Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі ў Беларусі засталося вэтэранаў Вялікай Айчыннай, а колькі — «забытых герояў» Другой усясьветнай вайны


Ілюстрацыйнае фота. Вэтэран Васіль Гаўрлавіч Сьмелякоў на Кургане Славы
Ілюстрацыйнае фота. Вэтэран Васіль Гаўрлавіч Сьмелякоў на Кургане Славы

Абноўлена, 9.05.2018: Па стане на 1 красавіка 2018 году ў Беларусі засталося 8412 вэтэранаў Вялікай Айчыннай, два Героі СССР, 16192 былых вязьняў нацысцкіх канцлягераў, турмаў і гета, 634 інваліды зь дзяцінства праз раненьні, зьвязаныя з той вайной.

Арыгінал публікацыі — 4.05.2017

Міністэрства працы Беларусі вядзе ўлік колькасьці вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Апошнія на сёньня зьвесткі — за красавік 2017 году.

Паводле іх, у Беларусі 10 746 вэтэранаў або інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, зь іх 2854 чалавекі жывуць у Менску. Інвалідаў зь дзяцінства праз раненьні, зьвязаныя з той вайной, 703. Акрамя таго, у Менску жывуць два Героі Савецкага Саюзу.

Таксама ў Беларусі жывуць 17 698 былых вязьняў нацысцкіх канцлягераў, турмаў і гета. Іх найбольш у Віцебскай вобласьці — 4349 чалавек.

Але зьвестак пра тое, колькі ў Беларусі вязьняў савецкага ГУЛАГу, не прыводзіцца. Таксама як не прыводзіцца колькасьць людзей, якія бралі ўдзел у Другой усясьветнай вайне, што пачалася 1 верасьня 1939 году, але па-за межамі Вялікай Айчыннай.

У СССР вэтэранаў «па-за межамі Вялікай Айчыннай» ня ўлічвалі, у незалежнай Беларусі ледзь не забылі

Паводле зьвестак гісторыка Ігара Мельнікава, верагодна, што ў Беларусі ўжо не засталося ў жывых людзей, якія ваявалі ў Другой усясьветнай вайне па-за межамі Вялікай Айчыннай. А іх былі тысячы, калі не дзясяткі тысяч — жаўнераў арміі Андэрса і Другога польскага корпусу; беларусаў, якія бралі ўдзел у бітве за Брытанію ў 1940 годзе або ўдзельнічалі ў вызваленьні Галяндыі ў 1944 годзе ў самастойнай паветрана-дэсантнай брыгадзе; савецкіх вайскоўцаў, якія ўцяклі з палону і змагаліся з нацыстамі ў францускіх фармаваньнях Макі.

Іх Мельнікаў называе «Забытымі героямі» — так завецца ягоная кніга гісторыяў беларускіх жаўнераў польскага войска, якія ў час Другой усясьветнай вайны бралі ўдзел у бітве пад Монтэ-Касына ў Італіі і апэрацыі «Маркет-Гардэн» у Нідэрляндах. Неўзабаве Мельнікаў прэзэнтуе сваю чарговую кнігу пра беларусаў у Другой усясьветнай вайне: «Адысэю палешука», мэмуары беларускага жаўнера Другога польскага корпусу Паўла Нічыпарука, якія рэкамэндаваў да друку ў свой час Васіль Быкаў.

Ігар Мельнікаў
Ігар Мельнікаў

«У савецкія часы яны не лічыліся ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, у іх у вайсковых білетах было напісана „ня ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне“, — распавядае Мельнікаў Свабодзе. — У лепшым выпадку ім плаціла невялічкую пэнсію Польская народная рэспубліка, пасьля 1990-га — незалежная Польшча, да кожных сьвятаў выплачвалі невялікія грошы.

Афіцыйнае прызнаньне іх у Беларусі пачалося толькі ў 1990-х. Гэта закон „Аб вэтэранах“ 1993 году, дзе праходзілі ня толькі савецкія вэтэраны, а галоўнае афіцыйнае прызнаньне — у 1995 годзе, калі Лукашэнка ўзнагародзіў усіх вэтэранаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі, юбілейным мэдалём „50 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне“. З таго моманту большасьць вэтэранаў пачалі прызнаваць. У 2005 годзе Лукашэнка выказаўся наконт жаўнераў з-пад Монтэ-Касына, што „гэта нашыя вэтэраны, нашыя героі“, гэта абмеркавалі ў газэце „Советская Белоруссия“, ды неяк прайшло незаўважна для беларускага грамадзтва.

Тут справа мо нават не ў дзяржаве, а ў беларускім грамадзтве. „Несавецкіх“ жаўнераў не заўважалі, не запрашалі на мерапрыемствы — мо нават на злосьць дзейнасьці замежных амбасадаў, якія іх заўважалі і запрашалі, нейкую капейку спрабавалі ім даць. На жаль, уся гістарычная праца зь імі пачалася ў XXI стагодзьдзі, уся праўда пра гэтых людзей пачала зьяўляцца, калі практычна іх ужо няма».

Гісторык кажа, што рэгулярна сустракаецца са сваякамі беларусаў, якія ваявалі ў польскім войску ў Другую ўсясьветную вайну, але большая іх частка, каля 90%, кажа, што іх бацькі ці дзяды не распавядалі ім пра тую вайну — магчыма, баяліся рэпрэсіяў ці таго, што іх «няправільна зразумеюць».

«Цяпер на тэрыторыі Беларусі няма вэтэранаў польскіх вайсковых фармаваньняў, якія змагаліся ў „буржуазным“ польскім войску, — заяўляе Мельнікаў. — Апошні вэтэран, Якуб Конан, памёр у 2012 годзе: сканаў ціха і мірна, але, на жаль, незаўважна для беларускага грамадзтва. На пахаваньні былі прадстаўнікі брытанскай і польскай амбасады, але беларускага афіцыёзу не прысутнічала. Пытаньне цяпер паўстае больш не ў палітычнай плоскасьці, а ў плоскасьці гістарычнай памяці».

Мельнікаў адзначае, што беларусы з савецкага войска, якія ўцякалі зь нямецкага палону і далучаліся да францускага супраціву ў фармаваньнях Макі, калі яны не траплялі ў жорны рэпрэсіўнай машыны, то прызнаваліся ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай, але момант удзелу ў барацьбе з нацыстамі на Заходнім фронце ня ўлічваўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG