Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ЗША зрабіла падарунак музэю Вялікай Айчыннай


Амэрыканская амбасада зрабіла падарунак Музэю Вялікай Айчыннай
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:53 0:00

Амэрыканская амбасада зрабіла падарунак Музэю Вялікай Айчыннай

30 красавіка прадстаўнікі амбасады ЗША ў Беларусі перадалі ў дар Дзяржаўнаму музэю Вялікай Айчыннай вайны каштоўныя экспанаты — асабістыя рэчы амэрыканскіх салдат і афіцэраў, якія ваявалі супраць фашыстаў.

Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд некалі паабяцаў перадаць беларускаму музэю гісторыі Вялікай Айчыннай грузавік «Студэбекер». Наведаўшы музэй напярэдадні Дня Перамогі, ён паўтарыў, што абяцаньне застаецца ў сіле, проста некаторыя пляны ня так лёгка рэалізуюцца.

«Сёньня мы хацелі б перадаць у дар музэю аўтэнтычныя прадметы асабістага карыстаньня: нэсэсэр, набор афіцэра, запальнічку з артылерыйскага снараду, таксама армейскія бярушы (я навучыўся новаму слову), і часопіс Life ад 6 чэрвеня 1942 году».

Намесьнік дырэктара музэю Юры Цыкал і галоўны захавальнік фондаў Сьвятлана Прыбыш з удзячнасьцю прынялі ў дар унікальныя экспанаты і падаравалі амэрыканцам новыя кнігі і дасьледаваньні пра Вялікую Айчынную вайну, напісаныя супрацоўнікамі музэю. Амэрыканскія дыпляматы агледзелі экспазыцыю.

На пытаньне Радыё Свабода, ці ёсьць у Злучаных Штатах падобныя музэі ці хаця б асобныя экспазыцыі, прысьвечаныя гісторыі Другой усясьветнай вайны, часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд адказаў:

«Такія музэі ў Злучаных Штатах ёсьць. Я трапіў у адзін зь іх, вельмі цікавы — гэта ў Новым Арлеане, называецца D-Day Museum — пра дзень высадкі саюзьніцкіх войскаў у Нармандыі. Для амэрыканцаў гэта было вельмі значнай падзеяй — першы дзень, калі нашы войскі на чужой зямлі наступалі і пачалі ўдзел у гэтай вайне. Там ёсьць і дэталёвы плян, калі тысячы дэсантнікаў з Брытаніі, ЗША высадзіліся ў Францыі на лодках, там ёсьць арыгінальныя лодкі. Экспазыцыя вельмі прыгожая, як і ў вашым музэі».

У Беларусь у гэтыя перадсьвяточныя дні адмыслова прыехаў прафэсар гісторыі з унівэрсытэту штата Джорджыя Губэрт Ван Тул (Hubert Van Tuyll), які ў Менску і Магілёве сустракаўся са студэнтамі, гісторыкамі, экспэртамі, распавядаў пра праграму ленд-лізу, паводле якой ЗША перадавалі сваім саюзьнікам па антыгітлераўскай кааліцыі вайскова-тэхнічную дапамогу (боепрыпасы, тэхніку, харчаваньне, стратэгічную сыравіну).

На пытаньне, як прафэсар ставіцца да таго, што Ўкраіна адмовілася ад тэрміну «Вялікая Айчынная вайна» і прапануе падзеі 1941–1945 гадоў разглядаць як частку Другой усясьветнай вайны, Губэрт Ван Тул адказаў так:

«Асабіста ў мяне не ўзьнікае ніякіх пытаньняў, што да тэрміну „Вялікая Айчынная вайна“. Але некаторым людзям патрабуецца час, каб прызнаць, што ўсё ж такі гэта быў канфлікт усясьветнага значэньня. І ў дадзеным кантэксьце можна казаць пра тое, што цяжкія баі пачаліся ўжо ў 1937 годзе, калі Японія захапіла частку Кітаю, і потым працягнуліся ў 1939-м з захопам Польшчы. Я думаю, ня варта пазбаўляцца ад тэрміну „Вялікая Айчынная вайна“, асабліва ўлічваючы, колькі ахвяраў было на гэтай тэрыторыі. Асабліва гэта важна, каб у студэнтаў было разуменьне больш глябальнага канфлікту ў цэлым, а ня толькі Вялікай Айчыннай вайны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG