Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская мова ў дзяцей — натуральная», — маці Арцёма і Ксеніі расказалі пра салістаў Naviband


NaviBand — Арцём Лукʼяненка і Ксенія Жук
NaviBand — Арцём Лукʼяненка і Ксенія Жук

6 траўня бацькі Арцёма Лукʼяненкі і Ксюшы Жук прыехалі ў Кіеў, каб заўзець за дзяцей на «Эўравізіі». Пра музычнае дзяцінства, настаўнікаў беларускай мовы і выбар паміж журналістыкай і сцэнай яны распавялі Свабодзе.

«Ніколі не ўяўлялі, чым бы іншым дачка магла займацца»

— Мы гуляем сёньня па горадзе, — кажа па тэлефоне Натальля Жук, маці Ксеніі. — Усе разам. З бацькамі Арцёма зьехалі ў Кіеў. Ад 6 траўня тут. Штодзень мы нейкі час праводзім зь дзецьмі. Спрабуем хоць трошкі зь імі пабыць. Падтрымліваем. Натуральна, перажываем. Часта ў прэс-цэнтры знаходзімся.

— Падчас выступу былі ў канцэртнай залі ўчора?

— Вядома. Было шмат хваляваньня, радасьці і гонару. Вялікая ўдзячнасьць усім, хто падтрымлівае нашых. Мы адчуваем як ніколі падтрымку з усіх бакоў. І ад беларусаў з-за мяжы, ад іншаземцаў — многія заўзеюць за іх. Гэта неверагодна прыемна і вельмі здорава.

Мы былі заўжды настроеныя, што ў іх атрымаецца. Я думаю, аніводнай камандзе падтрымкі нельга быць няўпэўненай. Трэба верыць у іх, і тады ўсё атрымаецца.

— Сёньня відавочна, што Ксенія на сваім месцы — на сцэне. А вы яе ў дзяцінстве не адгаворвалі ад гэтага?

— У дзяцінстве многія дзяўчаты мараць стаць сьпявачкамі ці актрысамі. У Ксюшы гэта было арганічна. Яна прачыналася з музыкай і засынала. Гэта складана не заўважыць. Музыка была ў ёй. Мы, шчыра кажучы, ніколі не ўяўлялі, чым бы іншым яна магла займацца.

У нас сямʼя музыкаў-аматараў. Тата ў нас мэляман. Ён слухае розныя стылі музыкі: ад клясыкі да мэталу. Таму музыка была ў нас у сямʼі заўжды. Я скончыла музычную школу, дзесьці сьпявала. Хадзілі ў тэатар «Жывое слова» ў пэдынстытуце. І Ксюша была прывучаная да добрай музыкі.

Яна скончыла музычную школу і потым вучылася ў Менскім каледжы мастацтваў. Зь юнацтва сурʼёзна стала займацца музыкай. Былі ў яе сольныя праекты, спрабавала з прадусарам працаваць. Усё ішло да таго, што яна будзе займацца гэтым прафэсійна.

Дзяцей нельга адгаворваць ад таго, што яны хочуць. Трэба даваць ім магчымасьць паспрабаваць. Як інакш?

Дзяцей нельга адгаворваць ад таго, што яны хочуць. Трэба даваць ім магчымасьць паспрабаваць. Як інакш? Так можна зламаць, усё сапсаваць. Яны павінны самі набіць свае гузакі, знайсьці свой шлях.

Так лічым і мы з мужам, і бацькі Арцёма. У гэтым сакрэт любога правільнага выхаваньня — не замінаць, а даваць магчымасьць дзецям паспрабаваць усё, выбраць самім, чым яны будуць займацца.

Цёма ў нас выдатны журналіст. Доўгі час працаваў. Яшчэ са студэнцкіх часоў меў праграмы на радыё «Сталіца». Мы іх заўжды слухалі.

Але яму давялося сысьці. Ён зразумеў у пэўны момант, што нельга разрывацца. Альбо гэта хобі, альбо гэта прафэсія. Таму ён вымушаны пайсьці з радыё, хоць вельмі шкадуе пра гэта.

— Як можа паўплываць «Эўравізія» на будучыню Ксеніі і Арцёма?

— Жыцьцё мусіць разьвівацца далей. «Эўравізія» — вельмі высокая, вельмі важная для любога маладога музыкі прыступка. Яе трэба прайсьці і рухацца далей. Але таксама трэба ўяўляць, чым займацца потым.

А пакуль у іх усё атрымліваецца толькі таму, што яны маюць вялікую падтрымку і замежных, і беларускіх гледачоў. Ды ўсіх — украінцаў, палякаў, малдаван! Пішуць ім са столькіх краінаў, што не перадаць! З Вэнэсуэлы і Аўстраліі. Так здорава! Людзі перажываюць, і ім падабаецца музыка толькі таму, што Ксюша і Арцём — сапраўдныя, жывыя і шчырыя. Я шчыра веру ў тое, што яны робяць. Гэта ня можа не зачапіць.

— Што думаеце пра выбар беларускай мовы для конкурсу?

— Безумоўна, задума спрацавала. Але толькі таму, што гэта гучыць не найграна і не прыдумана. Калі б яны гэта зрабілі неяк знарок, вось толькі для «Эўравізіі», магло б не атрымацца.

Беларуская мова ў дзяцей натуральная. Яны лепш за нас размаўляюць па-беларуску. І гэта здорава. Гэта правільна.

«У Арцёма была добрая настаўніца беларускай мовы»

Да размовы далучаецца маці Арцёма, настаўніца з Глыбокага Жанна Лукʼяненка. Яна кажа, што Арцёму пашчасьціла з настаўніцай беларускай мовы ў гімназіі.

«Арцём закончыў беларускамоўную гімназію, — кажа яна. — У іх была добрая настаўніца беларускай мовы, Тацьцяна Барткевіч. Яна прывіла любоў да мовы, да культуры. Гэта ў яго адклалася і пайшло ад душы. Так і ідзе ад ягонай душы дагэтуль».

Доўгі час ён працаваў на беларускамоўным радыё «Сталіца». Але ў выніку адмовіўся ад карʼеры журналіста і цалкам перайшоў у музыку.

«Арцём і працаздольны, і вельмі мэтанакіраваны чалавек, — кажа Жанна Васілеўна. — Мы бачылі, што музыка займае столькі часу, што яму фізычна проста цяжка сумяшчаць яе і працу журналіста. Так, ён з намі раіўся. Але заўжды вырашаў сам. Галоўнае, каб было добра яму».

Бацькі застаюцца і на фінал «Эўравізіі», які пройдзе 13 траўня ў суботу.

«Мы ўжо ганарымся за дзяцей. Упершыню беларуская мова прагучала на такім вялікім конкурсе, — кажа Жанна Васілеўна. — Як будзе ў фінале, паглядзім. Яны пазытыўныя, творчыя і актыўныя людзі. У кожным разе яны будуць далей разьвівацца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG