Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 асаблівасьцяў Чачні Кадырава: дзесяць гадоў кіраваньня


Якой стала Чачня пры Кадыраве: 7 фактаў, якія складана аспрэчыць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:51 0:00

Якой стала Чачня пры Кадыраве: 7 фактаў, якія складана аспрэчыць

За дзесяць гадоў Грозны ператварыўся ў раскошны эўрапейскі горад, Рамзан Кадыраў — у аднаго з галоўных ньюзмэйкераў, рэспубліка — у адну з самых закрытых для незалежных СМІ. Дасьледаваньне «Настоящего времени».

677 млрд расейскіх рублёў ($ 12 млрд) — такую суму Чачня атрымала з фэдэральнага бюджэту Расеі ад 2006 да 2016 году. Рэспубліка ўжо шмат гадоў застаецца адной з самых датацыйных. Летась больш грошай з Масквы атрымала толькі Інгушэція.

Залежнасьць бюджэту рэгіёну ад дапамогі з цэнтру — гэта, мабыць, адзіны дакладна вядомы факт аб чачэнскай эканоміцы: на бязвыплатныя трансфэрты прыпадае ў сярэднім 87% даходаў рэгіёну.

Грошы Чачня атрымлівае па розных артыкулах:

— празрыстым чынам, напрыклад, дзяржаўная праграма разьвіцьця Паўночнага Каўказу да 2025 году;

— непразрыстым, разьмеркаваным уручную, напрыклад, так званая датацыя «на збалянсаванасьць бюджэту» (яе прыдумалі спэцыяльна для Чачні і Крыму).

Мінфін хацеў паменшыць фінансаваньне Чачні ў 2017 годзе, але Кадыраў выступіў супраць гэтых плянаў.

«Калі і далей працягнецца практыка абразаньня бюджэту, рэспубліка ня зможа разьвівацца, нам ня ўдасца выканаць узятыя на сябе сацыяльныя абавязаньні», — казаў тады Рамзан Кадыраў.

У выніку Чачня і Крым зрабіліся атрымальнікамі найбуйнейшых фэдэральных датацый у гэтым годзе: фінансаваньне Чачні (без уліку розных субсыдый, якія ёй належаць нароўні зь іншымі рэгіёнамі) склала 40,5 мільярдаў расейскіх рублёў.

Чачня беспрацоўная, але зарабляе

Паводле афіцыйных дадзеных, за апошнія 10 гадоў жыцьцё ў рэспубліцы значна палепшылася: насельніцтва вырасла амаль на 20%, даходы грамадзян — на цэлых 177%.

У жніўні Кадыраў даў справаздачу Пуціну аб скарачэньні беспрацоўя да сярэднерасейскага паказьніка 1,3%. Чачэнстат публікуе іншыя дадзеныя — 9,2%. Але важна іншае — гаворка ідзе пра рэгістраванае беспрацоўе, а значыць пра колькасьць людзей, якія ўсталі на ўлік у органах сацыяльнай абароны. Да ўзроўню рэальнага беспрацоўя гэтыя дадзеныя маюць мала дачыненьня. Зь іншага боку, у 2006-м гэты паказьнік складаў 70%, а значыць — дынаміка станоўчая.

Чачня бясьпечная, але неспакойная

Чачня ў апошнія гады нязьменна прызнаецца адным з самых бясьпечных рэгіёнаў Расеі. Узровень злачыннасьці тут адзін з самых нізкіх: за 2016 год Генпракуратура Расеі зарэгістравала усяго 3500 злачынстваў. Нягледзячы на добрую афіцыйную статыстыку, Чачня — адзін зь нямногіх рэгіёнаў Расеі, дзе рэгулярна дзейнічаюць баявікі. Паводле ўзроўню тэрарыстычнай небясьпекі Чачня займае другое месца ў Расеі пасьля Дагестану.

Чачня сацыяльна неабароненая

Большая частка насельніцтва рэспублікі — 65% — жыве ў сельскай мясцовасьці. У Чачні не хапае бальнічных ложкаў і мэдпэрсаналу: на аднаго супрацоўніка прыпадае 140 чалавек. Гэта найгоршы паказьнік у Расеі.

Паводле статыстыкі, у Чачні самая вялікая сярод расейскіх рэгіёнаў чарга ў дзіцячыя садкі. Гэта тлумачыцца тым, што ў рэспубліцы самая вялікая ў Расеі доля дзяцей (узор сам Кадыраў: у яго 10 дзяцей). Пры гэтым у рэспубліцы не хапае школаў і толькі 19% працуючых людзей маюць вышэйшую адукацыю.

Чачня вернікаў

Афіцыйнай рэлігіяй Чачні зьяўляецца іслам. У рэспубліцы амаль тысяча мячэцяў. Нашэньне хусткі для жанчын лічыцца неабавязковым, але па факце дзяўчыну зь непакрытай галавой часта тут не сустрэнеш.

Алькаголь афіцыйна не забаронены, але кіраўніцтва Чачні папрасіла прадаўцоў не займацца дзейнасьцю, якая «губіць моладзь і разбурае сем’і», і яны добраахвотна адмовіліся ад ліцэнзій на алькаголь.

У Чачні менш, чым дзе-небудзь у Расеі, разводаў. Праваабаронцы кажуць пра распаўсюд шматжонства. Спрыяюць гэтаму і іслам, і станоўчае стаўленьне да палігамнага шлюбу кіраўніка рэспублікі.

Чачня раскошная

Грозны выглядае раскошна: шырокія праспэкты, машыны прэміюм-клясу, комплекс «Грозны-Сіці». У 2015 годзе тут урачыста адкрылі самы вялікі і самы дарагі ў Расеі фантан за 60 млрд рублёў. У тым самым годзе Грозны прызналі самым багатым горадам Расеі.

Чачня адзінадушная

Чачня — адна з самых палітычна актыўных рэспублік. З году ў год яўка на ўсе выбары набліжаецца да ста працэнтаў. Акрамя таго, чачэнцы яшчэ і вельмі аднадушныя — дзейную ўладу паводле афіцыйных дадзеных тут падтрымліваюць 99,76% насельніцтва. Паводле дадзеных праваабарончых арганізацый, да такога аднадумства стымулюе адміністрацыйны рэсурс.

Чачня кадыраўская

За 10 гадоў ва ўладзе Рамзан Кадыраў здолеў утрымаць уладу ў гэтым складаным рэгіёне і кантраляваць сытуацыю: з дапамогай сваіх людзей і сваімі мэтадамі. Крэмль сытуацыяй у Чачні задаволены, Кадыраў нават змог пераканаць расейцаў — паводле апытаньняў «Левада-Цэнтра», з кожным годам давер да яго расьце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG