Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам зарэгістраваў офіс «першага беларускамоўнага ўнівэрсытэту»


Старшыня Таварыства Беларускай мовы (ТБМ) Алег Трусаў
Старшыня Таварыства Беларускай мовы (ТБМ) Алег Трусаў

Менскія ўлады зарэгістравалі юрыдычны адрас будучага беларускамоўнага ўнівэрсытэту «Альбарутэнія». Офіс разьмяшчаецца ў Партызанскім раёне сталіцы на вуліцы Шчарбакова, 32. Днямі туды пачнуць завозіць мэблю і павесяць адпаведную шыльду.

Функцыі рэктара «Альбарутэніі» выконвае старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў. «Калі ўлада ня хоча ствараць дзяржаўныя ўстановы, трэба ствараць прыватныя», — сходу патлумачыў ён галоўную ідэю адукацыйнага праекту.

Унівэрсытэт «Альбарутэнія»: новы этап адукацыі на роднай мове

— Спадар Трусаў, трэба разумець, што гэта ўсё ж не зусім тое, чым яшчэ з 1990-х заклапочанае грамадзтва, — Нацыянальны дзяржаўны ўнівэрсытэт зь беларускай мовай навучаньня...

Калі дзяржава ня бачыць патрэбы ствараць дзяржаўны ўнівэрсытэт зь беларускай мовай навучаньня, мы хочам стварыць прыватны аналяг.

— У гэтым выпадку сэнс вельмі просты: калі дзяржава ня бачыць патрэбы ствараць дзяржаўны ўнівэрсытэт зь беларускай мовай навучаньня, мы хочам стварыць прыватны аналяг. Сёньня ў краіне прыватных унівэрсытэтаў каля дзесяці, чаму не стварыць адзінаццаты?

Нейкі час таму пачалі актыўна гэтым займацца, самы першы крок ужо зроблены — мы атрымалі офіс, маем назву. Пакуль гэта структурнае падразьдзяленьне ТБМ «Унівэрсытэт „Альбарутэнія“». Менавіта пад такой назвай атрымалі памяшканьне, і на днях ужо будзем туды заяжджаць. Потым падаём заяву на статут і гэтак далей па сьпісе. Сам статут ужо гатовы, праз пэўны час панясём яго на рэгістрацыю.

— Якім будзе адукацыйны ўхіл? Гуманітарны, тэхнічны, плянуюцца нейкія спэцыялізацыі?

— Арыентацыя на клясычны ўнівэрсытэт. Асноўныя факультэты будуць гуманітарнага кірунку. Таксама ня выключаны факультэт «ІТ-тэхналёгій»: па-першае, сёньня імі займацца вельмі важна, па-другое, ва ўсім сьвеце дастаткова беларускамоўных спэцыялістаў. Ня выключаныя і некаторыя элемэнты мэдычнай скіраванасьці — кшталту псыхалёгіі, псыхатэрапіі і г.д.

Спачатку зьбіраемся працаваць зь невялікай колькасьцю студэнтаў. То бок, як атрымаем дазвол на адукацыйную дзейнасьць, пачнём з магістратуры. На першым этапе трэба падрыхтаваць магістраў, каб у пэрспэктыве яны сталі выкладчыкамі нашага ўнівэрсытэту. Наогул заплянавана шмат стадый, але першы крок, як я ўжо казаў, зроблены: мы маем асобны офіс, там будзе засядаць аргкамітэт, праходзіць пасяджэньні. Карацей кажучы, пачнуць працаваць людзі, будзе ўсталяваная неабходная тэхніка. Як ствараецца любы прыватны ўнівэрсытэт: спачатку юрыдычны адрас, потым статут, ліцэнзія і г.д.

— У якой пэрспэктыве можна весьці гаворку пра першых студэнтаў-магістрантаў?

Наша задача відавочная: праз пару гадоў пасьля старту падрыхтаваць беларускамоўных выкладчыкаў новага сьветапогляду — з эўрапейскім поглядам на адукацыю.

— Натуральна, пакуль няма зарэгістраванага статуту, няма адпаведнага дазволу, пра ўсё можна казаць толькі з прыцэлам на аглядную будучыню. А калі ўсё гэта будзе зроблена, адразу ж пачнём набіраць студэнтаў магістратуры. Гэта тыя, хто ўжо скончыў бакаляўрыяты ў замежных ці беларускіх унівэрсытэтах. Наша задача відавочная: праз пару гадоў пасьля старту падрыхтаваць беларускамоўных выкладчыкаў новага сьветапогляду — з эўрапейскім поглядам на адукацыю.

Рэктар на грамадзкіх пачатках: стварыць умовы для дзейнасьці

— З улікам, што менавіта вы выконваеце значную частку арганізацыйнай працы, можна дапусьціць, што будзеце і рэктарам гэтай установы?

— Пакуль што я і зьяўляюся гэтым рэктарам — праўда, на грамадзкіх пачатках. Аргкамітэт прапанаваў мне выконваць функцыю рэктара, на маё імя зарэгістраваны новы офіс, менавіта я падпісваў усе дакумэнты. Ну а там жыцьцё пакажа...

— Якую колькасьць студэнтаў можа прыняць унівэрсытэт? Ці будзе адукацыя платнай?

— Пакуль мяркуем прыняць некалькі сотняў магістрантаў — ад 200 да 300 чалавек. А калі праз пару гадоў яны скончаць, то будзем залежаць ад розных абставінаў. Паколькі ўнівэрсытэт прыватны, натуральна, усе студэнты за навучаньне будуць плаціць — як і ва ўсіх падобных установах. І я лічу, што гэта добра: адразу адсейваюцца ўсе халяўшчыкі. Значыць, паступленьне на агульных асновах, але не забывацца пра камэрцыйны складнік. Сыстэма аплаты прыблізна як у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце — з сыстэмай зьніжак, прэфэрэнцый і г.д.

Дарэчы, магу сказаць, што ў нашым аргкамітэце нямала былых выкладчыкаў ЭГУ — нават з кіраўніцтва ўнівэрсытэту. Гэтыя людзі разышліся з Анатолем Міхайлавым (рэктар ЭГУ. — РС) у нацыянальным пытаньні і мусілі ўстанову пакінуць. Зь імі вельмі лёгка працаваць, таму што яны ведаюць усе нюансы. Ну а мы адпачатку маем досьвед заходняй адукацыі, бо яны цудоўна ведаюць ангельскую, францускую, нямецкія мовы, некаторыя выкладаюць у эўрапейскіх ВНУ. Працаваць зь імі — адно задавальненьне.

— Якая верагоднасьць таго, што ў працэсе легалізацыі не пачнуць узьнікаць «пазаштатныя сытуацыі»?

Мы разьлічваем на яшчэ адзін эфэкт: калі запусьцім прыватны ўнівэрсытэт, то і дзяржава створыць Нацыянальны дзяржаўны ўнівэрсытэт. Як створым прыватнае, то неўзабаве і дзяржава пабяжыць наперадзе. Так заўжды было...

— Тое, што пачнуць устаўляць палкі, гэта стопрацэнтна. Нават не сумняваюся, што па ходу пачнуць рабіць розныя паскудзтвы. Тым ня менш мы разьлічваем на яшчэ адзін эфэкт: калі запусьцім прыватны ўнівэрсытэт, то і дзяржава на чале зь Ігарам Марзалюком (старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у адукацыі, культуры і навуцы. — РС) створыць Нацыянальны дзяржаўны ўнівэрсытэт.

Тым больш наша пазыцыя адназначная: трэба выстройваць усю беларускамоўную дзяржаўную сетку — ясьлі, садок, гімназія, ліцэй, унівэрсытэт. На зьезьдзе ТБМ, які адбудзецца 29 кастрычніка ў Менску, плянуем прыняць адмысловую рэзалюцыю з заклікам да спраўных людзей укладаць грошы ў стварэньне прыватных дашкольных, школьных, спэцыяльных і вышэйшых установаў. Гэта дазволена законам.

Яшчэ раз паўтаруся: раз дзяржава катэгарычна супраць усяго беларускага, то мы справімся ў прыватным парадку. А як створым прыватнае, то неўзабаве і дзяржава пабяжыць наперадзе. Так заўжды было...

— Спадар Трусаў, паўстае лягічнае пытаньне: хто плаціць за «банкет»?

— Пакуль спраўляемся сваімі сіламі, бо гаворка толькі пра юрыдычную адрэсу. Арэнда памяшканьня ў будынку ЖРЭА выліваецца дзесьці ў 200 рублёў на месяц. Думаю, сіламі сябраў ТБМ і неабыякавых грамадзянаў такія грошы знойдзем.

Папярэдне дамова заключаная на тры гады — гэта час з запасам для тэхнічнай працы, каб атрымаць дазвол на дзейнасьць установы адукацыі. Вядома, калі ўнівэрсытэт пачне працаваць, выдаткі будуць зусім іншыя. Але ў нас ужо ёсьць унутраныя і міжнародныя спонсары, якія будуць дапамагаць. У іншым выпадку такі фінансаёмісты працэс быў бы неабачлівай авантурай...

Рашэньне аб рэгістрацыі структурнага падразьдзяленьня ТБМ «Унівэрсытэт „Альбарутэнія“» Менскі гарвыканкам прыняў 11 верасьня. Менавіта гэтую дату Анатоль Трусаў і паплечнікі прапануюць лічыць пачаткам першага беларускамоўнага ўнівэрсытэту ў найноўшай гісторыі незалежнай Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG