«Беларусь нязьменна выступае за кампэтэнтны дыялёг ва ўсіх пытаньнях будаўніцтва АЭС па лініі профільных ведамстваў», — заявіў на брыфінгу 5 студзеня прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык, камэнтуючы прызначэньне літоўскага спэцамбасадара для асаблівых даручэньняў у пытаньнях будаўніцтва БелАЭС.
Паводле Мірончыка, на гэты момант літоўскі бок не паведаміў афіцыйна Беларусі пра рашэньне аб прызначэньні спэцамбасадара Даруса Дзягуціса.
«Калі літоўскаму боку для найбольш эфэктыўнага дыялёгу з намі патрабуецца адмысловы каардынатар у сьценах МЗС, то гэта ягонае права і гэта можна толькі вітаць. Калі гэтая пасада ўводзіцца выключна ў мэтах далейшай палітызацыі пытаньня і пераносу дыскусіі на міжнародныя пляцоўкі, якія часта ня маюць ніякага дачыненьня ні да ядзернай тэматыкі, ні да энэргетыкі, ні да экалёгіі, то ў такім выпадку, гэта, хутчэй, контрапрадуктыўны крок», — заявіў прадстаўнік МЗС Беларусі.
Літоўскі дыплямат Дарус Дзягуціс 4 студзеня быў прызначаны паслом Літвы для асаблівых даручэньняў у пытаньнях будаўніцтва БелАЭС. Сярод абавязкаў Дзягуціса — прадстаўленьне «сфармаванай пазыцыі Літвы» па Беларускай АЭС, кантроль за ядзернай бясьпекай і маніторынг праблемаў навакольнага асяродзьдзя на нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным узроўнях.
Рашэньне аб прызначэньні Дзягуціса было прынятае 3 студзеня на сустрэчы літоўскіх міністраў замежных спраў, навакольнага асяродзьдзя і энэргетыкі, аднак імя спэцыяльнага амбасадара не называлася да моманту падпісаньня ўказу.