Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск хоча прадаваць электраэнэргію зь БелАЭС на Захадзе


Будоўля Беларускай АЭС
Будоўля Беларускай АЭС

Аднак пакуль застаецца адкрытым пытаньне легальнасьці.

Беларусь прапануе Польшчы супрацоўніцтва ў пытаньнях паставак электраэнэргіі з будучай АЭС у краіны Эўразьвязу.

Пра гэта заявіў сёньня прэмʼер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы зь віцэ-прэмʼерам, міністрам разьвіцьця і фінансаў Польшчы Матэвушам Маравецкім, перадае БЕЛТА.

«Беларусь плянуе ў 2018 годзе ўвесьці першы энэргаблёк атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Лічу, мы маглі б вельмі добра супрацоўнічаць у пытаньнях пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі ў Эўрапейскі Зьвяз, і польскі бок мог бы скарыстацца гэтай электраэнэргіяй або ажыцьцяўляць транзыт яе далей у Эўрапейскі Зьвяз, — сказаў Кабякоў. — Гэтая тэма актыўна ў свой час вывучалася, і, я лічу, яна мае пэрспэктыву».

Экспэрт па энэргетычных пытаньнях інтэрнэт-выданьня belrynok.by Тацяна Манёнак у камэнтары Свабодзе адзначыла, што пытаньне экспарту электраэнэргіі зь Беларускай АЭС на Захад ня вырашыцца, «пакуль застаецца адкрытым пытаньне легальнасьці будоўлі АЭС з боку Літвы»:

«Літва, як вы ведаеце, прадʼявіла вельмі сурʼёзныя прэтэнзіі да будоўлі Беларускай АЭС, і пакуль гэты канфлікт ня будзе ўрэгуляваны, я ня думаю, што магчымы сурʼёзны разгляд пытаньня аб экспарце беларускай энэргіі ў краіны ЭЗ».

Манёнак кажа, што пытаньне імпарту беларускай электраэнэргіі наўрад ці вельмі актуальнае для Польшчы. У той жа час і для Беларусі выгаднейшым хутчэй выглядае энэргетычны рынак Эўразійскага эканамічнага саюзу.

«Многія профільныя экспэрты кажуць, што сама электраэнэргія на беларускім рынку каштуе больш, чым на эўрапейскім. Вядома, пасьля будоўлі атамнай электрастанцыі ў Беларусі ўзьнікне прафіцыт электраэнэргіі. Але я думаю, што больш рэальныя пляны беларускія ўлады зьвязваюць з тым, каб экспартаваць электраэнэргію на рынкі Эўразійскага эканамічнага саюзу — таму яны так прынцыпова ставяць пытаньне аб тым, каб зьнізіць цэны на газ для нашых кампаніяў, якія выпрацоўваюць электраэнэргію на газе, каб мы былі канкурэнтаздольныя на агульным энэргетычным рынку ЭАЭС. Я думаю, што больш магчымасьцяў у гэтым напрамку», — кажа Манёнак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG