Ён у прыватнасьці адзначыў, што падчас знаходжаньня ў Менску беларускі і чачэнскі бакі разгледзяць пытаньне паглыбленьня прамысловай каапэрацыі.
Беларусь гатовая значна павялічыць пастаўкі ў Чачню грузавой, сельскагаспадарчай і транспартнай тэхнікі. Таксама яна можа прапанаваць сваіх спэцыялістаў, якія маглі б праектаваць новыя абʼекты ў Чачні і працаваць на іх.
Кадыраў пра Лукашэнку: і ў Чачні ён «бацька»
У лістападзе 2016 году кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь-1» заявіў, што гатовы наведаць Беларусь, а таксама запрасіў Аляксандра Лукашэнку ў Чачню.
«Нас сапраўды два разы запрашалі, нашы спэцыялісты ў розных напрамках працавалі, але, на вялікі жаль, з розных прычынаў не атрымалася. Я абавязкова прыеду ў Беларусь тады, калі гэта будзе зручна для кіраўніцтва Беларусі. Я ўпэўнены, што неўзабаве мы паедзем у выправу (у Беларусь. — РС). Карыстаючыся нагодай, я запрашаю Аляксандра Рыгоравіча наведаць Чачэнскую Рэспубліку. Гэта будзе для нас вельмі важна і палітычна, і эканамічна», — сказаў ён.
Кадыраў тады заявіў, што Лукашэнку паважаюць ня толькі ў Беларусі, але і за яе межамі: «Як у народзе яго называюць „бацька“, так ён і тут „бацька“. Яго ўсюды чакаюць, слухаюць і чуюць».
Хто такі Кадыраў
40-гадовага Рамзана Кадырава абвінавачваюць у карупцыі, масавых парушэньнях правоў чалавека, забойствах палітычных апанэнтаў і нават асабістым удзеле ў катаваньнях людзей. Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што ён фактычна пабудаваў у межах Чачні таталітарную дзяржаву.
У першую чачэнскую вайну (1994–1996 г.) Рамзан Кадыраў ваяваў за сэпаратыстаў, а падчас другой перайшоў на бок фэдэральнага ўраду — яму нават надалі званьне Героя Расеі. Перш чым стаць прэзыдэнтам Чачні, Кадыраў быў кіраўніком службы бясьпекі прэзыдэнта Чачэнскай Рэспублікі і прэм’ер-міністрам Чачні.
У 2014 годзе Кадыраў падпаў пад санкцыі ЭЗ і ЗША ў сувязі з украінскімі падзеямі.