Нядаўна адміністратар царквы Віталь Антончыкаў атрымаў уведамленьне з патрабаваньнем вызваліць памяшканьне да 26 красавіка. Аднак вернікі адмовіліся падпарадкоўвацца, не пусьціўшы на парог судовых выканаўцаў:
«Зараз усё спакойна, судовыя выканаўцы зьехалі, — сказаў Свабодзе былы юрыст царквы Сяргей Луканін. — Адзінае, папярэдзілі, што справа не завершаная, адпаведна, раней ці пазьней зноў будуць турбаваць. Я так разумею, яны спрабавалі выканаць судовае рашэньне яшчэ ад 2009 году. Па іх словах, калісьці ўлады на словах далі каманду асабліва нас не прэсаваць, але цяпер нешта ў лібэральнай палітыцы зьмянілася. Пакуль усё ціха, госьці зьехалі. Мяркую, пасьля таго, калі ўбачылі, што нашы браты дружна сталі, не пускалі. Спачатку міліцыя прыехала і гэтак жа зьехала. Выканаўцы таксама рэціраваліся: маўляў, напішам, што сёньня не пусьцілі, але прыедзем зноў».
Выселіць «Новае жыцьцё» з будынка, які быў перароблены вернікамі на свае сродкі з былога кароўніка ў 2006 годзе, Менгарвыканкам спрабуе ўжо 12 гадоў. Сытуацыя атрымала шырокі міжнародны розгалас.
13 чэрвеня 2013 году Луканін атрымаў судовую пастанову аб узбуджэньні выканаўчай вытворчасьці ў дачыненьні да царквы. Пастанова, прынятая на падставе заявы ўласьніка будынка — ЖРЭА Маскоўскага раёну Менску, прадпісвала рэлігійнай грамадзе вызваліць будынак у тыднёвы тэрмін. Вернікі адмовіліся пакідаць будынак і пачалі кругласутачна дзяжурыць і штодзённа маліцца за захаваньне будынка.
Ужо на наступны дзень Гаспадарчы суд Менску прыпыніў пастанову аб выканаўчай вытворчасьці ў дачыненьні да рэлігійнай грамады хрысьціян поўнага Эвангельля «Царква Новае жыцьцё», згодна зь якой грамадзе прапаноўвалася да канца месяца вызваліць будынак па вуліцы Кавалёва, 72 у Менску.
Такім чынам, суд нібыта адмовіўся ад намеру забраць будынак. Але, як цяпер выявілася, толькі часова.