Ліхтэнштэйн пашырыў санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, сынхранізаваўшы іх з апошнім пакетам санкцыяў Эўразьвязу, прынятым 29 чэрвеня 2024 году, паведаміла 20 лістапада прэс-служба ўраду краіны.
Чэрвеньскія санкцыі Эўразьвязу былі накіраваныя ў асноўным на тое, каб Расея не магла абысьці празь Беларусь уведзеныя супраць яе санкцыі Эўразьвязу.
Як адзначаецца ў паведамленьні, санкцыі супраць Беларусі, да якіх далучыўся Ліхтэнштэйн, уключаюць
- забарону на экспарт у Беларусь тавараў і тэхналёгіяў падвойнага прызначэньня, марскіх тавараў і прадметаў раскошы;
- забарону на ўвоз зь Беларусі золата, алмазаў, гелію, вугалю і мінэральных прадуктаў, у тым ліку сырой нафты;
- забарону на аказваньне асобных паслуг;
- пашырэньне забароны на аўтамабільныя перавозкі грузаў па тэрыторыі ЭЗ;
- абавязаньне эканамічных апэратараў Эўразьвязу ўключаць у будучыя кантракты так званы «пункт аб забароне рээкспарту ў Беларусь»;
- іншыя меры па барацьбе з абыходам санкцыяў, у тым ліку абавязаньне матчыных кампаніяў ЭЗ прыкласьці ўсе намаганьні, каб гарантаваць, што іх даччыныя кампаніі ў трэціх краінах выконваюць санкцыі ЭЗ супраць Беларусі.
Паводле зьвестак Белстату, у 2021 годзе Беларусь імпартавала тавараў зь Ліхтэнштэйну на 900 тысяч даляраў ЗША, у 2020 годзе — на 700 тыс. даляраў, у 2018 і 2019 — на 900 тыс. даляраў, у 2017 — на 800 тыс., у 2016 — на 400 тыс. даляраў, у 2015 годзе — на 500 тыс. даляраў, у 2014 годзе — на 1 мільён даляраў ЗША. Дэталёвыя зьвесткі за 2022–2023 гады па імпарце тавараў у Беларусь з асобных краінаў Белстат не публікаваў.
Форум