, зь якім першага параўноўвалі некаторыя літкрытыкі, лёс адмераў аднолькавы век на зямлі — па 26 гадоў. Значная частка іх жыцьця прайшла не ў Беларусі, а ў Расеі. Але Максім памёр ад хваробы, а Таўбін — ад кулі НКВД.

Першая публікацыя Юлія ўбачыла сьвет, калі паэту было 15 гадоў. Ён пачынаў разам з Аркадзем Куляшовым у далёкіх 1920-х, але прызнаньне да яго прыходзіць толькі цяпер.

Габрэй з-пад Варонежа, які перабраўся ў Мсьціслаў

Юдаль — сапраўднае імя Таўбіна. Па нацыянальнасьці габрэй, нарадзіўся ён у расейскім гарадку Астрагоск (Острогожск) пад Варонежам. Бацькам будучага паэта быў аптэкар Абрам, які ў 1921 годзе перабраўся ў Мсьціслаў. Тады Мсьціслаў яшчэ ўваходзіў у склад РСФСР. На новым месцы сям’я Таўбіных мела дом, на першым паверсе якога была аптэка, на другім — жыльлё.

Вывучыў беларускую, пасябраваў з Куляшовым

Юлі Таўбін
Юлі Таўбін

У 1928 годзе, калі Таўбін паступіў у Мсьціслаўскі пэдагагічны тэхнікум, горад ужо чатыры гады належаў да БССР. Гэтулькі ж у рэспубліцы ішла палітыка беларусізацыі. Таўбін пачаў вучыць беларускую мову і пісаць на ёй. Невядома, ці ўмеў ён гаварыць на ідыш (на яго першай бацькаўшчыне не было габрэйскага асяродзьдзя).

У тэхнікуме Таўбін вучыўся разам з Аркадзем Куляшовым і Зьмітром Астапенкам, вядомымі ў гісторыі беларускай літаратуры як тройца або плеяда мсьціслаўцаў. Пачыналі яны ўсе аднолькава: у аршанскай філіі «Маладняку». Чаму ў аршанскай? Бо з 1927 году Мсьціслаў належаў да Аршанскай акругі.

Максім Лужанін лічыў Таўбіна самым культурным сярод літаратараў

Максім Лужанін апісваў Юлія так: «Невысокага росту, кучаравы, з таўставатымі губамі, якімі ён увесь час варушыў, нешта расказваў імі, чытаў свае і не свае радкі, нават сьпяваў, выдумляючы словы і матывы. Разумны. На той час, можа, самы культурны чалавек у нашым асяродзьдзі. Ён жыў кнігаю».

Паступіў у самы беларускі інстытут

Менскі пэдагагічны інстытут. 1920-я — пачатак 1930-х гг.
Менскі пэдагагічны інстытут. 1920-я — пачатак 1930-х гг.

Калі Таўбін вучыўся ў Мсьціслаўскім пэдтэхнікуме, у Менску разварочваліся падзеі, якія потым назавуць пагромам беларускай інтэлігенцыі. Арышты былых дзеячаў БНР, а тады акадэмікаў Беларускай акадэміі навук, — ад Некрашэвіча да Ластоўскага. Спроба самагубства Янкі Купалы...

І на гэтым фоне — яшчэ ня спыненая палітыка беларусізацыі.

Таму, калі Таўбін прыехаў у 1931 годзе ў Менск і паступіў у пэдагагічны інстытут (будынак разьмяшчаўся на месцы цяперашняга тратуару і праезнай часткі праспэкту Незалежнасьці, побач з сучасным жылым домам № 29; пасьля 1944 году ацалелы ў час вайны стары будынак зьнесены), ён яшчэ трапіў пад апошнюю хвалю савецкай беларушчыны — але не разгромленай «нацдэмаўскай», а нібы чыста «пралетарскай».

Студэнта ІІІ курсу Таўбіна арыштавалі ў жніўні 1933 году.

За два гады выйшла пяць ягоных кніг

Часопіс «Маладняк», у якім публікаваўся Ю. Таўбін
Часопіс «Маладняк», у якім публікаваўся Ю. Таўбін

Пачаўшы публікавацца ў 1926 годзе на старонках «Маладняку Калініншчыны», Таўбін паступова стаў вядомы чытачам «Чырвонай зьмены», «Маладняку», «Аршанскага маладняку», «Полымя», «Узвышша», «Іскраў Ільліча», «Беларускага піонэра», «Чырвонай Беларусі». Паэта было многа ў розных выданьнях. Але яшчэ больш яго было ў кнігах. Ва ўласных. У 1930-1932 гадах іх выйшла пяць.

Неапублікаваная кніга 1932 году захавалася ў архіве Бэндэ

Увогуле ж за 1930-1932 гады мусіла выйсьці шэсьць Таўбінавых зборнікаў. Адзін зь іх выявіў у фондах Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва Віктар Жыбуль у фондзе Лукаша Бэндэ. Гэта «Лірыка. Эпас».

Картка Галоўліту да нявыдадзенай кнігі Ю. Таўбіна «Лірыка. Эпас»
Картка Галоўліту да нявыдадзенай кнігі Ю. Таўбіна «Лірыка. Эпас»

У 1932 годзе кніга рыхтавалася да друку ў Беларускім дзяржаўным выдавецтве. У яе мусілі ўвайсьці раней апублікаваныя ў пэрыёдыцы вершы. Але рукапіс так і не дайшоў да друкарні, хоць на ім стаіць штамп за 29 лістапада 1932 году: «Падпiсана ў друк».

Уваходзіў у БелАПП і ТаВіЗ

У Менску Таўбін уступіў у Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменьнікаў, якая прыйшла на зьмену ўсім ранейшым творчым аб’яднаньням — «Маладняку», «Узвышшу», «Полымю». Гэта быў правобраз будучага Саюзу савецкіх пісьменьнікаў БССР. Паводле сьведчаньня аднаго зь літаратараў таго часу Юркі Віцьбіча, Таўбін быў адначасова і сябрам нефармальнага літаратурнага згуртаваньня ТаВіЗ — Таварыства аматараў выпіць і закусіць. У гэтай суполцы зьбіраліся Тодар Кляшторны, Міхась Багун, Уладзімер Хадыка, Васіль Каваль, Алесь Дудар, Валеры Маракоў, Эдуард Самуйлёнак ды інш. Літаратараў гэтых можна было сустрэць пры адным стале ў шашлычнай на вул. Камсамольскай, у піўной на вул. Савецкай. Бывала, і ў рэстаране Дома пісьменьніка.

З Куляшовым і Астапенкам пісаў казкі для дзяцей

«Байка пра зайку» Ю. Таўбіна і А. Куляшова ў часопісе «Беларускі піонэр» (№ 1, 1929 г.)
«Байка пра зайку» Ю. Таўбіна і А. Куляшова ў часопісе «Беларускі піонэр» (№ 1, 1929 г.)

Бадай, самая малавядомая старонка творчасьці Таўбіна — яго супольныя з Куляшовым і Астапенкам байкі і казкі, напісаныя для дзяцей. У 1929 годзе, напрыклад, у часопісе «Беларускі піонэр» выйшлі верш у сааўтарстве з Куляшовым «Байка пра зайку» і казка «Пра мядзьведзя Самуся», прыдуманая разам з Астапенкам.

Шушкевіч называў Таўбіна «камсамольскім паэтам», а Кучар вінаваціў у «нянавісьці да дыктатуры пралетарыяту»

Аўтограф Л. Бэндэ на адной з кніг зь яго архіву. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва
Аўтограф Л. Бэндэ на адной з кніг зь яго архіву. З фондаў Беларускага дзяржаўнага архіву-музэю літаратуры і мастацтва

«Камсамольскім паэтам», паводле некаторых зьвестак, называў Таўбіна Станіслаў Шушкевіч-старэйшы, зь якім яны вучыліся ў пэдінстытуце. І ў той жа час крытык Н. Кабакоў у часопісе «Маладняк» у 1931 годзе першы зборнік Таўбіна «Вершы» (Менск, 1930) ацэньваў нэгатыўна, бо не знайшоў у ім твораў, якія «адбівалі б вялікую эпоху пабудовы соцыялізму». Кабакоў цкаваў Таўбіна за «ясеніншчыну, багемшчыну, дробнабуржуазны індывідуалізм і замкнёнасьць». На абарону Таўбіна на старонках «Полымя» паўстаў Сьцяпан Ліхадзіеўскі (празь некалькі гадоў іх адправяць у адным вагоне ў ссылку ў Сыбір): «Тав. Кабакоў перад Таўбіным высоўвае такія патрабаваньні, якія можна паставіць толькі ўжо яскрава выяўленаму пралетарскаму паэту. Рэцэнзэнт ня ўлічвае таго, што Таўбін пралетарскім паэтам ня быў і не зьяўляецца ім яшчэ і на сёньняшні дзень». Зрэшты, згодна з завядзёнкай савецкай эпохі, трэба было абавязкова хоць у нечым аўтара папікнуць. С. Ліхадзіеўскі зрабіў яму вымову за «парушэньне цьвёрдага камсамольскага статуту» ў вершы «Лірычнае хваляваньне» (1929), у якім «паэт адчыніў доступ хаотычнай стыхіі пачуцьцяў, ня змог зь імі саўладаць пры дапамозе клясава-абумоўленай рацыі».

У 1933 годзе, калі Таўбін ужо быў рэпрэсаваны, вядомы ў той час крытык Алесь (Айзік) Кучар ў кнізе «Вялікая перабудова» ўшчуваў Юлія за «актыўнае ігнараваньне нашай рэчаіснасьці, захапленьне буржуазнай гнілой і прадажніцкай культурай, замыканьне ў кола сваіх псыхалягічна-хворых успрыйманьняў, рамантычнае эстэцтва», што вынікае нібы зь «нянавісьці... да дыктатуры пралетарыяту».

Перакладаў ня менш, чым сам пісаў

Рукапіс Ю. Таўбіна. 1931 год
Рукапіс Ю. Таўбіна. 1931 год

Аляксей Зарыцкі ўспамінаў, што Юлі пераствараў паэзію Пушкіна, Міцкевіча, Бэранжэ, Вэрлена, Байрана, Шэлі, Шылера. З апублікаваных перакладаў Таўбіна на беларускую вядомыя творы яго сучасьнікаў — беларускіх габрэйскіх пісьменьнікаў Ізі Харыка (1929) і Зэліка Аксэльрода (1932), Маякоўскага (1930) і іншых расейцаў.

У 1932-1933 гадах Таўбін апублікаваў пераклады вершаў немцаў Гётэ і габрэя паводле паходжаньня Гайнрыха Гайнэ. У 1933 годзе нямецкія нацысты публічна палілі кнігі Гайнэ, а менскія бальшавікі ў гэты час арыштавалі Таўбіна... Таму ня выйшаў зборнік паэзіі Гайнэ, які рыхтаваў Юлі.

Жыў у Менску на вуліцы Розы Люксэмбург

Будынак 1930-х гг. на 2-м зав. Розы Люксэмбург, 7 у Менску. Фота Дзьмітрыя Ласько
Будынак 1930-х гг. на 2-м зав. Розы Люксэмбург, 7 у Менску. Фота Дзьмітрыя Ласько

Паводле ўспамінаў Сяргея Грахоўскага: «Ён тады разам з Астапенкам i Куляшовым жыў у прыватным пакойчыку на вулiцы Розы Люксэмбург. Тры мсьцiслаўцы былi амаль неразлучныя. У тыя гады вулiца Люксэмбург была своеасаблiвым беларускiм Парнасам: там кватаравалi Пятро Глебка, Таўбiн, Астапенка, Куляшоў, Сяргей Дарожны, Вiктар Казлоўскi, Лужанiн i цэлая чарада маладзейшых паэтаў наймала пакойчыкi i катушкi ў менскiх чыгуначнiкаў i рамесьнiкаў за пераездам».

Двойчы арыштаваны і двойчы рэабілітаваны

Ю. Таўбін (справа) у ссылцы ў Цюмені. 1935 год
Ю. Таўбін (справа) у ссылцы ў Цюмені. 1935 год

Архівісты яшчэ мусяць высьветліць акалічнасьці жыцьця Таўбіна паміж 25 лютага і 10 жніўня 1933 году — датамі арышту і ссылкі зь Менску ў Цюмень. Паводле дачкі Аркадзя Куляшова Валянціны, прычынаю арышту стаў ліст з-за мяжы ад цёткі, якая нібы пераехала з Польшчы ў Амэрыку.

У Сыбір Таўбіна ссылалі не аднаго, але і яго сяброў Зьмітра Астапенку, Сяргея Астрэйку, Міхася Кавыля, Сьцяпана Ліхадзіеўскага, Лукаша Калюгу, Максіма Лужаніна, Уладзімера Сядуру. Як успамінаў Лужанін, у верасьні 1933 году яны ехалі ў адным вагоне... Але назад, у Менск, вярнуліся нямногія.

Яшчэ адна цёмная старонка яго пакут — з 4 лістапада 1936-га да 29 кастрычніка 1937-га, паміж датамі паўторнага арышту ў Расеі, этапаваньня ў Менск і расстрэлу.

Рэабілітаваны паэт у першай справе 24 жніўня 1956-га, у другой — 29 ліпеня 1957-га.

Празь некалькі дзён пасьля расстрэлу Таўбіна ў Менску ў Ленінградзе выйшла ягоная публікацыя

Будынак НКУС БССР — сёньняшняга Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь у Менску на былой вуліцы Ўрыцкага (цяпер Гарадзкі вал), дзе Ю. Таўбіну вынесьлі апошні прысуд
Будынак НКУС БССР — сёньняшняга Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь у Менску на былой вуліцы Ўрыцкага (цяпер Гарадзкі вал), дзе Ю. Таўбіну вынесьлі апошні прысуд

У высылцы ў Цюмені Таўбін пісаў па-расейску. У 1934-1935 гадах напісаў паэмы «Михайло» і «Осада». У друку зьявіліся два яго расейскамоўныя вершы — «Друзьям» (часопіс «Знамя», № 5 за 1936 г.) і «Тедди» («Огонек», № 22 за 1936 г.).

Рэжысэр цюменскага тэатру Ўладзімір Мас успамінаў Таўбіна: «Калі я пачуў яго вершы, яны мяне ўразілі. Уразілі перш за ўсё тым, што былі адзначаныя пячаткай сталага майстэрства і бездакорнага густу ... У гэтым невялікага росту, ціхім, несамавітым, вельмі прыгнечаным і таму сумным юнаку я адразу адчуў чалавека вельмі высокай культуры, вельмі тонкага інтэлекту, рэдкага паэтычнага таленту».

У той час Таўбін перакладаў на расейскую мову ірляндзкага англамоўнага паэта, нобэлеўскага ляўрэата 1923 году Ўільяма Батлера Ейтса.

У 1937 годзе ў Ленінградзе рыхтавалася «Антология новой английской поэзии». Для яе Таўбін перакладаў вершы ангельца Альфрэда Эдварда Хаўсмана. Кніга ўбачыла сьвет — праз 20 дзён пасьля расстрэлу Юлія.

Імя Таўбіна ў савецкую беларускую літаратуру вярнуў яго сябар Аркадзь Куляшоў

Ю. Таўбін. «Выбранае» (Менск, 1969 г.)
Ю. Таўбін. «Выбранае» (Менск, 1969 г.)

Аркадзь Куляшоў у 1965 годзе напісаў верш «Маналёг», прысьвечаны памяці сваіх таварышаў — Юлія Таўбіна і Зьмітра Астапенкі. Ёсьць у ім такія радкі:

Сябры мае! Пад пустак дыванамі
Ці не абрыдла безназоўнасьць вам?
Дзе дзьверы, што замкнуліся за вамі?
Як вас знайсьці? Якіх пытацца брам?
[...]
Няма куды сваю жалобу ўскласьці
Ні жонкам, ні знаёмым, ні бацькам.
Сябры мае, хіба аб гэтым шчасьці
У маладосьці марылася нам?
[...]
Адзіным дрэвам дружбы мы расьлі.
З трох два сукі сякера сьмерці сьсекла.

Першы зборнік твораў Таўбіна ў Менску пасьля яго рэабілітацыі выйшаў у 1957 годзе дзякуючы Куляшову. Наступны раз творы Юлія ў Менску ўбачылі сьвет у 1969-м. А потым настала цішыня — на паўстагодзьдзя.

Імя Таўбіна у сучасную беларускую літаратуру вярнуў Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч на прэзэнтацыі кнігі Ю. Таўбіна ў Магілёве. 26 верасьня 2017 году
Андрэй Хадановіч на прэзэнтацыі кнігі Ю. Таўбіна ў Магілёве. 26 верасьня 2017 году

Новы зборнік Таўбіна ўклаў Андрэй Хадановіч, уключыўшы ў яго вершы, фрагмэнты з трох паэм. Кніга ўбачыла сьвет у сэрыі «Паэты плянэты», якую заснаваў выдавец Зьміцер Колас. Рэдактарам выступіў знаўца літаратуры 1920-1930-х гадоў Віктар Жыбуль.

Сваякі жывуць у Ізраілі

Зборнік паэзіі Ю. Таўбіна з сэрыі «Паэты плянэты» (Менск, 2017)
Зборнік паэзіі Ю. Таўбіна з сэрыі «Паэты плянэты» (Менск, 2017)

У 1965 годзе пляменьнік Юлія Марк шукаў сьляды дзядзькі: «Я яго ніколі ня ведаў, бо нарадзіўся ў 1940 г., а мой бацька Ільля Таўбін загінуў на фронце ў 1941 г. Але мая маці расказвала мне пра Юлія і казала, што ён, паводле неправераных зьвестках, загінуў у зьняволеньні. Пераканаўча прашу напісаць мне ўсё пра лёс Юлія Таубина. Можа быць, цудоўным чынам ён застаўся жывы, а я проста не ведаю пра яго існаваньне, як і ён пра маё. Больш нікога зь сям’і Таўбіных не засталося, бо мая бабуля — маці Юлія і майго бацькі — была расстраляная немцамі ў Мсціславе ў 1941 г.». Зварот быў адрасаваны аднаму зь пісьменьнікаў.

У нашы дні, як расказаў Андрэй Хадановіч, сваякі Таўбіна знайшліся ў Ізраілі. Там жыве стрыечная ўнучка паэта — Марына-Мірыям Мінакер, якая вельмі ўсьцешылася зьяўленьню ў Менску збору твораў Юлія.

Верш Таўбіна, прысьвечаны Зьмітру Астапенку, зрабіў песьняй Лявон Вольскі

На відэа: Лявон Вольскі выконвае песьню на верш Ю. Таўбіна «Ты помніш»

У ліпені 1929 году Юлі Таўбін напісаў верш, прысьвечаны Зьмітру Астапенку.

І мы жылі... І мы любілі...
І несьлі прагу і любоў...
Часы дзяціных сноў-ідылій
Да нас ня вернуцца ізноў...

Усе артыкулы спэцпраекту «Расстраляныя літаратары»: Тодар Кляшторны, Міхась Зарэцкі, Мойша Кульбак, Алесь Дудар, Ізі Харык, Анатоль Вольны, Міхась Чарот

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG