«Сёньня я быў у Сьледчым камітэце, і мне сказалі, што нібыта 7 чэрвеня справу супраць мяне прыпынілі, абвінавачаньне зьнялі. Таксама адмянілі падпіску аб нявыезьдзе. Аднак ніякай паперы пра гэта я не атрымліваў. Мне аддалі мае рэчы, якія былі ў гаражы. Зь мяне ўзялі падпіску аб неразгалошваньні, таму я не магу сказаць, якія менавіта рэчы. І мне сказалі, што па справе я застаюся ў якасьці сьведкі», — сказаў карэспандэнту Свабоды Сяргей Кунцэвіч.
Ён сказаў, што яму патэлефанаваў сьледчы і сказаў прыехаць для допыту і каб забраць рэчы.
«Мяне дапытвалі без адваката. Бо сьледчы сказаў, што мае права сам вызначаць, дапытваць з адвакатам ці не», — сказаў Сяргей Кунцэвіч.
Раней Сяргею Кунцэвічу паведамілі, што ягоная заява пра катаваньні ў СІЗА КДБ і ў СІЗА № 1 на Валадарскага прынятая да разгляду.
Сяргея Кунцэвіча 2 чэрвеня выпусьцілі зь СІЗА № 1.
16 чэрвеня Сьледчы камітэт Беларусі прыняў распачатую КДБ крымінальную справу па артыкуле 287 КК РБ — «стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня», вядомай як «справа патрыётаў», паведаміла прэс-служба СК. Крымінальны перасьлед спынены па артыкуле за «падрыхтоўку масавых беспарадкаў».