Упершыню ва ўкраінскім вайсковым парадзе ўзялі ўдзел вайскоўцы дзевяці дзяржаў — чальцоў NATO, у тым ліку ЗША, Канады, Эстоніі, Грузіі, Латвіі, Вялікай Брытаніі. Увечары на плошчы Незалежнасьці пройдзе сумесны канцэрт вайсковых аркестраў Украіны і Злучаных Штатаў. Парадак забясьпечваюць звыш дзесяці тысяч паліцэйскіх.
Дзень Незалежнасьці Ўкраіны сёньня адзначаюць у многіх гарадах краіны. У Крыме няма ўрачыстых мерапрыемстваў з прычыны яго анэксіі Расеяй. У папярэднія гады падкантрольныя Крамлю ўлады паўвострава адмаўляліся ўзгадніць акцыі ў гонар украінскай дзяржаўнасьці. Тым ня менш у гэты дзень актывісты ўскладаюць кветкі да ўкраінскіх помнікаў у розных гарадах анэксаванага паўвострава.
24 жніўня 1991 году Ўкраіна абвясьціла сваю незалежнасьць. Да таго часу яна ўваходзіла ў склад СССР у якасьці Украінскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Акт абвяшчэньня незалежнасьці Украіны ад 24 жніўня 1991 года быў зацьверджаны 1 сьнежня 1991-га ўсенародным галасаваньнем. Дзяржаўным сьвятам гэтая падзея стала толькі з чэрвеня 1992 году, калі Вярхоўная Рада пастанавіла лічыць 24 жніўня Днём Незалежнасьці Ўкраіны.
Падчас параду Пятро Парашэнка ўручыў зоркі Героя Ўкраіны, у тым ліку маці і сыну загінулага афіцэра.
У адрозьненьне ад Менску, у парадзе ў Кіеве не было цяжкай вайсковай тэхнікі: баявая тэхніка была зьвезеная на асобную выставу.