12 дзён няма вестак ад украінскага грамадзяніна Паўла Грыба, які 24 жніўня прыехаў у Гомель сустрэцца са знаёмай па перапісцы расейскай дзяўчынай і зьнік.
Сямʼя ды адвакаты зьніклага пры невядомых абставінах у Гомлі Паўла Грыба ня маюць сумневаў, што яго незаконна ўтрымліваюць на тэрыторыі Расеі, і патрабуюць ад уладаў Беларусі належнага садзейнічаньня ў расьсьледаваньні справы.
«На сёньня мы маем толькі два афіцыйныя дакумэнты — Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны пра тое, што Паўло перасек мяжу ў Новых Ярылавічах, і Памежнага камітэту Беларусі пра пацьвярджэньне факту ягонага ўезду на тэрыторыю Беларусі праз пункт пропуску «Новая Гута», — паведаміў бацька зьніклага Ігар Грыб.
У сваю чаргу сястра зьніклага Вольга Грыб паведаміла, што з дапамогай юрыстаў сямʼя зьвярнулася з заявамі пра гвалтоўнае выкраданьне Паўла на тэрыторыі Беларусі да шэрагу структур Расеі, Беларусі, Украіны, а таксама да ААН, АБСЭ і Эўразьвязу.
«12 дзён мы ня маем ніякай інфармацыі пра месцазнаходжаньня майго малодшага брата», — дадала яна.
Паводле яе, брат пакутуе на цяжкае захворваньне, зьвязанае з паталёгіяй парушэньня кровазабесьпячэньня ўнутраных органаў. «Праз гэта ёсьць небясьпека разьвіцьця іншых захворваньняў ды паталёгій. Яму патрэбна сталая мэдычная дапамога», — падкрэсьліла Вольга Грыб.
Адвакатка сямʼі зьніклага ўкраінца Яўгенія Закрэўская мяркуе, што ёсьць факты, якія апасродкавана пацьвярджаюць знаходжаньне Паўла Грыба на тэрыторыі Расеі.
«31 жніўня мы зьвярнуліся з афіцыйнымі заявамі да расейскіх праваахоўных органаў, але дагэтуль няма ніякага адказу. Гэтае маўчаньне дадаткова нас пераконвае, што ён знаходзіцца на тэрыторыі Расеі. Апроч таго, дзяўчына, зь якой Паўло меў сустрэчу і якая расказала пра датычнасьць да гэтага ФСБ, дакладна сказала, як быў апрануты Паўло ў той дзень. Гэта азначае, што альбо яна зь ім сустракалася, альбо ёй гэта паведамілі», — патлумачыла адвакатка.
Яўгенія Закрэўская дадала, што Беларусь, на тэрыторыі якой зьнік Паўло Грыб, згодна зь міжнародным правам таксама нясе адказнасьць за гэты выпадак.
«Паводле практыкі Эўрапейскага суду ў правах чалавека, калі спэцыяльныя службы робяць любыя спэцыяльныя захады нават на тэрыторыі іншай дзяржавы, тая дзяржава таксама мае адказваць за гэта», — падкрэсьліла яна. Яўгенія Закрэўская таксама дадала, што зьвярнулася з гэтай нагоды з заяваю да Эўрапейскага суду ў правах чалавека.
Адвакат сямʼі зьніклага ўкраінца заклікала ўлады Беларусі правесьці эфэктыўнае расьсьледаваньне зьнікненьня Паўла Грыба.
Краіна, на тэрыторыі якой выкралі чалавека, мусіць рабіць вычарпальныя захады, каб яго знайсьці
«Краіна, на тэрыторыі якой выкралі чалавека, мусіць рабіць вычарпальныя захады, каб яго знайсьці. Мы зараз ня кажам пра адказнасьць (Беларусі) за выкраданьне ці за супрацу з Расеяю. Мы просім уладу Беларусі зрабіць неадкладныя захады. Нам вядомы маршрут руху Паўла, нам вядома, што ён прыбыў у Гомель і быў на аўтавакзале. Усё гэта фіксуецца камэрамі назіраньня. Тэрмін захоўваньня гэтага відэа вельмі кароткі. І цяпер мы заклікаем уладу Беларусі гэта зрабіць тэрмінова і зьняць гэтыя запісы», — заклікала Яўгенія Закрэўская.
28 жніўня чалец грамадзкай рады Дзяржпагранслужбы Ўкраіны Ігар Грыб заявіў аб зьнікненьні ягонага 19-гадовага сына Паўла Грыба. Ён паведаміў, што 24 жніўня сын паехаў у Гомель на сустрэчу зь дзяўчынай, зь якой пазнаёміўся і меў зносіны толькі ў сацыяльных сетках. Дзяўчына, паводле Паўла, павінна была прыехаць на сустрэчу з Расеі.
Паўло Грыб мусіў вярнуцца ў той жа дзень. Калі гэтага не адбылося, бацька паехаў на пошукі ў Гомель, дзе высьветліў, што ягоны сын знаходзіцца ў вышуку на падставе арт. 205 Крымінальнага кодэксу РФ (тэрарыстычны акт), а ініцыятарам вышуку зьяўляецца ФСБ РФ па Краснадарскім краі (горад Сочы).
Шэраг СМІ паведамілі, што Паўла Грыба перахапілі ў Беларусі і могуць утрымліваць у Краснадары, у мясцовым аддзяленьні ФСБ РФ.