Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Арбузаў не заслужыў такога: замест таго, каб перадаць бізнэс дзецям, прымаць ад іх перадачы», — бізнэсовец Кабанаў


13 красавіка Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) заявіў, што «выявіў і спыніў маштабную супрацьпраўную дзейнасьць» старшыні рады дырэктараў групы кампаній Fenox Global Group Віталя Арбузава.

Ён і шэраг іншых службовых асобаў абвінавачваюцца ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры.

Падазраванымі ў крымінальных справах прызнаныя 18 чалавек, 12 зь іх затрыманыя.

«З мэтай кампэнсацыі шкоды, прычыненай дзяржаве ў выглядзе нявыплачаных падаткаў, а таксама вернутага ПДВ, на маёмасьць падазраваных, уключаючы дарагія абʼекты нерухомасьці (катэджы, кватэры) і аўтамабілі накладзены арышт», — гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы ведамства.

Справу Арбузава Свабодзе камэнтуе прадпрымальнік зь Менску Андрэй Кабанаў, які таксама пацярпеў ад сваволі правяральных органаў:

Андрэй Кабанаў
Андрэй Кабанаў

«Гісторыя з Арбузавым — трызьненьне поўнае. Такімі суб’ектамі гаспадараньня трэба ганарыцца, усяляк іх „песьціць і пялегаваць“. А замест таго, каб зьдзімаць пылінкі, бяруць і саджаюць. Гэта самазабойства для дзяржавы, для інвэстыцыйнага клімату. Сюды і без таго немагчыма зацягнуць ніякія грошы, а з такімі прыкладамі тым больш. Адзінае цешыць, што ён свае тэрміны ў любым выпадку не дасядзіць — даю паўгода, максымум год гэтаму рэжыму. Зараз ляжа рубель у Расеі, сьледам наш. Людзі выйдуць на вуліцы, ня трэба ні Статкевіча, ні палітычных заклікаў. Проста ўсё спыніцца само сабой. Чаму я, пэўна, буду толькі рады».

На пачатку лютага выстаўлена абвінавачаньне яшчэ аднаму вядомаму менскаму бізнэсоўцу, кіраўніку групы кампаніяў «Сармат-СТІ» Аляксандру Кныровічу. Ён абвінавачаны паводле часткі 2 артыкулу 243 Крымінальнага кодэксу — нявыплата падаткаў у асабліва вялікім памеры. Цяпер на чарзе Віталь Арбузаў.

Выглядае, што затрыманьне пасьпяховых бізнэсоўцаў так ці інакш стане сыгналам для астатніх заможных людзей, пакуль яшчэ ня позна, згортваць праекты ці пераводзіць іх у краіны, больш спрыяльныя ў сваім бізнэс-клімаце, кажа Андрэй Кабанаў. Ён такіх прыкладаў ведае ўжо дастаткова:

«На жаль, у адзін момант згарнуць тое, што адбудоўвалася дзесяцігодзьдзямі, немагчыма. Тым больш калі гаворка пра такую „імпэрыю“, як у Арбузава. Разам з тым у мяне ёсьць прыклады сяброў, якія мелі і разьвівалі тут справу, досыць добра сябе адчувалі. Дык вось яны сапраўды распрадаюць тое, што стваралі сваімі рукамі, жывуць на запасы альбо банальна зьяжджаюць. Маю канкрэтны прыклад, калі чалавек вырашыў больш не рызыкаваць, хоць у 40 гадоў мог яшчэ працаваць і працаваць. Людзі проста стамляюцца ад пабораў. Прыходзяць праверкі, будуць сядзець тыдзень, два, пакуль урэшце не пагодзісься на суму налічаных штрафаў. Па ліні падатковай так робіцца сыстэматычна. Што тычыцца Дэпартэмэнту фінансавых расьсьледаваньняў, то іх задача — папаўненьне бюджэту. Гэта проста легалізаваная вольніца».

Паводле Кабанава, рэпрэсіі супраць Арбузава несправядлівыя, дзяржава ня ўлічвае, што гэты бізнэсовец шмат часу папаўняў бюджэт і ствараў працоўныя месцы:

«Як так можа быць? Ён жа не наркадылер, не пераходзіць дарогу дзяржаве, гандлюючы зброяй ці стратэгічнай сыравінай. Сам сабе рэжысэр, які робіць свой бізнэс. А тут раптам прыходзіць нейкі „дэфээршчык“ і ўсё нацыяналізуе. Маразм! Такія захады недапушчальныя. Арбузаў у бізнэсе ад 1989 году, амаль 30 гадоў. Паступова падыходзіць да рысы, каб перадаць справу далей дзецям. Бо ў нас няма нават такой практыкі — пакінуць бізнэс у спадчыну. У першапраходцаў, якія ўзьніклі ў канцы 1980-х — на пачатку 1990-х, якраз падрастае пакаленьне, якое можа і павінна прымаць удзел у кіраваньні кампаніяй. Калі ты нешта ствараеш, будуеш, прымнажаеш, мусіш разумець, што гэта застанецца нашчадкам. А што Арбузаў пакіне сваім дзецям — неабходнасьць цягам 5-8 гадоў насіць яму перадачы?»

Сытуацыя з Арбузавым не падобная да леташняга арышту бізнэсоўца Юрыя Чыжа, кажа Кабанаў:

«Юры Чыж быў вельмі моцна афіляваны ў дзяржаўныя структуры, дзяржаўныя замовы, маючы парадку 20-25 разнаплянавых падразьдзяленьняў. Куды ня ўлезь — усюды быў Чыж. У выпадку зь Віталём Арбузавым сытуацыя прынцыпова іншая. Чалавек пабудаваў усё сам і адбыўся як бізнэсовец таксама самастойна, безь дзяржаўнага „крышаваньня“. І вось гэта якраз палохае — тое, што немагчыма пасьля сябе нічога пакінуць. Паўтаруся, дзяржава ўзмоцнена пілуе сук, на якім сядзіць. Прычым бэнзапіламі».

Віталь Арбузаў — адзін з самых уплывовых і аўтарытэтных беларускіх бізнэсоўцаў. Старшыня рады дырэктараў Fenox Global Group, старшыня рады дырэктараў Fenox Venture Capital. У холдынг Fenox уваходзяць, у прыватнасьці, Fenox Automative Сomponents (вытворчасьць і распаўсюд аўтакампанэнтаў), Fenox Retail (сетка харчовых крамаў Preston), Fenox Construction (інвэстыцыі ў нерухомасьць).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG