Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Yuri Shif Custom: Беларускія гісторыі ў нашых матацыклах былі, ёсьць і будуць


Менскі стваральнік матацыклетных шэдэўраў Юры Шыф — пра матацыклы як двухколавыя арт-аб’екты, «Пагоню» на бэнзабаку і сьціплых у сваім багацьці беларусаў.

Зьмяніць да непазнавальнасьці, выклікаць ня толькі культурны шок, але і павагу да беларускага прадукту — адна з галоўных задач кастамайзінгавай майстэрні «Yuri Shif Custom».

«Наш матацыкл — ня сродак перамяшчэньня, а арт-аб’ект»

Футурыстычную тэхніку, якую ў эксклюзіўным выкананьні ствараюць хлопцы на сваёй «базе» пад Менскам, хіба што зрэдку ўбачыш сярод транспартнага патоку. Сам Юры Шыф даведзеныя да ідэалу матарызаваныя формы лічыць ня столькі сродкам перасоўваньня (хоць кожны гатовы ставіць рэкорды фарсажнасьці ды хуткасьці), колькі арт-аб’ектамі. Ня дзіва, што з такой філязофіяй усяго за тузін гадоў калектыў пад кіраўніцтвам «майстра Шыфа» набыў аўтарытэт, раўнаважны прызнаным амэрыканскім і эўрапейскім «кастамэрам»:

Юры Шыф
Юры Шыф

«Матацыклы былі і ёсьць даўно, але сутнасьць у тым, што мы прапануем паслугу. З аднаго боку, на паслугу павінна быць патрэба, з другога — магчымасьць яе аказваць. На пачатку 2000-х зьявіліся людзі, якія былі гатовыя гэтую паслугу спажываць. Чаму менавіта паслугу? Таму што людзі ўсе розныя, мы ж не аднолькавыя, хочам быць індывідуалістамі. А матацыкл — гэта ўвогуле асаблівая гісторыя, кожны гаспадар хоча быць адметным, ні да кога не падобным. І вось тут мы якраз гэтым займаемся, у асобна ўзятай краіне. Бо, скажам, у 1990-х спажыўцоў такога прадукту папросту не было, людзі не былі гатовыя спажываць такі прадукт, як матацыкл паводле індывідуальнага праекту. У 1990-я былі няпростыя часы, кожны працаваў і выжываў як мог, ня ўсе займаліся тым, чым хацелі і што любілі».

У майстэрні «Yuri Shif Custom»
У майстэрні «Yuri Shif Custom»

Робячы экскурс у нядаўняе мінулае, Юры Шыф тлумачыць, што культура матацыклетнага кастамайзінгу нарадзілася ў Заходняй Эўропе ў 1970-х, падхапіўшы эстафэту амэрыканскай «пракачкі» аўтамабіляў. Такім чынам, прыдумляць з нуля нічога не давялося, бо людзі, якія пачалі займацца гэтай тэмай 40 гадоў таму, заклалі базавыя асновы на будучыню. Па словах суразмоўцы, трэба было проста вывучыць назапашаны досьвед і, дзе яшчэ магчыма, прыстасаваць яго пад сучасныя рэаліі. Каб набыць практычныя веды, Юры Шыф наведваўся ў эўрапейскія майстэрні, езьдзіў на статусныя выставы. Калі ж набраўся базавых ведаў, засталося зрабіць крок наперад:

«І мы гэты крок зрабілі — не адразу, вядома, але пасьлядоўна ішлі да сваёй мэты. Напрыклад, у 2010-м, пяць гадоў таму, выйгралі чэмпіянат сьвету па матацыклетным кастамайзінгу ў Амэрыцы, ёсьць і такія спаборніцтвы. Гэта досыць шматэтапная гісторыя, у рамках якой спачатку праводзяцца рэгіянальныя чэмпіянаты, а ўжо ў фінале сустракаюцца шалёныя людзі з усяго сьвету, якія будуюць гэткія ж шалёныя матацыклы».

Уганараваньне за Terminator
Уганараваньне за Terminator

Паўстае лягічнае пытаньне: дзе спадар Шыф шукае «шалёных людзей» для сваёй майстэрні? Нават мала абазнаным у дэталях такога спэцыфічнага бізнэсу зразумела, што першаму сустрэчнаму такую ювэлірную справу не даручыш:

«Хлопцы, вядома, таксама вывучалі адпаведную літаратуру, езьдзілі на выставы. Але на самой справе касьцяк нашага калектыву складаюць мэханікі, якія прыйшлі з аўтаспорту. У Менску калісьці была спартыўная каманда па картынгу, я быў яе кіраўніком, таму збольшага кадры якраз адтуль. Гэта ўсё людзі, як кажуць, з галавой у тэхніцы, зусім не пабочныя».

«Мы сабралі спэцыялістаў усясьветнай кваліфікацыі»

Дылетантам Юры Шыф тлумачыць, што трэба падзяляць паняцьці байкерскага руху і кастамайзінгу: масавыя матацыклы і заводзкая вытворчасьць «двухколак» бясконца далёкія ад таго, чым займаецца ягоная майстэрня:

«Адразу папярэджваю, што трэба абсалютна дакладна разумець: ёсьць матацыклетны рух, а ёсьць тое, чым займаемся мы. Вядома, для нашых шыротаў тое, што мы робім, — рэч досыць нетыповая. Таму шмат хто задаецца пытаньнем: а што вы тут, чувакі, увогуле творыце з вашымі матацыкламі? На што цярпліва адказваем: у прынцыпе, да таго, чым мы займаемся, матацыклы маюць досыць апасродкаваныя адносіны. Матацыкл — гэта ўсяго толькі інструмэнт зьмены сьвядомасьці людзей. Гэта паказьнік таго, што мы можам рабіць рэчы ўсясьветнага ўзроўню, і пры гэтым ня важна, дзе менавіта. Таму часта людзі сапраўды не разумеюць, што ў нас такое магчыма».

Праект Gustav Skippone
Праект Gustav Skippone

Зрэшты, ад пачатку 2000-х, калі Шыф і кампанія пачалі зьдзіўляць сьвет элітарных спажыўцоў мотапрадукцыі, завеса няверы ў звышздольнасьці паступова спадае і на радзіме:

«Так, пра нас пачулі таксама, цяпер ужо многія ведаюць, перасталі зьдзіўляцца. Але яшчэ нядаўна рэакцыя была адна: няўжо гэта зроблена ў Беларусі, няўжо такое магчыма? Магчыма. Задача — хоць крыху зьмяніць вакол нас прастору, зьмяніць нашу местачковасьць, няверу ў свае сілы. І сёньня адзін з інструмэнтаў — прыгожыя, усясьветнага ўзроўню матацыклы. Калі бачыш нешта ў часопісах ці ў інтэрнэце — гэта адно. А зусім іншае, калі мы прывозім іх на выставу, дзе людзі разумеюць, што гэта наша, сваё, беларускае. І пачынаюць рэальна ганарыцца, верыць у будучыню. У нас павінны быць рэчы, якімі мы ганарымся».

Юры Шыф на The Machine
Юры Шыф на The Machine

Выраб эксклюзіўных мадэляў — справа надзвычай матэрыялаёмістая і фінансава затратная. Аддачы даводзіцца чакаць месяцамі ці нават гадамі. Дык ці сыходзіцца «дэбэт з крэдытам»?

«Калі мы гаворым пра кастамайзінг як бізнэс, то гэта ня самы ўдзячны бізнэс. За зьнешнім лоскам — вялізны аб’ём працы і недаспаных гадзінаў. У нас працуюць лепшыя спэцыялісты ў сьвеце — з усёй адказнасьцю кажу, што гэта людзі ўсясьветнай кваліфікацыі. Зразумела, не адразу такімі сталіся, зь цягам часу расьлі, сталі прафэсіяналамі. І гэта не фанатычная адданасьць, бо ў нас, прабачце, усё працуе і любая рэч разьвіваецца гэтак жа, як і ваша. Чаму? Таму што гэта камэрцыйнае прадпрыемства, паміж прыбыткамі і выдаткамі павінен быць пэўны балянс. Мая задача, як і мастацкага кіраўніка ў тэатры, гэты балянс падтрымліваць. Мы не мэцэнаты, не дабрачыньнікі — не. У нас ёсьць свае мэты, задачы, мы працуем, разьвіваемся. Да таго ж існуюць іншыя напрамкі, якія дазваляюць зарабляць: у прыватнасьці, праекты, зьвязаныя з дызайнам і інжынірынгам, не зьвязаныя з кастамайзінгам. Вось гэтыя праекты дазваляюць часам забаўляцца».

«The Machine — не талісман, але чэмпіёны не прадаюцца»

На імправізаваным зборачным канвэеры «Yuri Shif Custom» — жалезныя рамы, у якіх хіба што контурна ўгадваецца будучы эксклюзіў. З кожным наступным цыклем «гнутыя трубы» набываюць свае ўнікальныя формы. На пляцоўцы «гатовых вырабаў» — некалькі бліскучых матацыклаў самых неверагодных тыпаў і расфарбовак, уключна зь пераможцам «World champion-2010»:

«З таго, што тут бачыце, некаторыя матацыклы належаць майстэрні — то бок, якія мы стварылі і возім на выставы. На самой справе гэта ўжо, па большай частцы, гэткія арт-аб’екты. Само сабой, яны ўсе езьдзяць, працуюць, але ёсьць рэчы, задача якіх — ня столькі езьдзіць па дарозе, колькі ўдзельнічаць у шоў-выставах і радаваць людзей. Такія вось прыярытэты. Частка тэхнікі у сэрвісе: гэта зробленыя ў нас матацыклы, якія мы, адпаведна, тут і абслугоўваем. Штосьці ў працы, штосьці захоўваецца».

Карэспандэнт: «Дзіўна бачыць і пераможцу чэмпіянату сьвету-2010 — экстравагантны The Machine. У тым сэнсе, што ён не прададзены».

«Не, ён тут, у нашай майстэрні. Мы яго не прадаём. Не, гэта не талісман, проста я лічу, што ня трэба яго прадаваць, хоць сапраўды паступалі прапановы з-за мяжы, каб яго набыць. Але пакуль не настолькі ўсё дрэнна, каб ад яго пазбаўляцца, пакуль ён не прадаецца. Можа, заўтра ў нас нешта памяняецца, але на гэты момант лічым, што мы павінны яго захаваць».

Праект Time Machine у гонар гурту «Машина времени»
Праект Time Machine у гонар гурту «Машина времени»

Цікаўлюся ў суразмоўцы, ці не было жаданьня зьмяніць прапіску на карысьць краіны, дзе матацыклетны кастамайзінг мае нашмат даўнейшыя традыцыі і выбар кліентуры не залежыць ад пэрманэнтных крызісаў?

«Мы і без таго частка ўсясьветнай індустрыі, толькі ў Беларусі. Іншымі словамі, працуем для ўсіх, але на сваёй зямлі, у сябе дома. Нікуды мы адсюль не павінны ехаць, нідзе ў нас нічога няма. Чаму мы павінны быць дзесьці і на кагосьці „пахаць“? Гэта ўжо даўно вырашана, што мы будзем працаваць тут. Хоць, зноў жа, калі толькі пачыналі, з шэрагу зразумелых прычынаў неабходна было вызначацца: дзе мы і на якім сьвеце ўвогуле? Тады сапраўды фігуравалі варыянты Масквы, Санкт-Пецярбургу, таму што, так склалася, асноўныя спажыўцы нашага прадукту — расейцы. Тым ня меней мы вырашылі, што нікуды не паедзем, а будзем жыць і працаваць у Беларусі. А ўвогуле заказчыкі разнастайныя, розныя ёсьць гісторыі».

Карэспандэнт: «Беларусы, наколькі можна зразумець, у меншай долі?»

«Што тычыцца Беларусі, то пакуль у нас культура спажываньня пэўных прадуктаў толькі зараджаецца. Не таму, што тут недастатковая колькасьць заможных грамадзянаў, проста ў нас людзі ў сілу пэўных абставінаў ня вельмі ахвотна дэманструюць сваю індывідуальнасьць, не выстаўляюць напаказ свае здабыткі. Усё на самой справе больш сьціпла на фоне той жа Расеі. Хоць, паўтаруся, у нас хапае заможных людзей, якія б маглі замовіць эксклюзіўны дызайн матацыкла».

Праект «Виктор Цой» у антуражы качагаркі
Праект «Виктор Цой» у антуражы качагаркі

Зрэшты, уласьцівую беларусам сьціпласьць дэманструе і майстэрня Шыфа — адраснае паходжаньне мастацкага рэстайлінгу таксама напаказ не выстаўляецца. Чаму няма ўласнага лэйбла на бэнзабаку ці раме?

«Мы ня ставім свой знак навідавоку, тут крыху іншая гісторыя. Справа ў тым, што мы не сэртыфікаваны вытворца, мы робім дызайн, калі казаць карэктна. Каб рэальна стаць вытворцам, напісаць „матацыклетны завод Шыфа“, гэта надзвычай складаная працэдура. На самой справе мы дызайнэрскі, інжынірынгавы калектыў, адпаведна, працуем з дызайнам і інжынірынгам. Вядома, дзесьці ў глыбіні канструкцыі можам напісаць „Yuri Shif Custom“, але дамінаваць усё роўна будзе назва іншая. Калі ёсьць назва майстэрні, у якой праходзіла праца па аднаўленьні, гэта нармальна. Але калі мы рэстаўруем нейкі стары матацыкл — скажам, гэдээраўскі MZ — мы ж не напішам на ім „Шыф“. Проста прымацоўваем маленькую таблічку, што ён адрэстаўраваны ў матацыклетнай майстэрні. Вось такая гісторыя месца мае».

Праект Abordage
Праект Abordage

«Пагоня» — прыгожая, мы да яе падыходзім творча»

Матацыкл — працяг сутнасьці гаспадара. Нядаўна сеціва абышоў здымак радыкальна мадыфікаванага «Харлей Дэвідсана» з выявай герба «Пагоня» на бэнзабаку. Над бел-чырвона-белым «амэрыканцам» плённа папрацавалі тутэйшыя майстры, надаўшы яму выразны літвінскі характар. Наагул, кажа Юры Шыф, майстэрня гатовая выканаць любы капрыз заказчыка — ад патрыятычнага да самага эпатажнага:

«Можам выканаць што заўгодна, праблемаў няма. Што тычыцца „Пагоні“? А чаму не? Вельмі добра, яна ж ва ўсіх сэнсах прыгожая, да „Пагоні“ мы таксама падыходзім творча. Хачу нагадаць, што ў нас нацыянальную ідэю ніхто не адмяняў, беларускія гісторыі ў нас былі, ёсьць і будуць. І гэта тычыцца ня толькі заказчыкаў, а і матацыклаў, кастамайзінгу. Прыкладам, зрабілі „кастам“ менскаму матацыклу, цяпер гэта матацыкл усясьветнага ўзроўню з гледзішча кастамайзінгу. Мы яго вывозім на выставы, ён усюды друкаваўся, проста зорка (стаіць на пачэсным месцы). А калі ўжо гаварыць пра рэчы актуалізаваныя, якія, мабыць, маюць большае значэньне для вас, то трэба проста навучыцца любіць і паважаць сябе, свае карані. Тое, што на гэты момант ёсьць рэальнай праблемай, што проста выпалена ў нашай сьвядомасьці. Няма самапавагі — ад канкрэтнай асобы да ўсёй нацыі. І ўжо на адсутнасьці ці наяўнасьці гэтых базавых прынцыпаў будзе грунтавацца павага да краіны».

За колькі рублёў ці даляраў арт-аб’ект з «набору трубаў» пераўтвараецца ў твор мастацтва — пытацца некарэктна. Таму цікаўлюся іншым: за які прамежак часу заказчык можа атрымаць непаўторнага і адзінага «жалезнага каня»?

«Гісторыі вельмі розныя, кожны раз індывідуальныя, працэс можа расьцягнуцца ад пары месяцаў да некалькіх гадоў. Прыкладам, у мінулым годзе скончылі адзін праект, над якім біліся ажно два з паловай гады! Вельмі складаная была замова інжынірынгава, неверагодна складаная тэхнічна. Плюс надзвычай затратная па часе, дый маральна хлопцам давялося нялёгка. Гэта быў самы цяжкі праект за ўсе нашы 12 гадоў, і, спадзяюся, нічога падобнага мы больш рабіць ня будзем. Але такая вось гісторыя ў нас была. У сярэднім жа праца займае прыблізна 6 месяцаў, то бок паўгода».

Гонарам апошніх распрацовак майстэрні «Yuri Shif Custom» — матацыкл «Terminator», адмыслова выраблены да 30-годзьдзя выхаду на вялікія экраны першай сэрыі легендарнага фільму з Арнольдам Шварцэнэгерам. Тэхнічны шэдэўр нязьменна прыцягвае вялізную колькасьць гледачоў на матацыклетных шоў-паказах, а да таго ж стаў героем аднайменнага відэакліпу-прэзэнтацыі.

Тытулы майстэрні «Yuri Shif Custom» ад сярэдзіны 2000-х:

2006. Мота-Парк, RuRiders Custom&Tuning Show, Масква. Best in Show — матацыкл «No Jokes»

2007. Мота-Парк, RuRiders Custom&Tuning Show, Масква. «Лепшы кастам» — матацыкл году «Time Machine»

Custombike-2007, Нямеччына. Best Craziest Bike — матацыкл «Time Machine»

Mirax Custom Show, Масква. Лепшы інавацыйны праект — матацыкл «Time Machine». Лепшы V-Twin — матацыкл «Holey Boy»

2008. Мота-Парк, RuRiders Custom&Tuning Show, Масква. Спэцыяльны прыз «За ўнёсак у расейскі кастамайзінг».

2009. Custombike-2009, Нямеччына. Best Streetfighter — матацыкл DUster.

Мота-Парк, RuRiders Custom&Tuning Show, Масква. Мадыфікаваны Harley-Davidson — матацыкл «Валеры Чкалаў». Тры колы — матацыкл «Episode 2».

2010. Moto Bike Expo 2010, Італія Best of Show — матацыкл «DUster».

RuRiders Custom&Tuning Show 2010, Масква. Лепшы мэтрычны праект — матацыкл DUster.

AMD World Championship of Custombike Building 2010, Стурджыс, штат Паўднёвая Дакота, ЗША. Тытул чэмпіёна сьвету ў клясе матацыклаў зь неамэрыканскімі маторамі «Metric World Championship» — матацыкл «The Machine». Трэцяе месца ў агульным заліку «Freestyle Class», матацыкл «The Machine».

Custombike-2010, Нямеччына. Best of Show — матацыкл «The Machine». Best Engineering — матацыкл «The Machine»

2011. Super Rally 2011, Літва. Best Softail — матацыкл «Abordage». Best of Show — матацыкл «Abordage».

2012. Мота-Парк, RuRiders Custom&Tuning Show, Масква. «Народжаны ў СССР» — матацыкл «Самы хуткі M1NSK». Мэтрычны матацыкл — матацыкл «Самы хуткі M1NSK».

Intermot 2012, Кёльн. Custombike Championship, Нямеччына. Cafe Racer — матацыкл «Ducati Shifter».

Custombike-2012, Нямеччына. Best Cafe Racer — матацыкл «Ducati Shifter».

2013. Мота-Парк, Custom&Tuning Show, Масква. Best of Show — матацыкл Ducati GT «Shifter». Лепшы мэтрычны праект — матацыкл Ducati GT Shifter. Мадыфікаваны Harley-Davidson — матацыкл Little Queene.

2014. Custombike-2014, Нямеччына. Best Radical — матацыкл «Terminator».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG