9 траўня сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі ўпарадкуюць закінутае пахаваньне ахвяраў вайны ў канцлягеры «Дразды». Як расказаў намесьнік старшыні АГП Мікалай Казлоў, у расстрэльнай траншэі знаходзяцца парэшткі 10 тысяч чалавек: прыкладна 6 тысяч — ваеннапалонныя, блізу 4 тысяч — жыхары Менску і вакольных вёсак.
Паводле актывіста, АГП даўно займаецца гэтым пытаньнем, спрабуючы належным чынам аформіць месца масавых расстрэлаў.
«Цяпер па велізарных брацкіх могілках езьдзіць сельскагаспадарчая тэхніка, там аруць і сеюць, угнойваюць, заліваючы чалавечыя парэшткі жыжай», — гаворыць Мікалай Казлоў.
За апошні год актывісты дамагліся таго, што ўлады нарэшце зрабілі пашпарт мэмарыяльнага абʼекта. Але прынцыпова сытуацыю гэта не зьмяніла.
«Намалявалі ахоўную зону, але не зацьвердзілі, — наракае Мікалай Казлоў. — Зямлю зь сельгасабароту ня вывелі, у другую катэгорыю не перавялі. Таму наша мэта — прымусіць улады да рэальнай справы замест бессаромнай эксплюатацыі тэмы вайны. Памяць мусіць быць рэальнай, а не дэкляраванай».
У жалобнай імпрэзе гэтаксама возьмуць удзел лідэры і валянтэры руху «За свабоду» і Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.