Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль і «Хэзбала» дамовіліся пра замірэньне


Людзі на вуліцах Лібану сьвяткуюць замірэньне.
Людзі на вуліцах Лібану сьвяткуюць замірэньне.

Пасьля пастаянных абстрэлаў сваёй тэрыторыі з боку праіранскай тэрарыстычнай групоўкі Ізраіль пачаў наземную апэрацыю ў суседнім Лібане, які зьяўляецца базай для «Хэзбалы». Цяпер бакі дасягнулі замірэньня.

Спыненьне агню паміж Ізраілем і баевікамі «Хэзбалы» пачалося раніцай 27 лістапада, пасьля таго, як жыхары Бэйруту перажылі самы інтэнсіўны дзень ізраільскіх удараў з пачатку вайны.

Ізраіль заявіў, што нападзе зноў, калі «Хэзбала» парушыць пагадненьне аб спыненьні агню, піша AP.

«Хэзбала» прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у Злучаных Штатах, у той час як Эўразьвяз уключыў у чорны сьпіс толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю. Палітычная партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану.

Сама меней 42 чалавекі былі забітыя ў выніку ізраільскіх удараў па ўсім Лібане 26 лістапада, паводле мясцовых уладаў. У аўторак «Хэзбала» таксама абстраляла Ізраіль ракетамі, на ізраільскай поўначы рэгулярна гучалі сырэны паветранай трывогі.

Мірныя перамовы бакі вялі пры пасярэдніцтве афіцыйнага Вашынгтону. Дэлегацыю лібанскага боку ўзначальваў кіраўнік парлямэнту Набі Бэры. Міністар нацыянальнай бясьпекі Ізраілю Ітамар Бэн-Гвір выказаўся супраць пагадненьня аб спыненьні агню, назваўшы яго «гістарычнай памылкай».

Мір паміж Ізраілем і «Хэзбалой» азначае першы важны крок да спыненьня агульнарэгіянальных баявых сутыкненьняў, выкліканых нападам ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году. Але замірэньне ня тычыцца вайны ў Газе.

«Хэзбала» пачала атаку на Ізраіль празь дзень пасьля нападу ХАМАС. Баявыя дзеяньні ў Лібане перарасьлі ў татальную вайну ў верасьні з масавымі ізраільскімі авіяўдарамі па ўсёй краіне і наземным уварваньнем на поўдзень.

Міністэрства аховы здароўя Газы, якое кантралюе ХАМАС, сьцьвярджае, што ў Газе больш за 44 тысячы чалавек былі забітыя і больш за 104 тысяч параненыя ў ходзе амаль 14-месячнай вайны паміж Ізраілем і ХАМАС. Жыхары Ізраілю рэгулярна атрымліваюць раненьні і гінуць пасьля абстрэлаў тэрарыстаў.

Абвастрэньне канфлікту паміж Ізраілем і «Хэзбалой» пачалося ў кастрычніку 2023 году. Шыіцкая «Хэзбала» мае значны ўплыў у Лібане, які мяжуе з Ізраілем на поўдні. Групоўка выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу на яго палестынскай групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

Асабліва абвастрылася сытуацыя ў верасьні, калі ў Лібане на працягу двух дзён выбухалі сродкі сувязі, якія належалі сябрам «Хэзбалы». Паводле крыніц Reuters, у выніку гэтых нападаў каля 1500 баевікоў «Хэзбалы» атрымалі цяжкія раненьні — шмат хто страціў зрок або верхнія канцавіны. Загінулі дзясяткі людзей, сярод якіх былі і мірныя жыхары. Ізраіль афіцыйна ня ўзяў на сябе адказнасьці за выбухі.

Як адзначаюць СМІ, нават аднаразовая страта паўтары тысячы чалавек, аднак, ня стала фатальным ударам для «Хэзбалы», у шэрагах якой, паводле ацэнак амэрыканскай выведкі, каля 50 тысяч узброеных байцоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG