Сьледчы камітэт накіраваў у КДБ для «арганізацыі разгляду» заяву Сяргея Кунцэвіча, якая 7 чэрвеня паступіла ў цэнтральны апарат Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь.
Як гаворыцца ў лісьце, заява тычыцца «умоваў утрыманьня заяўніка ў сьледчым ізалятары КДБ РБ і прымяненьня да заяўніка фізычнай сілы і спэцсродкаў у будынку КДБ і СІЗА-1». У лісьце гаворыцца, каб КДБ паведаміў заяўніку пра вынікі разгляду заявы.
Таксама Сяргей Кунцэвіч як індывідуальны прадпрымальнік атрымаў позву з аддзелу прымусовага выкананьня Першамайскага раёну Менску пра спагнаньне зь яго 484,03 рубля ў фонд сацыяльнай абароны. Сяргей павінен зьявіцца ў аддзел 21 чэрвеня.
«Гэтыя два лісты прыйшлі разам. З намёкам, што мы, маўляў, пачынаем цябе тузаць», — сказаў Сяргей Кунцэвіч.
Сяргей Кунцэвіч накіраваў у Сьледчы камітэт заяву, у якой просіць правесьці праверку адносна катаваньняў у СІЗА КДБ і ў СІЗА № 1 Менску. Сяргей расказаў, што падчас допыту ў будынку КДБ Беларусі, які адбываўся без адваката, асобы ў чорнай уніформе і ў масках, калі пакой для допыту пакінулі сьледчыя, некалькі разоў ударылі яго па целе. Пасьля адзін зь іх 3-4 разы ўзьдзейнічаў электрашокерам на левую нагу цягам 30–40 сэкунд. Гэта прыносіла моцныя фізычныя пакуты. Пасьля вяртаньня ў кабінэт сьледчыя працягвалі допыт, адзін зь людзей у чорнай уніформе прыставіў да шыі электрашокер і пагражаў яго прымяненьнем.
Фігуранта «справы патрыётаў» Сяргея Кунцэвіча 2 чэрвеня выпусьцілі зь СІЗА № 1.
Пазьней старшыня КДБ Валер Вакульчык у адказ на пытаньне журналістаў, ці ўжываліся да затрыманых па «справе патрыётаў» фізычная сіла і катаваньні, сам згадаў Кунцэвіча:
«А вы пачыталі камэнтары Кунцэвіча ў Фэйсбуку? Гэта за яго таксама мы напісалі? Відэа прымусілі зрабіць і ўсё астатняе? Ці вы хочаце сказаць, што ён нейкі праўладны, ці што Камітэт яго на свой бок перацягнуў? Разам з тым зьвярніце ўвагу: нягледзячы на тое, што ў яго машыне было знойдзена, юрыдычна сьледчыя не знайшлі дастаткова доказаў, каб паставіць гэта яму ў віну. Таму было прынятае абʼектыўнае, прадугледжанае законам рашэньне».
Вакульчык не пацьвердзіў, што да зьняволеных прымяняліся катаваньні альбо ціск.
«Ну што вы кажаце?! Вы паглядзіце: яны просяцца, каб іх перавялі зь СІЗА-1 да нас! Калі ёсьць інтэлект, то зусім не абавязкова прымяняць іншыя сродкі. Катаваньні! Што вы такое кажаце?!»
Генпракуратура ня стала правяраць інфармацыю, выкладзеную ў звароце старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага, які выказваў занепакоенасьць заявамі былога кіраўніка «Белага легіёну» Сяргея Чыслава аб катаваньнях затрыманых у «справе патрыётаў». Паводле Генпракуратуры, «выкладзеная ў заяве інфармацыя носіць меркаваны характар».