Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўваскрэсьне праграма «Ўсходняе партнэрства»?


Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Глод: Візыт у Менск на пачатку сакавіка прэзыдэнта Грузіі можа прыкметна ажывіць тэму інтэграцыі з Эўрапейскім зьвязам групы шасьці постсавецкіх краін, якія ўдзельнічаюць у праекце «Ўсходняе партнэрства». І Беларусь, і Грузія ўваходзяць у гэтую праграму. Абедзьве краіны хочуць узяць ад Эўропы значна болей, чым цяпер.

У гэтым кантэксьце відавочным становіцца і разьвіцьцё беларуска-грузінскіх міждзяржаўных адносін. Асаблівы тонус ім, як вядома, надае пазыцыя Менску па праблеме тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі. Беларусь дагэтуль афіцыйна не прызнае расейскага пратэктарату над Абхазіяй і Паўднёвай Асэтыяй.

Леташнія афіцыйныя візыты Лукашэнкі і Макея ў Грузію пацьвердзілі нязьменнасьць гэтай пазыцыі. А паколькі дачыненьні Пуціна і Лукашэнкі псуюцца, то цяперашні візыт грузінскага прэзыдэнта ў Менск набывае асаблівую цікавасьць. За ім, на мой погляд, будуць уважліва сачыць з Брусэля, Баку, Кіева, Кішынёва, Ерэвану і Масквы.

Пачнем з эўрапейскай сталіцы. Сёньня як у Брусэлі, так і ў шмат якіх іншых сталіцах краін Эўразьвязу прысутнічае прыкметны пэсымізм у дачыненьні да «Ўсходняга партнэрства», гэтага некалі шматабяцальнага праекту. Тым ня менш ад кіраўніцтва Эўразьвязу да гэтага часу раз-пораз чуваць дэклярацыі ў духу стрыманага аптымізму наконт будучыні праекту.

Сёньня як у Брусэлі, так і ў шмат якіх іншых сталіцах краін Эўразьвязу прысутнічае прыкметны пэсымізм у дачыненьні да «Ўсходняга партнэрства», гэтага некалі шматабяцальнага праекту

На апошнім, Рыскім саміце праекту нарэшце афіцыйна зафіксавалі неабходнасьць рознага, разнахуткаснага ўдзелу ў гэтым праекце кожнай з шасьці краін. Так Беларусь апынулася сярод тых, хто лічыць прыярытэтам для сябе разьвіцьцё гандлёва-эканамічных адносін, адсунуўшы базавыя каштоўнасьці Эўразьвязу (правы чалавека, свабоду слова, сходаў, дэмакратычныя выбары) на нявызначаную пэрспэктыву. Калі раней у Брусэлі марылі правесьці адначасова рэформы ва ўсіх шасьці краінах «Усходняга партнэрства», то цяпер разнахуткасная інтэграцыя прымаецца эўрапейскімі чыноўнікамі з большым разуменьнем.

Што тычыцца краін-удзельніц праграмы, то апошнім часам паміж імі пачало назірацца ажыўленьне двухбаковых і нават (пакуль у меншай ступені) шматбаковых, міжрэгіянальных праектаў супрацоўніцтва.

Урэшце і стаўленьне Масквы да «Ўсходняга партнэрства» стала не такім выразна адмоўным, як раней. На старце расейскія чыноўнікі і аналітыкі адназначна ацэньвалі праект як антырасейскую задумку Брусэля. Цяпер яны ставяцца да «Ўсходняга партнэрства» раўней і спакайней.

Спалучэньне ўсяго гэтага, на мой погляд, дае магчымасьць уваскрэсіць праект.

Тым болей што нібыта вяртаецца да жыцьця яшчэ адно інтэграцыйнае ўтварэньне — ГУАМ (Грузія, Украіна, Азэрбайджан, Малдова). Прыйшла інфармацыя, што пасьля неаднаразовых пераносаў 27 сакавіка ў Кіеве пройдзе сустрэча кіраўнікоў урадаў краін ГУАМ. Існуе вялікая імавернасьць таго, што прэзыдэнты Грузіі і Беларусі не абмінуць гэтую тэму на сваіх перамовах у Менску.

Карбалевіч: Думаю, усё ж разьвіцьцё адносін паміж Беларусьсю і Грузіяй ня мае непасрэднай сувязі з «Усходнім партнэрствам».

Увогуле ў самім першапачатковым праекце «Ўсходняга партнэрства» былі закладзены хібы. Яго ўдзельнікам паўнавартаснае сяброўства ў ЭЗ не прапаноўвалася нават у пэрспэктыве. І гэта зьніжала яго прывабнасьць. Фінансаваньне было мізэрнае. Не пралічылі рэзка адмоўнага стаўленьня Расеі да больш шчыльнай інтэграцыі з ЭЗ краін, якія Масква лічыла сфэрай свайго ўплыву.

калі цяпер ЭЗ будзе разьвіваць адносіны з кожнай краінай-удзельніцай «Усходняга партнэрства» эксклюзіўна, то навошта патрэбная агульная праграма, праект «Усходняга партнэрства»

Выснова Рыскага саміту пра неабходнасьць рознага, разнахуткаснага ўдзелу ў гэтым праекце кожнай з шасьці краін ставіць пад сумнеў саму праграму «Ўсходняга партнэрства». Бо яна па сваёй першаснай задуме разглядалася як агульны праект для ўсіх шасьці постсавецкіх краін, які прадугледжваў агульныя правілы, умовы, мэханізмы інтэграцыі гэтых краін з ЭЗ. А калі цяпер ЭЗ будзе разьвіваць адносіны з кожнай краінай-удзельніцай «Усходняга партнэрства» эксклюзіўна, то навошта патрэбная агульная праграма, праект «Усходняга партнэрства»?

Увогуле, цяпер перад ЭЗ стаяць складаныя і моцныя выклікі: «Брэкзіт», міграцыйны крызіс, рост уплыву партыяў, якія выступаюць супраць эўрапейскай інтэграцыі, эканамічныя праблемы. І гэта таксама зьніжае ўвагу Эўразьвязу да «Ўсходняга партнэрства».

Цыганкоў: Ня бачу такой вялікай пагрозы ў тым, што менавіта цяпер Эўразьвяз узяў курс на разнахуткасную інтэграцыю ў межах «Усходняга партнэрства». Відавочна, што прымалі адразу гэты праект з роўнымі ўмовамі для ўсіх. Але нават тады палітыкі Эўразьвязу разумелі, наколькі розныя гэтыя краіны і што ў любым выпадку, нават калі паставіць нейкую канчатковую мэту — уваходжаньне ў Эўразьвяз — натуральна, што яны ня прыйдуць туды адначасова ўсёй шасьцёркай. Некаторыя ня прыйдуць у бліжэйшай гістарычнай пэрспэктыве, некаторыя будуць бліжэй.

Калісьці Эўразьвяз для сваіх будучых сябраў таксама прымаў розную ступень хуткасьці. Баўгарыя, Румынія ўступалі ня ў першых шэрагах. Вельмі хутка ўступілі Чэхія, Польшча і Славаччына. А Харватыя ўступіла апошняй. Бо ступень іх падрыхтаванасьці розная. Былі агульныя правілы, але гэта не азначае, што ўсе павінны іх аднолькава хутка выконваць. Калі пералічыць тыя краіны, якія ўваходзяць ва «Ўсходняе партнэрства» — Беларусь, Украіна, Малдова, Грузія, Армэнія, Азэрбайджан — адразу становіцца відавочнай розьніца паміж імі, тое, наколькі розныя ў іх умовы, і палітычныя, і эканамічныя. Некаторыя зь іх, перш за ўсё Ўкраіна, за гады, якія прамінулі ад уступленьня ў сілу праграмы «Ўсходняга партнэрства», сталі нашмат бліжэй да Эўразьвязу. А некаторыя, такія як Армэнія, сталі далей, уступіўшы ў розныя інтэграцыйныя структуры, якія кіруюцца Расеяй.

А Беларусь, мне здаецца, засталася на той самай адлегласьці, і нічога ў палітычным сэнсе ў Беларусі асабліва не зьмянілася. Нагадаю 2008 год, калі было ўтворанае «Ўсходняе партнэрства». У Беларусі была лібэралізацыя, ня толькі дэкляраваная, але адбывалася рэальнае паляпшэньне адносінаў з Захадам, якое катастрафічна радыкальна скончылася 19 сьнежня 2010-га разгонам Плошчы. І на той момант Беларусь сапраўды выглядала краінай, якая імкнецца паляпшаць свае стасункі з Эўразьвязам як пэрспэктыўны партнэр. Усё гэта было паламанае пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і аднавілася толькі ў апошнія два гады. Беларусь зноў гаворыць пра лібэралізацыю і паляпшэньне адносін з Эўразьвязам.

мы можам гаварыць, што гэтая праграма павінна заставацца ў сіле, павінна жыць. Гэта ў тым ліку і дапамога з боку Эўрапейскага Зьвязу шасьці краінам-удзельніцам

Такім чынам, мы можам гаварыць, што гэтая праграма павінна заставацца ў сіле, павінна жыць. Гэта ў тым ліку і дапамога з боку Эўрапейскага Зьвязу шасьці краінам-удзельніцам. Але, напэўна, ня трэба мець вялікія неапраўданыя чаканьні ад гэтай праграмы — яшчэ і таму, што перад Эўразьвязам стаяць цяпер больш моцныя ўнутраныя праблемы.

Глод: Калі толькі праграма яшчэ запускалася, тут працаваў такі дыплямат Гольцапфэль, прадстаўнік Эўразьвязу. На прэсавай канфэрэнцыі я яму задаваў пытаньне: лякаматыў адзіны эўразьвязаўскі, а вось вагонаў шэсьць, і ўсе розныя — вы не баіцеся, што гэтыя вагоны не даедуць да станцыі? Ён кажа — ведаеце, усё ж цягнік ідзе ў адным кірунку, на адну станцыю. Урэшце ўсе шэсьць туды прыедуць. Ну, калі гэта будзе, застаецца толькі чакаць.

Карбалевіч: Я ня стаўлю пад сумнеў неабходнасьць індывідуальнага падыходу да кожнай краіны-ўдзельніцы з боку Эўразьвязу. Але калі такі падыход стане дамінаваць, тады губляецца сэнс існаваньня нейкага агульнага праекту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG