Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь-1» заявіў, што гатовы наведаць Беларусь, а таксама запрасіў Аляксандра Лукашэнку ў Чачню.
«Нас сапраўды два разы запрашалі, нашы спэцыялісты па розных напрамках працавалі, але, на вялікі жаль, у нас з розных прычын не атрымалася. Я абавязкова прыеду ў Беларусь тады, калі гэта будзе зручна для кіраўніцтва Беларусі. Я ўпэўнены, што бліжэйшым часам мы паедзем у камандзіроўку (у Беларусь. — РС). Карыстаючыся нагодай, я запрашаю Аляксандра Рыгоравіча наведаць Чачэнскую Рэспубліку. Гэта будзе для нас вельмі важна і палітычна, і эканамічна», — сказаў ён.
Кадыраў заявіў, што Лукашэнку паважаюць ня толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі:
«Мы бачым, як ён абараняе інтарэсы сваёй дзяржавы. Як бы ні імкнуліся заходнія краіны націснуць на дзяржаву, выступаць у якасьці дэмакратаў і абараняць інтарэсы народу, Лукашэнка ўсё роўна паказвае, што ён як ніхто хварэе за народ. Яго валявыя рашэньні, яго патрыятызм, любоў да народу, аўтарытэт прымушаюць паважаць Лукашэнку ня толькі ў сябе на радзіме, але і па-за яе межамі. У прыватнасьці, у Чачні яго ўсе любяць і паважаюць. Як у народзе яго называюць „Бацька“, так ён і тут „Бацька“. Яго ўсюды чакаюць, слухаюць і чуюць».
40-гадовага Рамзана Кадырава абвінавачваюць у карупцыі, масавых парушэньнях правоў чалавека, забойствах палітычных апанэнтаў і нават асабістым удзеле ў катаваньнях людзей. Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што ён фактычна пабудаваў у межах Чачні таталітарную дзяржаву.
У Першую чачэнскую вайну (1994–1996 г.) Рамзан Кадыраў ваяваў за сэпаратыстаў, а падчас Другой чачэнскай вайны перайшоў на бок фэдэральнага ўраду — яму нават надалі званьне Героя Расеі. Перш чым стаць прэзыдэнтам Чачні, Кадыраў быў кіраўніком службы бясьпекі прэзыдэнта Чачэнскай Рэспублікі і прэм’ер-міністрам Чачні.
У 2014 годзе Кадыраў падпаў пад санкцыі ЭЗ і ЗША ў сувязі з украінскімі падзеямі.