Перамовы аб сынхранізацыі электраэнэргетычных сетак краінаў Балтыі і Польшчы маглі б паскорыць рашэньне не купляць электраэнэргію зь небясьпечных электрастанцыяў, мяркуе літоўскі міністар замежных спраў Лінас Лінкявічус. Паводле ягоных словаў, у пятніцу ён абмеркаваў гэтыя пытаньні зь дзяржаўным сакратаром канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Кшыштафам Шчэрскім, перадае BNS.
«Я нагадаў яму, што ў нас цяпер ствараецца такі закон, што калі аб’екты небясьпечныя, то мы проста не купляем у іх прадукцыю» — сказаў Лінас Лінкявічус.
Балтыйскія краіны дамовіліся адключыцца ад расейскага энэргакальца БРЭЛЛ да 2025 году. Зараз Аб’яднаны цэнтар дасьледаваньняў Эўракамісіі праводзіць дасьледаваньне, якое павінна адказаць на пытаньне, які варыянт сынхранізацыі для краінаў Балтыі аптымальны. Аналізуецца магчымасьць сынхранізацыі электрасетак праз Польшчу, празь Фінляндыю альбо магчымасьць для краінаў Балтыі працаваць у асобным сынхронным рэжыме, не далучаючыся да эўрапейскіх краінаў.
Міністар энэргетыкі Літвы Жыгімонт Вайчунас у сераду сказаў BNS, што рашэньне пра закон не купляць электраэнэргію зь небясьпечных электрастанцыяў урад прыме на наступным тыдні. Мэта гэтага закону — спыніць будаўніцтва Беларускай АЭС у 50 кілямэтрах ад Вільні, у Астраўцы.
На наступным тыдні ў Беларусь прыбудзе місія МАГАТЭ па ацэнцы праектаваньня пляцоўкі АЭС з улікам вонкавых падзеяў, так званая місія SEED (Site and External Events Design Review Service). З 16 па 20 студзеня экспэрты МАГАТЭ ацэняць з пункту гледжаньня міжнародных патрабаваньняў бясьпекі ўстойлівасьць Астравецкай пляцоўкі, а таксама сыстэмаў, структураў і кампанэнтаў АЭС. У тым ліку будзе ацэнены «запас трываласьці», закладзены ў праекце з улікам постфукусімскага досьведу.