І ў савецкія часы, і нават цяпер для многіх беларусаў Другая ўсясьветная вайна — гэта Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюзу, пра якую пераважна і казалі ў школе, у кнігах і ў тэлебачаньні.
Усе ведалі самыя знакамітыя бітвы — Масква, Сталінград, Курск, апэрацыя «Багратыён», штурм Бэрліну.
Аднак была і іншая Другая ўсясьветная вайна — у небе над Брытаніяй, у Атлянтыцы, Афрыцы, у Францыі й Італіі, на Ціхім акіяне. Варта нагадаць найбольш значныя і найбольш крывавыя бітвы гэтай іншай вайны.
Многія з гэтых бітваў сталі сюжэтамі кінафільмаў.
Бітва на Бзуры. 9 — 19 верасьня 1939
Страты саюзьнікаў — 18 тыс. Страты дзяржаваў «восі» — 8 тыс.
Адна зь першых буйных бітваў Другой усясьветнай вайны. Вялі польскія арміі «Познань» і «Памор’е» супраць нямецкіх 8-й і 10-й арміяў групы войскаў «Поўдзень». Бітва на рацэ Бзуры была адзінай спробай Войска Польскага перайсьці ў інтэнсіўны контранаступ супраць нямецкай арміі. Вынік — перамога нямецкіх войскаў, разгром польскіх арміяў «Памор’е» і «Познань».
Бітва за Атлянтыку. 3 верасьня 1939 — 8 траўня 1945
Страты саюзьнікаў — 72 тыс. Страты дзяржаваў «восі» — 31 тыс.
Самая працяглая бітва Другой усясьветнай вайны. Барацьба саюзьнікаў па антыгітлераўскай кааліцыі зь Нямеччынай і Італіяй за камунікацыі і панаваньне ў Атлянтычным акіяне і прылеглых да яго морах. Морам ішлі даставы заходняй зброі й тэхнікі ў Савецкі Саюз, забесьпячэньне Вялікай Брытаніі ўсім неабходным ішло ў асноўным морам. Вынік — перамога антыгітлераўскай кааліцыі.
Бітва за Брытанію. 10 ліпеня — 31 кастрычніка 1940
Страты саюзьнікаў — 40 тыс. Страты дзяржаваў «восі» — 2.5 тыс.
Ніколі за ўсю гісторыю канфліктаў гэтулькі людзей не былі абавязаныя настолькі многім такой малой жменьцы людзейУінстан Чэрчыль - пра пілётаў каралеўскіх ВПС у бітве за Брытанію
Найбольшая паветраная бітва ў гісторыі. Мэтай немцаў было атрымаць перавагу ў паветры над брытанскімі каралеўскімі ВПС, каб Нямеччына магла бесьперашкодна ўварвацца на Брытанскія выспы. Бітву вяла выключна баявая авіяцыя супрацьлеглых бакоў. Вынік — перамога Брытаніі.
Крыцкая апэрацыя. 20 — 31 траўня 1941
Страты саюзьнікаў — 4 тыс. Страты дзяржаваў «восі» — 3 тыс.
Стратэгічная дэсантная апэрацыя Нямеччыны падчас Другой усясьветнай вайны. Вынік — разгром брытанскага гарнізону на Крыце, Нямеччына атрымала кантроль над камунікацыямі ўсходняга Міжземнамор’я.
Напад на Пэрл-Гарбар. 7 сьнежня 1941
Страты саюзьнікаў — 2.5 тыс. Страты дзяржаваў «восі» — 64 чалавек.
Напад японскіх авіяносцаў, ВПС і падводных лодак на амэрыканскія вайскова-марскую і паветраную базы. Атака была накіраваная на ліквідацыю амэрыканскага вайскова-марскога флёту, на панаваньне ў паветры ў Ціхаакіянскім рэгіёне.
Вынік — перамога Японіі, разгром лінейных сілаў амэрыканскага Ціхаакіянскага флёту, уступленьне ЗША ў вайну.
Паводле падзеяў рэжысэр Майкл Бэй зьняў стужку «Пэрл-Гарбар» (2001).
Бітва пры Мідўэі. 4 — 7 чэрвеня 1942
Страты саюзьнікаў — 300 чалавек. Страты дзяржаваў «восі» — 3 тыс.
Буйная марская бітва на Ціхім акіяне. Вынік — перамога флёту ЗША над флётам Японіі. Японскі флёт, які страціў 4 цяжкія авіяносцы і 248 самалётаў, пазбавіўся магчымасьці эфэктыўна дзейнічаць па-за зонамі прыкрыцьця берагавой авіяцыі.
Гэтыя падзеі адлюстраваныя ў стужцы «Бітва пры Мідўэі» рэжысера Джэка Сміта.
Бітва пры Эль-Алямэйне. 23 кастрычніка — 11 лістапада 1942
Страты саюзьнікаў — 5 тыс. Страты дзяржаваў «восі» — 9 тыс.
Найбуйнейшая бітва ў Паўночнай Афрыцы падчас Другой сусьветнай вайны. Брытанскія войскі пад камандаваньнем Мантгомеры разьбілі нямецка-італьянскіх войскаў пад камандаваньнем Ромэля. Вынік — параза нямецка-італьянскіх войскаў, зьмена расстаноўкі сілаў у Паўночнай Афрыцы на карысьць Вялікабрытаніі.
Бітва за Гўадальканаль. 7 жніўня 1942 — 9 лютага 1943
Страты саюзьнікаў — 7 тыс. Страты дзяржаваў «восі» — 19 тыс.
Вырашальная бітва на ціхаакіянскім тэатры ваенных дзеяньняў Другой усясьветнай вайны. Ішла на зямлі, у паветры і на моры паміж сіламі саюзьнікаў і Японіі. Вынік — перамога саюзьнікаў, страта Японіяй стратэгічнай ініцыятывы, пераход саюзьнікаў ад абароны да наступу.
Падзеі кампаніі адлюстроўвае стужка Тэрэнса Маліка «Тонкая чырвоная лінія» (1998)
Бітва пры Монтэ-Касына. 17 студзеня — 18 траўня 1944
Страты саюзьнікаў — 55 тыс. Страты дзяржаваў «восі» — 20 тыс.
Сэрыя з чатырох крывавых бітваў, у выніку якіх саюзныя войскі прарвалі лінію нямецкіх умацаваньняў, вядомую як «лінія Густава». Вынік — параза нямецкіх войскаў, прарыў «лініі Густава», узяцьцё саюзьнікамі Рыму.
Высадка ў Нармандыі. 6 чэрвеня 1944
Страты саюзьнікаў — 4 тыс. Страты дзяржаваў «восі» — 9 тыс.
Найбуйнейшая ў гісторыі марская дэсантная апэрацыя, колькасьць удзельнікаў якой перавысіла 3 мільёны. Вынік — перамога саюзьнікаў, утварэньне пляцдарму на кантынэнце, пачатак вызваленьня Францыі.
Гэтыя падзеі знаёмыя сучасьнікам па стужцы «Ўратаваць шарагоўца Раяна» (1998).
Бітва ў затоцы Лейтэ. 17 кастрычніка — 26 сьнежня 1944
Страты саюзьнікаў — 3.5 тыс. Страты дзяржаваў «восі» — 49 тыс.
Найбуйнейшая марская бітва ў гісторыі. Адбывалася ў моры калі Філіпінаў паміж амэрыканскім і японскім флётамі. Японскі бок упершыню выкарыстаў лётнікаў-сьмяротнікаў — камікадзэ. Вынік — перамога амэрыканскага флёту, патапленьне аднаго з найбуйнейшых у сьвеце баявых караблёў «Мусасі», спыненьне буйных апэрацыяў японскага флёту.
Бітва ў Ардэнах. 16 сьнежня 1944 — 25 студзеня 1945
Страты саюзьнікаў — 20 тыс. Страты дзяржаваў «восі» — 67 тыс.
Контрудар нямецкіх войскаў у Бэльгіі, апошняя спроба Нямеччыны зьмяніць хаду вайны на сваю карысьць. На першым этапе апэрацыі нямецкія войскі мелі пэўны посьпех. Вынік — перамога саюзьнікаў, пачатак уступленьня ангельска-амэрыканскіх войскаў у Нямеччыну
Бітва за Івадзіму. 16 лютага — 26 сакавіка 1945
Страты саюзьнікаў — 7 тыс. Страты дзяржаваў «восі» — 17 тыс.
Першая ваенная апэрацыя арміі ЗША на тэрыторыі Японіі. Вынік — перамога ЗША.
У 2006 годзе Клінт Іствуд зьняў паводле гэтых падзеяў фільм «Лісты з Івадзімы»