Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастамайзынг зь беларускім характарам. Выстава дасягненьняў матацыклетнай і роварнай гаспадаркі. Фота


Афіша Recast Moto Fest 2017
Афіша Recast Moto Fest 2017

Цягам выходных у менскім Палацы мастацтваў праходзіў Recast Moto Fest 2017 — агляд дасягненьняў дызайнэрскай думкі майстроў кастамайзынгу. Канцэпцыя сёлетняй імпрэзы гучала адпаведна — «Матацыкл як твор мастацтва».

Упершыню ўдзельнікі атрымалі магчымасьць выставіцца на такой вялікай і сьветлай пляцоўцы — два папярэднія мерапрыемствы праходзілі ў сталічным бары «Хуліган». Фэстывальная дзея атрымала тэматычны падзел: тэхніка дэманстравалася на трох паверхах галерэі, унутраны дворык быў аддадзены пад зону харчаваньня, сцэну для музыкаў і цырымонію ўзнагароджаньня найлепшых.

Recast Moto Fest 2017. Фотагалерэя (каб праглядзець галерэю цалкам, націсьніце на фота):

Асноўны акцэнт быў зроблены на дызайне і ўнікальным стылі кожнага ўзору матацыклетнага эксклюзіву — як правіла, прататып выконваецца ў адзінкавым экзэмпляры і больш ніколі не паўтараецца. Гэтым разам гледачы пабачылі больш за паўсотні хэндмэйд-матацыклаў ад умельцаў зь Беларусі, Украіны, Літвы, Расеі.

Свае праекты прэзэнтавалі майстэрні Shif Custom, Zillers Garage, Rusty Bolt Motors, Dozen Garage, Falco Design, Sparta Garage, Recast Moto ды іншыя. Некаторыя не абмяжоўваліся матацыкламі і прадэманстравалі вынікі сьмелых экспэрымэнтаў з роварамі.

У адным шэрагу зь лепшымі майстрамі

Культура матацыклетнага кастамайзынгу нарадзілася ў Заходняй Эўропе ў 1970-х, падхапіўшы эстафэту амэрыканскай пераробкі («пракачкі») аўтамабіляў. Найбольш вядомы ў сьвеце беларускі майстар у гэтай галіне — Юры Шыф. Ягоныя інжынэрныя шэдэўры ўжо паўтара дзясятка гадоў становяцца трыюмфатарамі самых прэстыжных міжнародных конкурсаў. Адзін з самых любімых у публікі — жоўты Ducky — два дні выстаўляўся ў Палацы мастацтваў. Па выніках хатняга фэсту скарбонка майстэрні Shif Custom папоўнілася чарговай узнагародай.

Улюбёнец публікі жоўты Ducky
Улюбёнец публікі жоўты Ducky

Касьцяк каманды Юрыя Шыфа складаюць мэханікі, якія прыйшлі з аўтаспорту. Сваіх калегаў ён лічыць «найлепшымі ў сьвеце» і перакананы: невырашальных задач для іх папросту не існуе. А ці лічыць свой прадукт беларускім, ці ёсьць месца для нацыянальнага характару ў эпоху глябалізму?

«Так, гэта прадукт беларускі. Чаму? Таму што ён беларускі паводле сваёй філязофіі. Трэба ўлічваць нюанс, пра які ў нас не гавораць. Існуе такая рэч, як інтэлектуальная ўласнасьць. Купляючы любы замежны прадукт, зроблены дзе заўгодна, мы набываем ня толькі адзінку тавару, але і інтэлектуальную ўласнасьць. Прасьцей кажучы, кормім замежных інжынэраў, канструктараў. І ў той жа час разумеем, што заўтра бяз працы застануцца нашы спэцыялісты. Дык вось у нас — беларуская інтэлектуальная ўласнасьць. Праўда, ня ўсе разумеюць, як гэта можна ўзважыць і палічыць. Тым ня меней гэта ёсьць».

Быць у плюсе ад пераробліваньня матацыклаў складана — на рэалізацыю асобных праектаў патрабуюцца месяцы і нават гады. Таму, удакладняе Юры Шыф, ягоная задача як мэнэджэра — падтрымліваць балянс паміж кірункамі, якія дазваляюць зарабляць.

Каманда кастамайзэраў Юрыя Шыфа
Каманда кастамайзэраў Юрыя Шыфа

Сам ён даведзеныя да дасканаласьці формы лічыць ня столькі сродкам перасоўваньня (хоць кожны гатовы ставіць рэкорды фарсажу), колькі арт-аб’ектамі. Але толькі праз шмат гадоў пасьля таго, як Шыф і кампанія сталі сваімі на Захаде, іх пачалі пазнаваць дома:

«Цяпер ужо многія ведаюць, перасталі зьдзіўляцца. А яшчэ нядаўна рэакцыя была адна: няўжо гэта зроблена ў Беларусі, няўжо такое магчыма? Магчыма. Задача — хоць крыху зьмяніць вакол нас прастору, зьмяніць нашу местачковасьць, няверу ў свае сілы. І сёньня адзін з інструмэнтаў — прыгожыя, усясьветнага ўзроўню матацыклы. Калі бачыш нешта ў часопісах ці ў інтэрнэце — гэта адно. І зусім іншае, калі прывозіш іх на выставу і людзі разумеюць: гэта наша, сваё, беларускае. Пачынаюць рэальна верыць у будучыню. У нас таксама павінны быць рэчы, якімі мы ганарымся».

Надаць матацыклу нацыянальную адметнасьць

Канструктарскія ідэі Юрыя Шыфа мала стасуюцца зь мінімалісцкай палітыкай, якую дзесяцігодзьдзямі прапаведуе беларускі завод «Мотавела». Юры ня ўтойвае расчараваньня, што тамтэйшыя інжынэры не пасьпяваюць за тэхнічным прагрэсам і, нягледзячы на тэарэтычныя веды, рэдка калі гатовыя зьдзівіць сьвет на практыцы:

Узнагароджаньне Юры Шыфа
Узнагароджаньне Юры Шыфа

«Мы пра гэта часта гаворым — граматныя спэцыялісты, шмат на што здольныя. Дапусьцім. Граматныя яны граматныя, але, прабачце, апошнія 25 гадоў мы нікуды ня рухаемся. Таму, магчыма, яны і вялікія, і таленавітыя, аднак пры гэтым трэба рухацца ў рамках усясьветных тэндэнцыяў, бо сьвет не стаіць на месцы. Трэба пастаянна адпавядаць сучасным запатрабаваньням, а ня плесьціся ў хвасьце прагрэсу».

Некалькі гадоў таму Shif Custom зрабілі «кастам» сэрыйнаму менскаму матацыклу, цяпер гэта ўзор усясьветнага ўзроўню з гледзішча кастамайзынгу. Яго вывозяць на выставы, ён атрымлівае добрую міжнародную прэсу і займае пачэснае месца ў пераліку зробленага.

Зрэшты, майстэрня Юрыя Шыфа экспэрымэнтуе ня толькі зь вялікімі формамі. Нейкі час таму і на дарогах, і ў віртуальнай прасторы прыхільна быў прыняты мадыфікаваны «Харлей Дэвідсана» з выявай герба «Пагоня» на бэнзабаку — майстры надалі ліцьвінскі характар бела-чырвона-беламу «амэрыканцу» дырэктара групы рэклямных агенцтваў, саўладальніка менскай «Галерэі Ў» Аляксандра Васілевіча:

«Што тычыцца „Пагоні“, то чаму не? — гаворыць Юры Шыф. — Яна ва ўсіх сэнсах прыгожая, да „Пагоні“ мы таксама падыходзім творча. У нас нацыянальную ідэю ніхто не адмяняў, беларускія гісторыі ў нас былі, ёсьць і будуць. І гэта тычыцца ня толькі заказчыкаў, а і матацыклаў, кастамайзынгу. Трэба проста навучыцца любіць і паважаць сябе, свае карані. Тое, што на гэты момант ёсьць рэальнай праблемай, што проста выпалена ў нашай сьвядомасьці. Няма самапавагі — ад канкрэтнай асобы да ўсёй нацыі. І ўжо на адсутнасьці ці наяўнасьці гэтых базавых прынцыпаў будзе грунтавацца павага да краіны».

Кастамайзынг у Беларусі набывае ўсё большую папулярнасьць, і цяпер эксклюзіўныя мадэлі матацыклаў зьбіраюць блізу дзясятка майстэрняў па ўсёй краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG