Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта зьдзек». Юных артыстаў з Украіны 6 гадзін трымалі на беларускай мяжы


Украінскія артысты на сцэне Рэспубліканскага цэнтру нацыянальных культур у Менску.
Украінскія артысты на сцэне Рэспубліканскага цэнтру нацыянальных культур у Менску.

Маладыя выканаўцы пад кіраўніцтвам народнага артыста Ўкраіны Мар’яна Гадзенкі, якія ехалі на канцэрт для ўкраінскай дыяспары ў Менск на запрашэньне амбасады Ўкраіны, былі вымушаныя з паловы другой ночы да 7-й раніцы ў аўтобусе чакаць праверкі беларускіх мытнікаў і памежнікаў.

Памежнікі забаранялі ім уключаць рухавік аўтобуса, каб сагрэцца, і не пускалі ў прыбіральню.

Пра інцыдэнт на беларуска-украінскай мяжы Свабодзе распавёў кіраўнік групы юных ляўрэатаў песенных конкурсаў Украіны, якія ехалі на канцэрты ў Менск, а таксама ў Літву, Мар’ян Гадзенка:

«Нас было 13 асоб, разам з кіроўцам, — творчая група тэлебачаньня, два рэдактары, два апэратары, якія здымалі канцэрт, і я як вядучы, наша трыё „Салавейкі“, дуэт, гукарэжысэр... На мікрааўтобусе мы прыбылі з Кіева на беларускі бок мяжы каля паловы другой начы. Былі першымі ў чарзе, увогуле, мы адны там стаялі. Прастаялі гэтак гадзіну, ніхто не пускаў. Я падышоў да памежнікаў, прадставіўся, сказаў, што мы едзем на канцэрт, але едзем транзытам, у нас ёсьць тэлевізійная тэхніка.

Гэта быў зьдзек у наўпроставым значэньні слова.

Але пасьля майго звароту замест таго, каб нам пайсьці насустрач, усё пайшло наперакор. Нас запусьцілі ў нейкі „рукаў“, і мы сталі там у тупіку. А яны ўсё бегалі, раіліся, шмат разоў забіралі пашпарты, камандзіровачныя пасьведчаньні, дакумэнты на тэхніку. Я іх пачаў прасіць, што людзі добрыя, ўжо шостая раніцы, дзеці хочуць у туалет, а нам не дазвалялі, нават машыну завесьці не дазвалялі і дзеці мерзьлі. Што яны гэтым хацелі сказаць, я не разумею. Я ім патлумачыў, куды мы едзем, сказаў, што зайдзіце на сайт амбасады Ўкраіны, там напісана пра наш канцэрт, сказаў, што я ня злодзей, што я чалавек, які любіць беларусаў. І мне сапраўды балюча, што пасьля гэтай ночы нашая моладзь, якая ехала з намі, будзе кепска ставіцца да Беларусі толькі за тое, што зь імі так абыйшліся. Гэта быў зьдзек у наўпроставым значэньні слова».

Народны артыст Украіны Мар’ян Гадзенка.
Народны артыст Украіны Мар’ян Гадзенка.

Група артыстаў ехала ў мікрааўтобусе зь лягатыпамі першага каналу тэлебачаньня Ўкраіны і Дабрачыннага фонду прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы.

Мар’ян Гадзенка распавёў беларускім памежнікам, што ён сам былы вайсковец, што разумее апэратыўную працу. Ён мяркуе, што, магчыма, беларускіх памежнікаў і мытнікаў напалохала гукавая апаратура, якую яны везьлі з сабою, тэлевізійныя камэры.

«І толькі калі я сказаў, што я паеду да прэзыдэнта Беларусі, таму што тут дзеці, а сёмай гадзіне раніцы яны прапусьцілі нас, нават не паглядзеўшы, што мы вязем. Ніхто ніяк ня выбачыўся».

Артысты з Украіны прыехалі ў Менск днём, адпачыць як сьлед не пасьпелі. Але на канцэрце ў Менску перад поўнай заляй у Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур выступілі добра, іх віталі там надзвычай цёпла.

Украінскія артысты на сцэне Рэспубліканскага цэнтру нацыянальных культур у Менску.
Украінскія артысты на сцэне Рэспубліканскага цэнтру нацыянальных культур у Менску.

19 траўня а шостай раніцы юныя ўкраінскія артысты едуць у Літву, дзе ў іх заплянаваныя выступы ў трох гарадах на Днях культуры Ўкраіны ў Літве, і Мар’ян Гадзенка спадзяецца, што ім зноў не давядзецца стаяць 6 гадзін на беларуска-літоўскай мяжы.

Тлумачэньні Памежнага камітэту і Мытнага камітэту Беларусі Свабода паспрабуе ўзяць у пятніцу, пасьля пачатку працоўнага дня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG