Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Лукашэнка два гады таму патрабаваў ліквідаваць чэргі на замену суставаў. Стала вядома, колькі беларусаў чакаюць такія апэрацыі

Лукашэнка два гады таму патрабаваў ліквідаваць чэргі на замену суставаў. Стала вядома, колькі беларусаў чакаюць такія апэрацыі


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

У Беларусі цяпер у лістах чаканьня на эндапратэзаваньне знаходзяцца 19 тысяч 797 пацыентаў. Такая лічба была агучаная на нарадзе па выніках працы траўматоляга-артапэдычнай службы Беларусі за 2024 год і задачах на 2025 год. Справаздачу з нарады публікуе «Медицинский вестник».

Галоўны пазаштатны траўматоляг-артапэд Міністэрства аховы здароўя Міхаіл Герасіменка паведаміў, што ў канцы 2024 году ў бальніцах і клініках працавалі 750 лекараў-траўматолягаў-артапэдаў, зь іх 111 дактароў аказвалі дапамогу дзецям.

Укамплектаванасьць, паводле Герасіменкі, склала 71,2 адсотка, а кваліфікацыйныя катэгорыі былі ў 79,1% лекараў. Апэратыўнай тэхнікай эндапратэзаваньня тазасьцегнавых і каленных суставаў у краіне валодаюць 246 лекараў-траўматолягаў-артапэдаў (на травень 2022-га іх было 170).

Міхаіл Герасіменка адзначыў, што на 23 траўня 2023 году ў чарзе на замену суставаў знаходзіліся 29 тысяч 862 чалавекі, але, сказаў ён, «праводзіцца актыўная працуа па скарачэньні колькасьці пацыентаў у лістах чаканьня і тэрмінаў чаканьня (сёньня не перавышае 12 месяцаў»).

Міхаіл Герасіменка дадаў, што эндапратэзаваньне буйных суставаў, якое адносіцца да сацыяльна значных апэрацый у Беларусі, робяць у 46 клініках. Сярод задач на 2025 год — скарачэньне часу чаканьня на эндапратэзаваньне тазасьцегнавага сустава да шасьці месяцаў, каленнага — да 12 месяцаў. На іншыя плянавыя апэрацыі, сказаў ён, будзе прадугледжана да месяца.

У сувязі з гэтай інфармацыяй партал «Зеркало» нагадвае, што ў Беларусі ня першы год не ўдаецца вырашыць пытаньне з чэргамі на замену суставаў. Раней у траўні 2023-га Аляксандр Лукашэнка патрабаваў да канца 2024 году праапэраваць усіх, хто на той момант стаяў у чарзе на эндапратэзаваньне буйных суставаў.

Справа артапэдаў

  • У сакавіку 2022 году ў рамках так званай «справы артапэдаў» затрымалі 35 лекараў па ўсёй Беларусі. Іх абвінавацілі ў атрыманьні хабару за лабіяваньне эндапратэзаў пэўных вытворцаў.
  • Прыватным клінікам (за выключэньнем «Мерсі», зьвязанай зь сям’ёй Лукашэнкі) забаранілі ставіць імпартныя пратэзы. «Мерсі» на нейкі час стала адзінай клінікай у Беларусі, якая па-ранейшаму ставіла імпартныя пратэзы, але ў тры разы даражэй, чым да таго ў дзяржаўных бальніцах.
  • Пасьля гэтага зьявіўся загад Мінздароўя, паводле якога ўсе імпартныя пратэзы павінны былі набывацца толькі празь дзяржаўнае прадпрыемства «Белмэдтэхніка». Жыцьця пацыентам гэта ніяк не аблягчыла — толькі чэргі на пратэзаваньне суставаў сталі нашмат большыя.
  • 27 лютага 2023 кіраўніца сталай камісіі парлямэнту па ахове здароўя, фізкультуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Людміла Макарына-Кібак паведаміла, што нямецкія кампаніі адмовіліся пастаўляць у Беларусь пратэзы тазасьцегнавых суставаў і «нават лякалы», на аснове якіх пратэзы выраблялі ў Беларусі. Паводле яе, улады працягваюць перамовы зь імі, а таксама пачалі разглядаць у якасьці магчымых альтэрнатыўных пастаўшчыкоў Кітай і Індыю.
  • Сёлета 23 траўня Лукашэнка зрабіў чарговы разнос мэдыкам і загадаў на працягу году зрабіць пратэзаваньне суставаў усім, хто мае ў гэтым патрэбу і стаіць у чарзе.
  • У траўні 2023 году стаў вядомы прысуд двум траўматолягам зь Берасьця, якіх таксама затрымалі ў сакавіку 2022 году і асудзілі паводле падобных абвінавачаньняў. Загадчыка траўматалягічнага аддзяленьня Берасьцейскай цэнтральнай гарадзкой бальніцы Андрэя Варановіча асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі», а былога галоўнага траўматоляга вобласьці Сяргея Кісяля — на 4 гады калёніі з адтэрміноўкай на 2 гады, а таксама на вялізны штраф.
  • У жніўні 2023 году сталі вядомыя прысуды яшчэ тром траўматолягам Менскага абласнога шпіталя. Прозьвішчы лекараў дакладна не вядомыя, бо ў апублікаваным прысудзе прыводзяцца толькі ініцыялы. Усе яны працавалі ў Менскім абласным шпіталі: М. і А. былі там у штаце, а Б., будучы дацэнтам катэдры траўматалёгіі і артапэдыі БелМАПА, прымаў у шпіталі пацыентаў і праводзіў апэрацыі. У чэрвені 2023 гооду па выніках судоў М., Б. і А. прызначылі па два з паловай гады «хатняй хіміі» са штрафам 500 базавых велічынь кожнаму (18 500 рублёў) без пазбаўленьня права займаць пэўныя пасады. Пры гэтым паводле амністыі кожнаму зьнялі па годзе пакараньня — засталося 1,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG