Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбух у Кіеве кваліфікаваны як замах на наўмыснае забойства, у шпіталі — трое пацярпелых. ФОТА


Сьледчае ўпраўленьне Нацыянальнай паліцыі ў Кіеве адкрыла крымінальную справу паводле факту выбуху, што адбыўся сёньня ў другой палове дня ў цэнтры ўкраінскай сталіцы практычна адразу пасьля сьвяточнага вайсковага параду.

«Расьсьледаваньне вядзецца паводле часткі другой 115 артыкулу Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — замах на наўмыснае забойства, зробленае спосабам, небясьпечным для жыцьця многіх асоб. Паліцыя ўстанаўлівае асоб, якія маюць дачыненьне да гэтага злачынства», — паведамілі Свабодзе ў кіеўскай паліцыі.

Паводле суразмоўцы, на дадзены момант у мэдычныя ўстановы шпіталізаваныя трое пацярпелых. «Усім ім аказваюць неабходную мэдычную дапамогу. Інфармацыя пра іх стан удакладняецца», — дадалі ў прэсавай службе кіеўскай паліцыі.

Сьледчыя таксама дапытваюць сьведак і відавочцаў злачынства і вывучаюць запісы камэр відэаназіраньня, якія маглі зафіксаваць момант выбуху.

Адразу пасьля выбуху сьпікер Службы бясьпекі Ўкраіны Алена Гітлянская паведаміла журналістам, што сярод асноўных вэрсій здарэньня разглядаецца хуліганства.

Месца выбуху на вуліцы Грушэўскага адразу ж наведалі кіраўніцтва Нацыянальнай паліцыі і сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксандар Турчынаў. Некаторыя сьведкі здарэньня сьцьвярджалі, што гранату кінулі зьверху, з парку, іншыя — з аўтамабіля, які праяжджаў па вуліцы. Паводле іншых дадзеных, спрацаваў выбуховы пакет.

Аляксандар Турчынаў на месцы выбуху.
Аляксандар Турчынаў на месцы выбуху.

У сувязі з высокай небясьпекай правакацый, пра якія напярэдадні заяўляла кіраўніцтва СБУ, да аховы грамадзкага парадку ў Кіеве ў сьвяточныя дні былі прыцягнутыя каля 15 тысяч службоўцаў Нацыянальнай гвардыі, Нацыянальнай паліцыі і СБУ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG