Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інструкцыя абеларушваньня «Харлея» ад Аляксандра Васілевіча


Уладальнік культавага матацыкла з «Пагоняй» падзяліўся са Свабодай, як узьнікла і была рэалізаваная ідэя ўпрыгожыць «Харлей Дэвідсан» нацыянальнай сымболікай.

Сёлета надвор’е падарыла байкерам досыць працяглы сэзон, дазволіўшы напоўніцу атрымаць асалоду ад паездак.

Адным з самых заўважных матацыклаў на менскіх дарогах стаў «Харлей Дэвідсан» з падкрэсьленай нацыянальнай прыналежнасьцю: у бел-чырвона-белай гаме, з «выразанымі» на баках бензабаку гербамі «Пагоня».

Гаспадар мадыфікаванага «Харлея» — дырэктар групы рэклямных агенцтваў, саўладальнік культавай менскай «Галерэі Ў» Аляксандар Васілевіч. Выканаўца замовы — каманда Юрыя Шыфа, заснавальніка кастамайзінгавай майстэрні Yuri Shif Custom.

Двухколавы эксклюзіў Аляксандра Васілевіча
Двухколавы эксклюзіў Аляксандра Васілевіча

Аляксандар расказаў Свабодзе, што на гэтым матацыкле ад’езьдзіў амаль два сэзоны, але вершнік на борце зьявіўся толькі сёлета — давялося набрацца цярпеньня. Ідэю абеларусіць транспартны сродак тлумачыць «унутраным пакліканьнем»:

«Вы ж бачыце, у якіх колерах вытрыманы матацыкл. Таму ідэя нарадзілася досыць проста. Магчыма, яна вымалявалася адразу ж, на месцы, ужо цяжка нават згадаць. Але пэўна, што нічога штучна да ідэі не прыцягвалася, не падганялася. Справа ў тым, што адпачатку Юра рабіў матацыкл для іншага чалавека, але там нешта „ня склеілася“, падрабязнасьцяў ня ведаю. І калі я прыехаў, паглядзеў на яго, ён мне адразу спадабаўся. Вось і ўсё. Потым крыху дапрацавалі — і выйшла тое, што сёньня бачым».

Аляксандар удакладніў, што прыйшоў да Юрыя Шыфа наконт зусім іншага варыянту, але той паглядзеў і сказаў: «Я ведаю, што табе больш пасуе». І паказаў матацыкл, які патэнцыйнаму пакупніку адразу спадабаўся стылёва. Суразмоўца кажа, што «Пагоня» на яго прасілася сама па сабе, з чым пагадзіўся і Юры. Адзінае, давялося чакаць цэлы сэзон, бо тэхнічная рэалізацыя задумы аказалася даволі складанай.

Аляксандар Васілевіч каля «Галерэі Ў»
Аляксандар Васілевіч каля «Галерэі Ў»

«Пагоня» на бел-чырвона-белым «Харлеі» — асобны тэхнічны складнік. Перадусім, як кажа Аляксандар Васілевіч, гаворка не пра трафарэт, які можна перанесьці на любую паверхню. Трэба было спраектаваць варыянт, які б можна было выразаць на алюмініевых накладках на бэнзабаку:

«„Пагоню“ набіваў Юра, яго майстры, але, зразумела, з маёй падачы. Няпростая была задача, бо трэба было спраектаваць макет, які б ня вываліўся з зададзенай рамкі. Відаць, нават у такіх спэцыялістаў выйшла ня зь першага разу. Адпачатку на гэтым месцы былі алюмініевыя накладкі, дык хлопцы гэты блёк вынялі і потым ужо выразалі „Пагоню“. Таму было даволі цяжка, бо сам па сабе складаны малюнак вершніка. Безумоўна, рэалізацыя ў такой тэхніцы патрабуе шмат высілкаў і вялікага майстэрства».

Вершнік атрымаўся «аб’ёмны»
Вершнік атрымаўся «аб’ёмны»

Цікаўлюся ў Аляксандра: як рэагуюць на такі выгляд матацыкла ўдзельнікі дарожнага руху? Суразмоўца запэўнівае, што праблемаў з боку Дзяржаўтаінспэкцыі няма — прынамсі пакуль; тэхнічны агляд пройдзены пасьпяхова. А кіроўцы ды пешаходы, без перабольшаньня, у захапленьні:

«Пакуль — так, варыянт сапраўды адзіны, але спадзяюся, што зь цягам часу такога транспарту на нашых дарогах будзе больш. Што да рэакцыі, то ніякіх нэгатыўных водгукаў ня чуў, усім падабаецца. Адмоўнага стаўленьня не заўважыў, усе на пазытыве. Вы ж самі бачыце, што гэта проста прыгожа. Наляпіце сюды нешта іншае зь цяперашніх сымбаляў і зацаніце, ці будзе гэтак жа эстэтычна. На жаль, уся прыгажосьць сыдзе».

Гаспадар і тэхніка: нацыянальна сьвядомыя
Гаспадар і тэхніка: нацыянальна сьвядомыя

На харлееўскім бензабаку стаіць адсылка да майстэрні Yuri Shif Custom, якая і аздобіла матацыкл згодна з пажаданьнямі гаспадара — каб надаць яму выразны літвінскі характар. Сам Юры Шыф кажа, што паставіўся да замовы з усёй паўнатой адказнасьці:

Знак якасьці: Yuri Shif Custom
Знак якасьці: Yuri Shif Custom

«„Пагоня“? А чаму не? Вельмі добра, яна ж ва ўсіх сэнсах прыгожая, да „Пагоні“ мы таксама падыходзім творча. Хачу нагадаць, што ў нас нацыянальную ідэю ніхто не адмяняў, беларускія гісторыі ў нас былі, ёсьць і будуць. І гэта тычыцца ня толькі заказчыкаў, а і матацыклаў, кастамайзінгу. Прыкладам, зрабілі „кастам“ матацыкла менскага мотавелазаводу, цяпер гэта прадукт усясьветнага ўзроўню з гледзішча кастамайзінгу. Мы яго вывозім на выставы, ён усюды друкаваўся, проста зорка. А калі ўжо гаварыць пра рэчы актуалізаваныя, то трэба проста навучыцца любіць і паважаць сябе, свае карані. Тое, што на гэты момант ёсьць рэальнай праблемай, што проста выпалена ў нашай сьвядомасьці. Няма самапавагі — ад канкрэтнай асобы да ўсёй нацыі. Бо на адсутнасьці ці наяўнасьці гэтых базавых прынцыпаў грунтуецца павага да краіны».

Юры Шыф, заснавальнік кастамайзінгавай майстэрні
Юры Шыф, заснавальнік кастамайзінгавай майстэрні

Чым патлумачыць усплёск цікавасьці з боку актыўнай часткі грамадзтва да гістарычнай, культурнай спадчыны цяперашняй Беларусі? Аляксандар Васілевіч лічыць, што гэта заканамерны працэс, запачаткаваны яшчэ ў сярэдзіне 2000-х:

«Гэта лягічны працяг усяго таго, што адбываецца ў краіне. І гэта нармальна. Ніякі не супраціў, а проста цікавасьць да сваёй культуры, да мовы, да базавых рэчаў любога грамадзтва. Калі раней яно ўспрымалася збольшага як культурна-вясковы фэномэн, то цяпер становіцца культавым, модным, папулярным. Вось мы стаім побач зь беларускамоўным барам, дзе заўсёды шматлюдна. Тут жа Галерэя сучаснага мастацтва — заўважце, не салён па продажы пэйзажаў ды натурмортаў. У комплексе зь іншымі праявамі нацыянальнай адметнасьці гэта дадае новы сэнс нашаму часу. Тэма, шчыра кажучы, асобная, таму што калісьці, у сярэдзіне нулявых, мы аднымі зь першых пачыналі рабіць рэкляму на беларускай мове. Быў досыць працяглы працэс, і цяпер мы назіраем калі не вяршыню, то значную частку гэтага працэсу. Галоўнае, каб усё ўрэшце не завалілася, каб не ператварылася ў маскультавы трэш».

Удалы сымбіёз: гісторыя і сучаснасьць
Удалы сымбіёз: гісторыя і сучаснасьць

2015 год адзначаны падвышаным інтарэсам да нацыянальнай сымболікі. У розных варыянтах прадукуюцца цішоткі, кашулі, швэдры з варыяцыямі традыцыйнага беларускага арнамэнту. Сьледам зьявіліся ўпрыгожаньні для аўтатранспарту — «палосы-вышыванкі» на капот ды астатнія элемэнты кузава.

Аляксандар Васілевіч і ягоны сьвядомы «Харлей»
Аляксандар Васілевіч і ягоны сьвядомы «Харлей»

Асобныя энтузіясты разгарнуліся напоўніцу: у верасьні Свабода пісала пра бел-чырвона-белы «MINI Countryman» з гербам «Пагоня» на даху. Тутэйшую адметнасьць брытанскай машыне «прышчапіў» Ільля Прохараў — блогер, супрацоўнік аўтамабільнага холдынгу «Атлант-М».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG