Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка завершыць 2024 год у рангу першай ракеткі сьвету, піша Reuters. Гэта стала вядома пасьля паразы польскай тэнісісткі, другой ракеткі сьвету Ігі Сьвёнтэк на выніковым турніры WTA ў Эр-Рыядзе 5 лістапада.
У сваім другім паядынку групавога этапу польская тэнісістка Іга Сьвёнтэк, якая займае другое месца ў сусьветным рэйтынгу, прайграла амэрыканцы Коры Гаўф, у якой трэцяя пазыцыя, — 3:6, 4:6. Такім чынам, незалежна ад вынікаў матчаў у сталіцы Саудаўскай Арабіі, менавіта Арына Сабаленка застанецца лідэрам рэйтынгу WTA па выніках 2024 году.
Перад стартам WTA Finals Сабаленка апярэджвала Сьвёнтэк больш як на 1000 ачкоў — 9016 супраць 7970. Каб гарантаваць сабе статус першай ракеткі па выніках 2024 году, Сабаленцы было дастаткова перамагчы ў двух матчах групавога раўнду пры ўмове, што Іга дапусьціць памылку на гэтым этапе. Так і выйшла: беларуска выйграла два першыя матчы — у кітаянкі Чжэн Ціньвэнь і італьянкі Жасьмін Пааліні, а Іга Сьвёнтэк, адолеўшы Барбару Крэйчыкаву з Чэхіі, ня здолела перамагчы амэрыканку Кока Гаўф.
Арына Сабаленка скончыць 2024 год у статусе першай ракеткі ўпершыню ў кар’еры.
Сабаленка трэці год запар выходзіць у плэй-оф на Выніковым турніры WTA. У 2022-м яна прайграла францужанцы Каралін Гарсіі ў фінале, а ў 2023-м саступіла ў паўфінале польцы Ізе Cьвёнтэк.
Форум