МУС Беларусі, як і МЗС, распачало праверку па факце зьнікненьня ў Гомлі 19-гадовага грамадзяніна Ўкраіны Паўла Грыба. Генэральная пракуратура Беларусі паведаміла, што пра экстрадыцыю Грыба ў Расею ці ва Ўкраіну гаворкі ісьці ня можа. Беларускія ўлады ня ведаюць, як Павал Грыб апынуўся ў СІЗА расейскага Краснадара.
Міністэрства ўнутраных спраў 8 верасьня паведаміла, што па заяве грамадзяніна Ўкраіны Ігара Грыба аб зьнікненьні ягонага сына Паўла ў Гомлі праводзіцца «комплекс апэратыўна-вышукавых мерапрыемстваў і прымаюцца захады, каб вызначыць зьніклага грамадзяніна Ўкраіны».
Прэсавы сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч сказаў Свабодзе, што яму няма чаго дадаць да таго, што зьявілася на сайце ягонага ведамства.
На пытаньне Свабоды, ці маглі Грыба ў Беларусі выкрасьці сілавікі іншай дзяржавы і завезьці ў Расею, спадар Шалькевіч адказаў, што ня будзе камэнтаваць домыслы, ён не арыентуецца на тую інфармацыю, якая зьяўляецца ў інтэрнэце. І пажартаваў: маўляў, «вы не дапускаеце, што ён сам мог зьехаць зь сяброўкай? У вас няма такой вэрсіі?» Пасьля чаго дадаў:
«У нас ёсьць пэўныя працэдуры, якія мы абавязаныя праводзіць у адпаведнасьці з заявамі грамадзянаў, якія паступаюць у органы ўнутраных спраў. Усе неабходныя дзеяньні і неабходныя працэдуры мы ажыцьцяўляем. На дадзены момант дадатковай інфармацыі па гэтай справе няма. Хутчэй за ўсё, да канца праверкі яна ня зьявіцца».
На пытаньне, ці маглі афіцыйныя беларускія ўлады экстрадзіраваць Паўла Грыба ў Расею, начальнік аддзелу інфармацыі Генэральнай пракуратуры Анжаліка Курчак адказала так:
«Пытаньне аб экстрадыцыі тут не паўстае. Хто запыт накіроўвае: Расея да нас ці мы да іх? Альбо Ўкраіна? Пытаньне аб экстрадыцыі паўстае, калі нейкая дзяржава зацікаўленая ў выдачы той ці іншай асобы. На сёньняшні дзень які наш інтарэс, да прыкладу, каб яго выдалі нам? Ён ня наш грамадзянін. Я ня маю зьвестак, што ён зьдзейсьніў злачынства на тэрыторыі Беларусі — гэта я гіпатэтычна разважаю. Таму ўсё, што тычыцца праверкі пра акалічнасьці яго зьнікненьня — гэта пытаньне да Міністэрства ўнутраных спраў. На сёньняшні дзень ніякай інфармацыі няма, якая б дазваляла гаварыць пра экстрадыцыю».
28 жніўня сябра грамадзкай рады Дзяржпагранслужбы Ўкраіны Ігар Грыб заявіў пра зьнікненьне свайго 19-гадовага сына Паўла Грыба, які 24 жніўня паехаў у Гомель на сустрэчу зь дзяўчынай, зь якой пазнаёміўся і меў кантакты толькі ў сацыяльных сетках. Дзяўчына, паводле Паўла, павінна была прыехаць на сустрэчу з Расеі.
Ігар Грыб дазнаўся, што ягоны сын у вышуку на падставе артыкула 205 Крымінальнага кодэксу Расеі (тэрарыстычны акт), а ініцыятар вышуку — ФСБ РФ па Краснадарскім краі (горад Сочы).
7 верасьня МЗС Украіны даведалася, што Паўло Грыб знаходзіцца ў СІЗА № 5 расейскага гораду Краснадара. Якім чынам Павал Грыб зь Беларусі трапіў у Расею, невядома.
Міністэрства замежных спраў Украіны выказала пратэст расейскаму боку ў сувязі зь беспадстаўным затрыманьнем Паўла Грыба 25 жніўня і ўтрыманьнем у СІЗА ў Краснадары. Украіна абвінаваціла Расею ў парушэньні міжнароднага права і назвала справу «палітычна матываванай».