Да 950-годзьдзя Менску ў Траецкім прадмесьці будзе ўсталяваны памятны знак у выглядзе стылізаванай кампазыцыі «Беларусам сьвету». Пра гэта Свабодзе сказаў адзін з аўтараў праекту, скульптар Аляксандар Фінскі.
Вось як спадар Фінскі бачыць сутнасьць задумы, якую яны рэалізуюць сумесна з архітэктарам Армэнам Сардаравым:
«Зьмест ляканічны і ясны: кола, якое коціцца па дарозе. Само кола будзе на валуне, бо ў беларускай традыцыі валун — пункт адліку, адсыланьне да паганскіх часоў. Так мы складаем абагульнены вобраз нашай зямлі, нашых каранёў. Кола сымбалізуе кола гісторыі, кола лёсу, кола сьвету. Яно само па сабе мае шмат сэнсаў. У коле трапеча ручнік, які сымбалізуе нашу беларускую сутнасьць, бо ручнікі і ў дарогу на шчасьце давалі, і яны былі ў куце ў кожнай хаце. На ім якраз і будзе напісана „Беларусам сьвету“. Яшчэ плянуем з адваротнага боку даць вядомыя словы Францішка Скарыны пра родную зямлю, а сам ручнік па сылюэце ў коле будзе нагадваць птушку. Кампазыцыя досыць простая, але, як мне падаецца, вельмі выразная».
Паводле суразмоўцы, праектны эскіз зацьверджаны мастацкімі радамі, ухвалены кіраўніцтвам гораду. Як разьлічвае Аляксандар Фінскі, да дня гораду знак павінен заняць пачэснае месца ў Траецкім прадмесьці:
«Хочацца спадзявацца, што гэта стане знакавым месцам, дзе людзі змогуць сустракацца, лішні раз задумацца, наколькі важна быць часткай сваёй радзімы. Як сымбаль яднаньня беларусаў па ўсім сьвеце. Спадзяёмся, што форс-мажору ня здарыцца і да Дня гораду праект удасца рэалізаваць. Прынамсі, мы працуем у прывязцы да гэтага часу. Як будзе насамрэч — ня ведаем. Цяпер стаіць пытаньне, хто будзе заказчыкам. Мяркуючы па ўсім, гэта „Менская спадчына“. Прынамсі, будзе стаяць у яе вотчыне — у Траецкім прадмесьці».
Ёсьць меркаваньне, што адкрыцьцё памятнага знаку добра было б прымеркаваць да пачатку працы чарговага Зьезду беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», які пройдзе сёлета ў ліпені ў Менску.