Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Могуць, калі хочуць», — артысты з Украіны, якіх ноч трымалі на мяжы, дзякуюць беларускім памежнікам і Свабодзе


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«На адваротным шляху праходзілі мяжу, спачатку зь Літвой, а потым і беларуска-ўкраінскую, без замаруджваньня, вельмі хутка. Могуць, калі захочуць. Лічу, канфлікт можна забыць», — гэтак пракамэнтаваў дзеяньні беларускіх памежнікаў 22 траўня вядомы ўкраінскі сьпявак Мар’ян Гадзенка і падзякаваў Свабодзе за дапамогу пасьля таго, як, паводле ўкраінскіх артыстаў, іх беспадстаўна прамарудзілі на пункце пропуску «Новая Гута» беларускія памежнікі.

У ноч на 18 траўня юныя артысты з украінскага дзіцячага ансамблю «Салавейкі» разам з журналістамі, апэратарамі, гукарэжысэрам і вядучым Мар’янам Гадзенкам уехалі на аўтобусе ў Беларусь з Украіны. На прапускным пункце «Новая Гута», паводле ўкраінцаў, іх пратрымалі з 2 амаль да 7 гадзін раніцы, пры гэтым да праверкі не выпускалі ў прыбіральню нават дзяцей, а таксама не дазвалялі праграваць рухавік, каб сагрэцца ў аўтобусе. Мар’ян Гадзенка, калі ўкраінцы даехалі да Менску, дзе мусілі выступаць на канцэрце ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур, расказаў, як спрабаваў паўзьдзейнічаць на памежнікаў з «Новай Гуты»:

Мар’ян Гадзенка
Мар’ян Гадзенка

«Я іх пачаў прасіць, што людзі добрыя, ўжо шостая раніцы, дзеці хочуць у туалет, а нам не дазвалялі, нават машыну завесьці не дазвалялі і дзеці мерзьлі. Што яны гэтым хацелі сказаць, я не разумею. Я ім патлумачыў, куды мы едзем, сказаў, што зайдзіце на сайт амбасады Ўкраіны, там напісана пра наш канцэрт, сказаў, што я ня злодзей, што я чалавек, які любіць беларусаў. І мне сапраўды балюча, што пасьля гэтай ночы нашая моладзь, якая ехала з намі, будзе кепска ставіцца да Беларусі толькі за тое, што зь імі так абышліся. Гэта быў зьдзек у прамым значэньні слова», — казаў пра інцыдэнт украінскі артыст.

19 траўня ў Памежным камітэце Беларусі, куды карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся па камэнтар, пасьля праверкі так адказалі на прэтэнзіі ўкраінскіх артыстаў:

«Мікрааўтобус маркі „Мэрсэдэс“, у якім ехалі 13 грамадзян Украіны, прыбыў у пункт пропуску „Новая Гута“ на ўезд у Беларусь каля 4 гадзін 15 хвілін раніцы 18 траўня і знаходзіўся на ягонай тэрыторыі да 6 гадзін 40 хвілін, усяго каля 2 гадзін 25 хвілін. Гэта было выклікана тым, што перад ім у чарзе на афармленьне знаходзілася яшчэ 4 аўтобусы рэгулярных і нерэгулярных зносін. На іх афармленьне нарматывам адпушчана да 40 хвілін, і таму, пакуль яны не былі аформленыя, давялося чакаць. Акрамя таго, усе пасажыры, якія зьвярталіся да супрацоўнікаў пункту пропуску з просьбай наведаць месцы агульнага карыстаньня, такую магчымасьць атрымалі, і гэта можа быць пацьверджана відэазапісамі з камэраў відэаназіраньня, разьмешчаных у пункце пропуску», — паведаміў прэсавы сакратар Памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.

Мар’ян Гадзенка падлікі беларускіх памежнікаў ня стаў камэнтаваць, але сказаў, што таксама вёў запісы і можа іх паказаць. Паводле гэтых запісаў, украінцы прыбылі на мяжу Ўкраіны зь Беларусьсю ў 0.30, а на беларускім баку былі ўжо ў 2 гадзіны. «І ў прыбіральню дзяцей пусьцілі толькі пасьля 6 раніцы», — дадаў спадар Гадзенка. Пасьля канцэрту ў Менску ўкраінскія артысты паехалі ў Літву, дзе, паводле Мар’яна Гадзенкі, выступілі таксама вельмі пасьпяхова. Адваротны шлях ва Ўкраіну празь Беларусь 22 траўня заняў усяго 6 гадзін, бо на межах затрыманьняў гэтым разам не было.

«Учора, калі ехалі дамоў, дык на беларуска-літоўскай мяжы беларускія памежнікі прапусьцілі нас за 12 хвілін, а на беларуска-ўкраінскай — за 18 хвілін. І ўсе артысты кажуць за гэта вялікі дзякуй, і вам за дапамогу, і памежнікам, якія ўсё ж зразумелі, што нашы дзеці ня ворагі беларусам», — сказаў Мар’ян Гадзенка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG