Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі экспэрт: Трэба глядзець на пазыцыю новага літоўскага ўраду адносна Астравецкай АЭС — гэта індыкатар


Vytis Jurkonis
Vytis Jurkonis

На парлямэнцкіх выбарах у Літве нечаканую перамогу атрымаў «Літоўскі саюз сялян і зялёных», які заручыўся 56 мандатамі ў Сейм Літвы.

31 мандат атрымаў «Саюз Айчыны — Хрысьціянскія дэмакраты Літвы». Гэта другое месца для партыі, якая ў першым туры выбараў была ў лідэрах. І толькі на трэцяй пазыцыі з 17 дэпутацкімі мандатамі апынулася Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя, якая да таго фармавала ўрад. Паводле назіральнікаў, наперадзе зьмена правячай кааліцыі і ўраду Літвы. Як гэта можа адбіцца на адносінах Літвы зь Беларусьсю?

Літоўскі палітоляг Віціс Юрконіс адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды пра вынікі парлямэнцкіх выбараў, якія прайшлі 23 кастрычніка ў Літве.

— Партыя прэм’ера Літвы Альгірдаса Буткявічуса прайграла выбары, і ягоны сыход непазьбежны. У літоўскіх мэдыях ужо пішуць, што новым прэм’ерам Літвы можа стаць Саўлюс Сквярняліс ці Броніс Ропе. Вы згодны з такім прагнозам?

— Пакуль рана казаць, але варта зазначыць, што імя Сквярняліса фігуравала ўжо даўно. Ён сапраўды адзін з рэальных кандыдатаў на пасаду прэм’ер-міністра. Ёсьць і іншыя кандыдаты, таксама моцныя прафэсіяналы, але безумоўна, што пасьля такой калясальнай перамогі «Літоўскага саюзу сялян і зялёных» менавіта яны будуць вырашаць, хто будзе прэм’ерам. Пакуль, канечне, незразумела, хто будзе зь імі ў альянсе. Ці гэта будуць літоўскія кансэрватары, ці былая ўлада, сацыял-дэмакраты. Пакуль няма яснасьці, хоць пасьля першага туру выбараў падавалася, што кааліцыя будзе паміж сялянамі-зялёнымі і літоўскімі кансэрватарамі, бо яны былі на першых ролях. Але цяпер, пасьля другога туру, рэальна тое, што правячая кааліцыя будзе складацца зь сялян-зялёных з сацыял-дэмакратамі.

— Збольшага, калі ацэньваць вынікі галасаваньня, настроі ў грамадзтве хіснуліся ўлева ці ўправа?

— Сказаў бы, што ані туды, ані сюды. Людзі яўна галасавалі больш супроць традыцыйных партыяў, супроць сацыял-дэмакратаў і літоўскіх кансэрватараў, якія заўсёды займалі ў парлямэнце сур’ёзныя пазыцыі. І вось антыэлітны голас, калі гэтак можна сказаць, на выбарах і дамінаваў, асабліва ў другім туры. У тым ліку пра гэта сьведчыць даволі сымбалічная параза былога прэм’ера Буткявічуса, які прайграў у аднамандатнай акрузе, дзе раней выйграваў нават зь першага туру. А цяпер ён прайграў, прычым даволі невядомаму кандыдату. Гэта яшчэ адзін паказчык, што людзі галасавалі супроць дзейнай улады і за перамены.

— За якія перамены, на вашу думку, выказалася большасьць літоўскага грамадзтва? Больш рынку ці больш рэгуляваньня з боку дзяржавы?

— Не, ня гэтак. Можна сказаць, што адным з самых балючых прадметаў, вакол якіх адбывалася сутыкненьне, быў працоўны кодэкс, які «праціснулі» сацыял-дэмакраты. Гэта быў даволі лібэральны дакумэнт, шмат хто ў рэгіёнах не чакаў гэткага кроку з боку сацыял-дэмакратаў, і таму людзі прагаласавалі гэтак, што сацыял-дэмакраты страцілі каля 20 мандатаў. А гэта вельмі-вельмі шмат, і ў выніку большасьць перайшла ад сацыял-дэмакратаў да «Літоўскага саюзу сялян і зялёных».

Таксама адзначу, што яшчэ ў першым туры прайграла Партыя працы, пра якую б не сказаў, што яна мае нейкую выразную ідэалягічную пазыцыю. То бок выбарцы Партыі працы перайшлі да «сялян-зялёных», якія больш выразна выказваюцца адносна абароны навакольнага асяродзьдзя, больш увагі аддаюць праблемам рэгіёнаў. Паводле эканамічных поглядаў «сяляне-зялёныя» таксама больш левыя, але гэта хіба і ўсё.

Людзі на гэтых выбарах галасавалі за перамены, але дакладнага адказу, якімі будуць гэтыя перамены, няма

Збольшага, паўтаруся, немагчыма сказаць, што перамаглі ярка вызначаныя левыя ці правыя. Прыкладам, калі мы кажам пра культуру, мову, адукацыю, дык «сяляне-зялёныя» ўсё ж бліжэй да правага палітычнага флянгу, а калі пра эканоміку — да левага.

Яшчэ заўважу, што «сяляне-зялёныя», якія атрымалі гэтак шмат мандатаў, насамрэч маюць няшмат людзей з досьведам працы ў парлямэнце. Там ёсьць і некалькі апартуністаў, ёсьць і профі ў сваёй справе, але нельга сказаць, што гэтая партыя — як адзіны кулак. А гэта дае права сказаць, што цягам бліжэйшых двух гадоў шмат што можа адбыцца, бо калі ад размоў пяройдзе да справы, дык становішча зьменіцца. Выявяцца рознагалосьсі, супярэчнасьці. Таму цалкам рэальна, што любая кааліцыя, якая ўтворыцца, сустрэнецца са шматлікімі выклікамі. Такім чынам, людзі на гэтых выбарах галасавалі за перамены, але дакладнага адказу, якімі будуць гэтыя перамены, няма. Таксама гэта і таму, што большасьць новых кандыдатаў у парлямэнтары нікому незнаёмыя, і ад іх невядома чаго можна чакаць.

— І што ў выніку будзе з працоўным кодэксам, вакол якога было столькі спрэчак?

— Дакладна тое, што «сяляне-зялёныя» выказваліся за большую сацыяльную адказнасьць, за большую ролю прафсаюзаў, за большы кантроль з боку дзяржавы, і гэтым сабралі больш галасоў, чым сацыял-дэмакраты. А што будзе далей — пабачым.

— Калі праходзяць выбары ў краінах былой савецкай прасторы, звычайна шукаюць руку Масквы. На вашу думку, ці адбілася пазыцыя Крамля на выніках літоўскіх выбараў?

— Ведаеце, было пару артыкулаў адносна таго, што за партыяй «сялян-зялёных» цягнецца нейкі сьлед з Масквы. Не сакрэт, што былая прэм’ер, яна ж першая прэм’ер Літвы Казімера Прунскене, якая была адной з заснавальніц партыі «сялян-зялёных», супрацоўнічала з савецкімі ўладамі. Таксама згадвалася, што брат спадара Рамунаса Карбаўскіса, лідэра ЛССЗ — адзін з кіраўнікоў маскоўскага тэатру імя Маякоўскага. І бізнэс самога Рамунаса Карбаўскіса таксама цесна зьвязаны з Расеяй. Таму гучалі такія апасеньні, што хвосьцік бачны. Яшчэ такі момант: калі казаць пра энэргетычную бясьпеку, дык гэта якраз тая партыя, пазыцыя якой была на карысьць Крамля. Бо яны былі супроць зьяўленьня на рынку карпарацыі «Шэўрон», нават супроць дасьледаваньняў, колькі ў нас ёсьць запасаў сланцавага газу і ці магчыма іх скарыстаць. Такія дасьледаваньні ў выніку былі адхіленыя, і гэтая партыя садзейнічала гэтаму. То бок можна сказаць, што — так, яны вельмі ўцягнутыя ў пытаньні аховы навакольнага асяродзьдзя, але падыход да энэргетыкі такі, што гэта на карысьць і Крамлю.

— Папярэднія ўрады Літвы займалі рэзка негатыўную пазыцыю адносна Беларускай АЭС, якую будуюць у Астравецкім раёне Беларусі, непадалёк ад літоўскай мяжы. Ці можна чакаць, што пазыцыя новага літоўскага ўраду зьменіцца?

— Адзначу спачатку, што «сяляне-зялёныя» за шмат гадоў мала што зрабілі, каб гэтае пытаньне падымалася яшчэ больш рашуча. Акрамя некалькіх паседжаньняў у Брусэлі з удзелам Броніса Ропе, гэты момант праспалі, хоць гэта, на маю думку, нават важней, чым адмова ад будаўніцтва АЭС у Вісагінасе. Бо паводле адказнасьці і празрыстасьці праект АЭС у Астраўцы нават непараўнальны з праектам АЭС, якую маглі будаваць у Вісагінасе. Цяпер што да магчымай пазыцыі новага ўраду адносна беларускай станцыі. Пакуль адзін з прынцыпаў гэтага Саюзу сялян і зялёных — адмова ад любой атамнай станцыі ў гэтым рэгіёне. Ня толькі нашай, якую зьбіраліся будаваць у Вісагінасе, але і той, якую ўжо будуюць пад Астраўцом. Таму будзем глядзець. Калі гэтая пазыцыя будзе мяняцца, гэта якраз і будзе індыкатарам таго, што нехта за гэтай партыяй стаіць з усходу. Таму што мякчэйшая пазыцыя адносна Астравецкай АЭС будзе на карысьць якраз Крамлю. Мяркую, калі «сяляне-зялёныя» ставіліся гэтак нэгатыўна адносна праекту АЭС у Вісагінасе, дык адносна Астравецкай АЭС яны ня могуць быць больш мяккімі, ня могуць карыстацца дваістымі стандартамі.

— А як у прынцыпе будуць складацца адносіны з палітычным рэжымам Беларусі? З Эўразьвязам у беларускіх уладаў заўважна пацяпленьне. Ці працягнецца гэтая тэндэнцыя і ў адносінах Беларусі зь Літвой?

— Вялікіх зьменаў не прадбачу. Збольшага адносіны ўжо былі нядрэнныя, нягледзячы на асобную рыторыку. Разьвіваўся бізнэс, ішлі інвэстыцыі, штогод адбываліся форумы прамыслоўцаў, і, мяркую, прадстаўнікі ЛССЗ таксама будуць цесна супрацоўнічаць з паўднёвымі суседзямі. Можна прыгадаць, што ў спадара Карбалскіса ёсьць аграбізнэс, а ў вас ёсьць «Беларуськалій», і гэта ўсё патрэбна і ягонаму бізнэсу таксама. Таму ёсьць немалая зацікаўленасьць у добрых адносінах. Але таксама варта сказаць, што ў гэтай партыі няма асаблівых прафэсіяналаў і дакладнай зьнешняй палітыкі. Акрамя аднаго выключэньня — гэта былы амбасадар у Беларусі і Ўкраіне Пятрас Вайцякунас. Вось ён можа быць адным з тых, хто добра разумее, што адбываецца ў рэгіёне, бо мае добры дыпляматычны досьвед.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG