Першы наклад кнігі «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі» пісьменьніка Ўладзімера Арлова і мастака Паўла Татарнікава раскупілі менш як за месяц пасьля прэзэнтацыі.
Як кажа Арлоў Свабодзе, другі наклад, як і першы, складае 3000 асобнікаў, ён выйшаў і ўжо гатовы да продажу.
Працяг будзе
«У панядзелак будзе аўтограф-сэсія ў „Акадэмкнізе“ ў Менску з 18 да 20 гадзін, потым будуць прэзэнтацыі ў рэгіёнах, — кажа Арлоў. — Ужо шмат запрашэньняў, зьбіраемся бліжэйшым часам у Горадню, потым у Берасьце, Магілёў, Ворша, Шклоў нават... Пакуль адзіная прэзэнтацыя па-за Менскам была на маёй радзіме ў Полацку».
«Айчына» выдавалася як першая кніга сэрыі, другая частка ўжо ў працэсе стварэньня. Разам з Паўлам Татарнікавым над ілюстрацыямі будзе працаваць Андрэй Ярашэвіч. Магчыма, акрамя малюнкаў, будуць і гістарычныя здымкі.
«Тэкст ужо збольшага напісаны, — кажа Арлоў. — Мы меркавалі, што храналягічныя межы кнігі ўжо будуць даходзіць да сярэдзіны 1990-х гадоў, калі Беларусь здабыла незалежнасьць, калі была прынятая першая Канстытуцыя.
У другой частцы будуць апавяданьні пра спробы аднавіць дзяржаўнасьць у XIX стагодзьдзі — у прыватнасьці, у 1812 годзе, выкарыстоўваючы кампанію Напалеона. Будзе расказана пра таемныя патрыятычныя таварыствы, пра паўстаньні 1831 і 1863 гадоў. Мы прасочым працэс, як змаганьне за адраджэньне Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай на нейкім этапе перайшло ў барацьбу за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі, як нацыянальнае адраджэньне прывяло да абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі...
У апавяданьнях пра падзеі XX стагодзьдзя мы паспрабуем, напэўна, упершыню для дзяцей і падлеткаў сказаць тое, што доўгія дзесяцігодзьдзі замоўчвалася ў дзіцячай літаратуры: пра сталінскі тэрор, пра трагедыю калектывізацыі... Нават калі забарона была зьнятая, да гэтых тэмаў зьвярталіся толькі ў дарослай літаратуры. Гэта будзе няпроста і для аўтара тэкстаў, і для мастака. Але спадзяюся, што мы справімся».
«Ня-толькі-дзіцячая» літаратура
«Айчына» пазыцыянуецца як кніга, адрасаваная найперш дзецям і падлеткам. Але сьцьвярджаецца, што яе будзе цікава прачытаць і бацькам, і дзядулям-бабулям, і настаўнікам, і ўсім, хто цікавіцца беларускім мінулым.
«Сярэднестатыстычны ўзровень гістарычных ведаў нашых суграмадзянаў, на жаль, часта выклікае сумную ўсьмешку, — кажа Арлоў. — Таму мы лічым, што гэта кніга для кожнай беларускай сям’і.
Кніга сапраўды ўражвае — незалежна ад узросту. Набывалі кнігу людзі і сталага, і сярэдняга веку, і зь дзецьмі, і з унукамі. Першы наклад проста разьляцеўся. Нам з Паўлам даводзілася на шасьці мінулых аўтограф-сэсіях падпісваць сотні кніг — гэта была нават фізычна цяжкая праца. Мы не чакалі такога посьпеху! Хоць пэўнага посьпеху чакалі, бо даўно не выходзіла такая кніжка, а з такім багатым афармленьнем мо і зусім не выходзіла».
18 Стэфаній за дзень
«Прычына большага, чым мы чакалі, посьпеху — у тых зьменах, што адбываюцца ў нашым грамадзтве, — кажа Арлоў. — Мне ўяўляецца, што ў новай геапалітычнай сытуацыі ўсё больш беларусаў імкнуцца стаць... так бы мовіць, больш беларусамі, чым яны былі дагэтуль. Мне згадваецца маё ўлюбёнае выслоўе Чэрчыля пра тое, што мова і гістарычная памяць бароняць межы дзяржавы больш за любую армію.
Падпісваючы гэтыя кнігі, мы не маглі не зьвярнуць увагу на тое, што зьмены ў грамадзтве, няхай павольныя і не заўсёды прыкметныя, выяўляюцца і ў імёнах нашых дзетак. Я сабе ставіў плюсікі, колькі кніжак падпісалі Стэфаніям, колькі Францішкам, Дамінікам, Янкам і Янінам... Толькі на адной аўтограф-сэсіі было 18 малых Стэфаній, уяўляеце! Мы сутыкнуліся і з такой традыцыяй, што адраджаецца цяпер, калі ў каталіцкіх сем’ях дзеці атрымліваюць падвойныя імёны...»
* * *
Набыць першую частку «Айчыны» цяпер можна і праз сайт айчына.бел. Атрымаць аўтограф аўтараў у найбліжэйшы час — 13 сакавіка ад 18-й да 20-й гадзіны ў менскай краме «Акадэмкніга» (пр. Незалежнасьці, 72).
«Айчына» — ня першая ілюстраваная кніга Арлова пра гісторыю Беларусі. Раней выходзілі арыентаваныя на больш сталую аўдыторыю «Краіна Беларусь» і «Вялікае княства Літоўскае», створаныя з мастаком Зьмітром Герасімовічам, «Дзесяць стагоддзяў беларускай гісторыі» ў суаўтарстве з Генадзем Сагановічам, «Адкуль наш род» для малодшых школьнікаў і «Таямніцы полацкай гісторыі»...