Сябры Таварыства беларускай мовы (ТБМ) і актывісты Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі (БХД) абʼядналі высілкі дзеля стварэньня ў Баранавічах беларускага лялечнага тэатру.
Рэжысэр Вячаслаў Болбат паставіў казку «Каза-манюка». Рэпэтыцыі адбываліся ў доме мясцовага актывіста, кіраўніка Баранавіцкай арганізацыі ТБМ Мікалая Падгайскага.
Як сказаў Свабодзе спадар Падгайскі, прэмʼера адбудзецца 18 траўня ў адным зь дзіцячых садкоў гораду:
«Калі ў лютым мы хадзілі па садках, віншавалі дзетак з Днём роднай мовы, зразумелі, што ёсьць запатрабаванасьць у рэалізацыі такой ідэі — дзецям патрэбны лялечныя пастаноўкі. Я паразмаўляў з кіраўнікамі адміністрацый, мяне падтрымалі, запэўнілі, што будуць запрашаць. І вось мы нарэшце падрыхтаваліся: апошняя рэпэтыцыя была ўчора, а ўжо заўтра едзем у садок № 2. Паглядзім, колькі яшчэ ўстановаў нас запросяць-прымуць. Ва ўсялякім разе, адзін спэктакль ужо гатовы — гэта «Каза-манюка».
Як кажа суразмоўца, у пэрспэктыўных плянах — арганізаваць паўнавартасную батлейку. Пакуль жа спадзяюцца, што маленькім гледачам іх лялечны тэатар прыйдзецца даспадобы:
«Мы хочам зрабіць, каб гэта быў тэатар на сталай аснове. А самае галоўнае, каб была магчымасьць такія прадстаўленьні паказваць. У пэрспэктыве хочам мець сапраўдную батлейку, але гэта ўжо фармат крыху іншы. Пакуль стварылі, так бы мовіць, прататып. Нам вельмі здорава дапамагла настаўніца 10-й школы Алена Перагуда. Яна дастаткова даўно займаецца падобнай справай, у школе ёсьць свой тэатрык, робіць там зь дзецьмі пастаноўкі. Многа што нам дала, многаму навучыла. Фактычна ўсе лялькі, якія мы выкарыстоўваем, — яе. Самі зладзілі падстаўкі, шырмы, іншы антураж. Магчыма, пакуль не ідэальна, але ж гэта толькі пачатак, далей будзем удасканальвацца».
Увечары 18 траўня спэктакль «Каза-манюка» будзе паказаны яшчэ раз — падчас творчай сустрэчы на офісе ТБМ.