Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не разумею, чаму апазыцыя сьпіць у шапку», — Ярмошына аб прапанове Дзьмітрыева


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына распавяла Свабодзе пра рэакцыю на зварот у ЦВК аднаго з кіраўнікоў грамадзкай арганізацыі «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева:

«Ніякай палітыкі ў ягонай прапанове няма. Але чаму нашы апазыцыянэры робяць усё несвоечасова? Было добра вядома, што ўсе прапановы зьменаў выбарчага заканадаўства мы павінны былі перадаць кіраўніку дзяржавы яшчэ 31 студзеня. А спадар Дзьмітрыеў прынёс свой зварот у Цэнтральную выбарчую камісію толькі 8 чэрвеня».

«Улады хочуць „пераседзець“ мясцовыя выбары»: апазыцыя нагадае пра абяцаньне палепшыць выбарчае заканадаўства

Сутнасьць прапановы кіраўніка «Гавары праўду» ў тым, каб межы выбарчых акруг у выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў вызначаць ня менш чым за паўгода да даты вызначэньня адпаведных выбараў. Паводле дзейнага Выбарчага кодэксу, цяпер «нарэзка» акруг адбываецца не пазьней за 80 дзён да выбараў, і гэта, піша Андрэй Дзьмітрыеў, «часта зьяўляецца прадметам маніпуляцый з боку ўлады... Чалавек можа за два гады да выбараў пачаць працаваць у акрузе, а потым яе пераразаюць такім чынам, што ў ёй застаецца менш за траціну папярэдніх выбарнікаў».

У звароце «Гавары праўду» ў ЦВК адзначаецца, што дзейны прынцып вызначэньня межаў акруг «звужае магчымасьці грамадзян, палітычных партый і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў у правядзеньні працы па падрыхтоўцы выбараў». Таксама там адзначаецца, што «якасная падрыхтоўка патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты і сяброў яго каманды немагчымая па-за загадзя вядомымі межамі выбарчай акругі, колькасьцю і характарыстыкамі выбарнікаў, аналізам стану мясцовай эканомікі, сацыяльнай інфраструктуры і іншых пытаньняў, якія маюць вырашальнае значэньне для правядзеньня эфэктыўнай выбарчай кампаніі».

«Прапанова пэрспэктывы ня мае. Аднак мы яе і не адкідваем»

Лідзія Ярмошына паведаміла Свабодзе, што 15 чэрвеня Цэнтарвыбаркам адказаў Андрэю Дзьмітрыеву:

«Там ёсьць тры істотныя моманты. Першы (сьцьвярджэньне, што ідзе ангажаваная нарэзка акруг, якая нібыта перашкаджае кандыдатам у дэпутаты весьці эфэктыўную выбарчую кампанію) абсалютна надуманая. У нас звычайна новыя акругі дублююць межы старых. Выключэньні вельмі рэдкія і адбываюцца за кошт новых забудоў. Андрэю Дзьмітрыеву, які балятаваўся летась у Палату прадстаўнікоў, проста не пашанцавала, бо ў ягонай акрузе сапраўды адбыліся істотныя зьмены. Але гэта толькі рэдкі выпадак. Да таго ж, і гэта важна, зьмены там адбыліся яшчэ ў 2008 годзе. То бок Дзьмітрыеў балятаваўся ў акрузе, межы якой зьмянілі яшчэ сем гадоў таму. У крайнім выпадку там мог „выпасьці“ нейкі дом. І ня болей за тое. Пакуль у нас з гэтай нагоды, акрамя звароту ад „Гавары праўду“, ніякіх скаргаў не было.

Другі момант тычыцца будучыні. Межы акруг зацьвярджаюць выбарчыя камісіі. Калі ўзяць парлямэнцкія выбары, то тут ніякіх праблемаў я ня бачу. ЦВК усё роўна, калі гэта рабіць: альбо адразу пасьля прызначэньня выбараў, альбо за паўгода, як прапануе спадар Дзьмітрыеў, альбо як цяпер. Але калі справа тычыцца мясцовых выбараў, то там акругі вызначаюць тэрытарыяльныя камісіі. Але яны пакуль не існуюць, яны зьявяцца толькі падчас выбарчай кампаніі. Хто тады будзе гэтым займацца? Выканкамы? Але гэта будзе няправільна. Аднак і гэта можна неяк вырашыць, хоць і давядзецца перакроіць увесь Выбарчы кодэкс.

І трэці момант. Усё ж зьвяртацца трэба своечасова. Усе ведалі, што Цэнтарвыбаркам і міжведамасная рабочая група разглядае прапановы, а затым перадае іх прэзыдэнту да 31 студзеня. Чаму гэты ліст Дзьмітрыева нарадзіўся толькі цяпер? Мы ж ня можам працаваць як паштальёны — нам падкінулі зварот, а мы перадаём яго кіраўніку дзяржавы.

Маё рэзюмэ такое. У найбліжэйшы час гэтая прапанова пэрспэктывы ня мае. Аднак мы яе і не адкідваем. Выбарчае заканадаўства, я думаю, будзе зьмяняцца і далей. І тады вернемся і да гэтай прапановы».

Цэнтарвыбаркам прапануе правесьці чарговыя мясцовыя выбары 18 лютага 2018 году.

Папярэднія мясцовыя выбары ў краіне адбыліся 23 сакавіка 2014 году. Яны прайшлі «незаўважна», 88% акруг ня мелі выбару. Назіральнікі фіксавалі шэраг парушэньняў, асноўнае зь якіх — прымус да галасаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG