Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гараць помнікі архітэктуры


Гарыць былы палац Сапегаў, пазьней піўзавод
Гарыць былы палац Сапегаў, пазьней піўзавод

Дзьве гадзіны ў Горадні гарэў стары будынак. Сотні, тысячы людзей сьпяшаліся паглядзець. І столькі ж маглі бачыць з вокнаў машын, аўтобусаў, тралейбусаў.

Пажар быў каля цэнтральнага моста церазь Нёман. І турыстаў нямала стала сьведкамі здарэньня: выходны дзень!

Сацыяльныя сеткі вобмегам напоўніліся здымкамі і відэа. Агонь, дым! Што ж, пажар прыцягваў увагу ва ўсе часы. Цікава іншае. Большасьць напісала: гарыць піўзавод. Нехта дадаваў — былы. (Як, напрыклад, гарадзкая газэта). І толькі некаторыя — што пажар здарыўся ў помніку архітэктуры ХІХ стагодзьдзя, які лічыцца былым палацам Сапегаў.

Стары нёманскі мост зрабіўся «трыбунай» для ахвотных паназіраць за пажарам
Стары нёманскі мост зрабіўся «трыбунай» для ахвотных паназіраць за пажарам

Нібы закіды мае хісткія. Для большасьці, калі ў царкве быў склад угнаеньняў і загарэлася, то ясна — пажар на складзе. Начальства якраз знаходзіцца пасярэдзіне. Калі піўзавод у Горадні збанкрутаваў, яно прагнула прадаць хоць каму-небудзь менавіта завод. Але з падводнымі камянямі. Бо адразу ахвотных папярэджвалі: паколькі гэта яшчэ пачаткова і помнік архітэктуры, то цана будзе завоблачная. Хоць на помнік піўзавод, ясна, не выглядаў, усё каштоўнае было зь яго аблічча сьцёртае, асабліва за гады савецкай улады.

Карацей кажучы, ніхто браць не хацеў. І нам невядомы мэханізм — ці каму навязвалі, ці знайшліся іначай патрэбныя людзі, хто згадзіўся. Завод урэшце быў набыты і працягваў псаваць сваім змрочным выглядам турыстычныя мясьціны горада над Нёманам. Потым здарыўся перапродаж. Але нічога не мянялася. Толькі некалькі разоў агучваліся прыўкрасныя пляны, як добра будуць выкарыстаныя пабудовы ў выгодным месцы на беразе ракі.

Цягнуліся гады. Пакуль не было вырашана забраць назад і зноў выставіць на таргі былы палац Сапегаў, які ў розны час належаў іншым вядомым магнатам. Аўкцыён вырашылі правесьці 26 траўня. За пяць дзён перад гэтым здарыўся моцны пажар.

Гарыць былы палац Сапегаў, пазьней піўзавод
Гарыць былы палац Сапегаў, пазьней піўзавод

Пажары ў помніках архітэктуры — рэч, можна сказаць, даволі звычайная. Трэба дадаць: часьцей у безгаспадарчых. Хаця неабавязкова. Дзяржава крывадушна нам кажа: я цаню ўсякія такія палацы і гэтак далей. Гляньце прэйскурант: цэны стаўлю завоблачныя, гэтыя сьцены для мяне больш каштоўныя, чым усякія смарагды. Вынік вядомы — збыць не ўдаецца. Потым камусьці раптоўна прададуць, абы «збагрыць». Гэты нехта руйнуе і складае наноў з блёкаў. Такіх прыкладаў у Горадні хапае.

Альбо час ідзе, нічога не мяняецца, а потым здараецца пажар. Як у нашым сьвежым выпадку зь «піўзаводам».

Толькі ў адной Горадні на маёй памяці кожныя дзесяць год такія пажары. Палац віцэ-губэрнатарскі згарэў, дзьвесьце гадоў якому. Праўда, там якраз рамонт рабілі. Яшчэ раней лямус каралеўскіх часоў. Пасьля таго, як унутры ўсё больш-менш аўтэнтычнае было зьнішчана агнём, усё ж знайшлі гаспадара, які адбудаваў і зрабіў рэстаран.

Вады пажарнікам спатрэбілася шмат, сталі браць зь Нёману
Вады пажарнікам спатрэбілася шмат, сталі браць зь Нёману

А памятаеце палац у Жэмыслаўі гарэў? А калісьці некалі тое ж здаралася ў Мірскім замку. Думаю, што чытачам няцяжка будзе прыгадаць іншыя прыклады.

А нядаўна мне расказаў слонімскі пісьменьнік Сяргей Чыгрын, як уратаваў абарончы храм у Сынковічах. Працаваў там загадчыкам клюбу на спьпіртзаводзе. У помніку архітэктуры быў склад ільнотрасты. І хтосьці падпаліў. А гасіць яе вельмі складана, расказваў Чыгрын. Дзьве гадзіны не маглі даць рады. Добра, што зіма была, сумёты, і ён быў не адзін. А так бы напісалі бадай у раёнцы, што згарэў склад ільнотрасты.

Калі я зрабіў некалькі кадраў, да мяне рашуча ступіў афіцэр-міліцыянт: «Снимать пожар некрасиво, люди работают, покиньте территорию». А красіва вось так марнаваць палацы Сапегаў?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG