Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліст Віктару Марціновічу або рэцэнзія на канфіскацыю


Зусім нядаўна я чытала ў «Возеры Радасьці» Віктара Марціновіча, як у дзяўчыны канфіскоўвалі на карысьць дзяржавы прыгожы начнічок. Грубая, вялікая, непад’ёмная дзяржава забірае ў маладзенькай і безабароннай дзяўчыны напамін пра сьветлую паласу ў ейным жыцьці: аб памерлай матулі, аб дзяцінстве, якое занадта груба скончылася.

Яна ледзьве не штодня ходзіць па гэты начнік у краму канфіскату з надзеяй, што яго абясцэняць і яна здолее забраць яго назад. Але не пасьпявае. Начнічок набываюць і ён адпраўляецца жыць у іншы дом. Зьнікае з жыцьця разам з усімі ейнымі ўспамінамі.

Чытаючы пра ўсё гэта я зьдзіўлялася, што знаёмая з усёй беспэрспэктыўнай, шэрай і непрыемнай будзённасьцю, якая атачала дзяўчыну-«сьветлячка».

Усё звычайна, усё па-беларуску. Чытаючы пра ўсё гэта я зьдзіўлялася, што знаёмая з усёй беспэрспэктыўнай, шэрай і непрыемнай будзённасьцю, якая атачала дзяўчыну-«сьветлячка».

Калі судовыя прыставы прыйшлі канфіскоўваць нашае аўто, я адразу чамусьці прыгадала тую гісторыю з кнігі. Менавіта адштурхоўваючыся ад кнігі, напісанай пра сучасную Беларусь, я ведала, што будзе далей: яе канфіскуюць, паставяць на штраф-стаянку і будуць прадаваць у выпадку нясплаты штрафаў за ўдзел у палітычных акцыях майго мужа Змітра.

Як бы мне хацелася, каб Віктар апісаў зусім іншы сюжэт. Пра іншую Беларусь. Дзе не канфіскоўваюць ні машын, ні начнікоў, дзе ня трэба бегчы ад абавязковага разьмеркаваньня і зарабляць грошы ў Маскве сумнеўнымі спосабамі. Дзе бізнэсоўцы працуюць ў межах адкрытай канкурэнцыі і сплачваюць падаткі, а не аддаюць даніну, прымаючы правілы чужой гульні.

Як бы мне хацелася, каб кнігі пра такую Беларусь, якую апісаў спадар Марціновіч, былі нечытэльнымі, незразумелымі, стаялі і пыліліся на паліцах кнігарняў, а не прадаваліся як гарачыя піражкі.

Усім хочацца адчуць сябе часткай калектыўнага арганізму, які хварэе на адну і тую ж хваробу.

Але яе чытаюць мае сябры, чытаюць у мэтро, раяць прачытаць у фэйсбуку, чытаю і я. Чаму? Бо ўсім хочацца адчуць сябе часткай калектыўнага арганізму, які хварэе на адну і тую ж хваробу. Які турбуюць адны і тыя ж праблемы. Які бачыць ня тую рэальнасьць, якую праслаўляюць на тэлевізіі, а тую, якая побач, да якой можна дакрануцца.

Калі чытаеш аб несправядлівасьці тутэйшага жыцьця, табе становіцца прасьцей ад таго, што гэтая рэальнасьць адкрыта не табе аднаму. Ты не самотны. І ад гэтага веданьня стае хоць троху лягчэй. У «Возеры радасьці» усе нібыта зьмірыліся з парадкам рэчаў, нікога нічога не зьдзіўляе, усе жывуць і трываюць, падладжваюцца, зьмяняюцца — усё як у жыцьці. Плястычныя паводзіны — плястычныя людзі.

Акурат учора мы размаўлялі зь сябрамі аб тым, што ў нашай літаратуры бракуе герояў. Няма такога, каб адзін герой (а лепш не адзін!) рубаў шашкаю ўсіх налева-направа — і перамагаў. Так, перамагаў, а не расплачваўся жыцьцём за свой правільны выбар, як у таго ж Быкава, якога мы ўсе любім.

Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч

Шмат болю ў нас, жыцьцёвай несправядлівасьці, цяжкасьцяў і праблемаў. Рэпрэсіі, калектывізацыі, індустрыялізацыі, дэкрэты, падаткі... Здаецца, калі б Хрысту было дадзена прыйсьці ў сьвет у наш час, прыняць пакуты і памерці, ён бы нарадзіўся ў Беларусі.

Але ж, Віктар, нам патрэбныя героі!

Але ж, Віктар, нам патрэбныя героі! Не чалавек, які глядзіць на жыцьцё з заўсёднай пакорай ды знаходзіць выйсьце адно ў мроях. А той, хто нават трапляючы са сталіцы ў нейкія там Малмыгі, разварушвае гэтае мястэчка, робіць зь бібліятэкі інтэлектуальны клюб Сьвятланы Алексіевіч або цэнтар распаўсюду «падрыўной літаратуры». Выкрывае карупцыю або агаломшвае ўсіх сваім удзелам у выбарах у мясцовыя саветы.

Вяртаючыся на кані ў Менск, угаворамі або шантажом схіляе бацьку не плаціць болей хабараў і не ўкладаць грошы ў дыктатуру, але падзяліцца зь дзіцячым хосьпісам альбо часопісам «Імёны», частку ахвяраваць на расьсьледаваньні «Нашай Нівы». Ну і наогул — распрадаць непрыбытковыя прадпрыемствы ці рэстарацыі, але ўкласьціся ў IT-сфэру, якая ўжо стала беларускім каньком на міжнародным рынку.

Дайце нам кнігу, пасьля якой ня хочацца зьехаць за мяжу ад усьведамленьня рэальнасьці ўсяго напісанага.

Дайце нам герояў, аўтары! Каб ня толькі падалі, але і падымаліся. Каб ня толькі біліся галавой аб сьценку, але і перамагалі. Суб’ектаў, а не аб’ектаў. Каб назіраючы, як эвакуатар вывозіць наша з мужам аўто, я ведала, што той герой, пра якога я прачытаю ў новай кнізе, неўзабаве прачнецца ў многіх, што ўсё недарэмна.

Дайце нам кнігу, пасьля якой ня хочацца зьехаць за мяжу ад усьведамленьня рэальнасьці ўсяго напісанага. А хочацца жыць. Жыць тут. Жыць і зьмяняць жыцьцё вакол сябе. Буду чакаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG