Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не маскоўскай ваеншчыне». У Кіеве адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы


Суполка беларусаў ва Ўкраіне «Сябры», рух салідарнасьці «Разам» і беларускія добраахвотнікі, якія ваявалі на Данбасе на баку ўкраінскага ўраду, пікетавалі амбасаду Беларусі ва Ўкраіне на знак салідарнасьці з акцыяй да дня вайсковай славы ў Менску.

«Наша сёньняшняя акцыя прысьвечана і Дня вайсковай славы, і адначасова беларуска-расейскім вучэньням „Захад-2017“, якія паводле шматлікіх экспэртаў, пагражаюць незалежнасьці нашай Беларусі, бо ёсьць вялікая верагоднасьць, што расейскія войскі могуць застацца на беларускай тэрыторыі», — сказаў беларускі актывіст Алег Аўчыньнікаў, які цяпер жыве ва Ўкраіне.

Падтрымаць беларускіх актывістаў прыйшлі і ўкраінцы, многія зь якіх заўсёды наведваюць усе акцыі, што ладзяць у Кіеве беларусы.

«У нас зь Беларусьсю вельмі цесныя гістарычныя сувязі. Нават калі ўзгадваць гадавіну бітвы пад Воршай, то і ў ёй бралі ўдзел нашыя казакі. Дарэчы, у 2014 годзе да 500-й гадавіны гэтай бітвы, Нацбанк Украіны выпусьціў 5-грыўневую манэту», — адначыла Алена Гергель, грамадзянская жонка беларускага добраахвотніка Васіля Парфянкова.

Алена Гергель дадала, што прыйшла да амбасады Беларусі з асабістым пратэстам. «Як вядома, у Беларусі быў затрыманы ўкраінец Паўло Грыб, які цішком быў перапраўлены ў Расею. Так не мае адбывацца. І гэта мой пратэст супраць такіх дзеяньняў», — падкрэсьліла яна.

Амбасада Беларусі пад час акцыі ахоўвалася ва ўзмоцненым рэжыме супрацоўнікамі Нацыянальнай паліцыі і Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны.

Акцыя трывала больш за гадзіну пад лёзунгі «Жыве Беларусь! Слава Украіне!», «Не маскоўскай ваеншчыне». Беларусы таксама сьпявалі гімн Беларускай народнай рэспублікі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і «Пагоню» на верш Максіма Багдановіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG