Асноўныя імпрэзы ХХІІ фэстывалю «Магутны Божа» пачнуцца 26 чэрвеня. У гэты дзень у катэдральным касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі пачнецца конкурс выканаўцаў духоўнай музыкі.
Выстава прачыняе дзьверы фэстывалю
Сёньня ж на пляцоўцы перад гарвыканкамам адкрылі выставу-кірмаш «Беларусь праваслаўная». У праграме фэсту кірмаш пазначаны першым, аднак, на ім нічога не нагадвала, што ім распачынаецца фэстываль. На кірмашы не было прадстаўнікоў каталіцкага духавенства.
Япіскап Магілёўскі і Мсьціслаўскі Сафроній у сваёй вітальнай прамове фэстываль «Магутны Божа» не згадаў. Сьвятар адзначыў, што выстава-кірмаш адбываецца ў рамках сьвяткаваньня 300-годзьдзя праваслаўнага асьветніка Георгія Каніскага.
Начальніца аддзелу ідэалягічнай працы Магілёўскага гарвыканкаму Іна Караткевіч у сваёй прамове пазьбегла казаць, што выставай-кірмашом «Беларусь праваслаўная» адкрываецца фэст «Магутны божа». Прадстаўніца гарвыканкаму ўжыла іншы абарот:
«Літаральна праз два дні, — казала яна, — у горадзе Магілёве адкрыецца вялікі духоўны фэстываль „Магутны Божа“. Мы яго таксама нясьцерпна два гады чакалі і гэта выстава прачыняе дзьверы гэтага фэстывалю».
Упершыню кірмаш «Беларусь праваслаўная» адбыўся ў Магілёве два гады таму. Ён таксама, нібыта, распачынаў фэстываль «Магутны божа», аднак афіцыйна службоўцы пазьбягалі наўпрост кірмаш зьвязваць з правядзеньнем фэсту. Сёлета сытуацыя паўтарылася.
Называць фэстываль каталіцкім, калі яго натхняльнікам быў праваслаўны Віктар Роўда абсурдна
Напярэдадні фэстывалю аддзел ідэалягічнай працы гарвыканкаму выказаў нечаканае для тых хто пачынаў фэст у 1993 годзе меркаваньне, што ён быў каталіцкім, а цяпер сытуацыя зьмянілася.
«Фэстываль „Магутны Божа“ унікальны тым, што пачынаўся выключна як каталіцкі, — падае словы ідэолягаў інфармацыйнае агенцтва Белта, — але ўжо паўтара дзясяткі гадоў ён аб’ядноўвае вернікаў трох канфэсіяў — праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў...».
Такую заяву мог сабе дазволіць чалавек, які ня ведае гісторыі фэстывалю, адзначае сябра аргкамітэту першых фэстываляў «Магутны Божа», магілёўская журналістка Алена Барысава.
«Калі гэта адказная асоба гарвыканкаму, то яна наагул ня ведае, што такое фэстываль „Магутны Божа“, — кажа суразмоўніца. — У першых радках фэсту адзначалася, што ён экуменічны, то бок аб’адноўвае людзей розных канфэсіяў. Такім ён і праводзіўся. У ім бралі ўдзел праваслаўныя, каталікі і пратэстанты. Гэтыя канфэсіі ўдзельнічалі ў фэстывалі ад пачатку».
«Называць фэстываль каталіцкім, калі яго натхняльнікам быў знаны наш харавы дырыжор і пэдагог Віктар Роўда абсурдна, — дадае Алена Барысава. — Спадар Роўда быў праваслаўным і ачольваў журы фэстывалю».
Віктар Роўда ў гады, калі фэстываль пачалі праводзіць пад кіраўніцтвам уладаў, дамагаўся, каб на ім гучаў музычны твор паэткі Натальлі Арсеньевай ды кампазытара Мікола Равенскага «Малітва». Першы радок з гэтага гімна і даў назву магілёўскаму фэстывалю. Апошнія гады для заўсёднікаў фэстывалю застаецца інтрыгай, ці пачуюць яны на фэсьце гімн «Магутны Божа».
Дужа хочацца, каб захаваўся дух ранейшых фэстываляў
«Самае галоўнае, што фэстываль „Магутны божа“ быў фэстывалем духоўнай музыкі, — кажа Алена Барысава. — Цяпер цяжка зразумець, што з ім адбываецца наагул. Не зразумела, чаму ў межах фэстывалю праходзіць кірмаш „Беларусь праваслаўная“, дзейства камэрцыйнае ў сваёй аснове. Не зразумела, чаму некаторыя імпрэзы фэстывалю, якія праводзяцца ў касьцёле, платныя. Раней такога не было. Дужа хочацца, каб у тым, што засталося ад фэстывалю захаваўся ягоны ранейшы дух».
У 1993 годзе, калі ўпершыню адбыўся фэст, яго асяродкам быў касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі.
Сёлета ў фэстывалі возьмуць удзел больш за тысячу ўдзельнікаў з 18 краінаў. Акрамя конкурсных выступленьняў у касьцёле, адбудуцца канцэрты на адкрытых пляцоўках гораду.