Былому кіраўніку фракцыі Партыі рэгіёнаў у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Аляксандру Яфрэмаву ўручылі абвінаваўчы акт, паведаміў украінскім агенцтвам адзін зь яго адвакатаў Аляксандар Мельнікаў.
Паводле яго, Яфрэмаву інкрымінуецца замах на тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і шэраг іншых злачынстваў.
Пасьля гэтага кроку справу Яфрэмава можна перадаваць у суд, дадаў адвакат.
Аляксандра Яфрэмава затрымалі ў канцы ліпеня 2016 году з падазрэньня ў дачыненьні да стварэньня тэрарыстычнай групоўкі «ЛНР», дзеяньняў з мэтай зьмены межаў тэрыторыі Ўкраіны і завалодваньня маёмасьцю «Лугансквугаль».
Сам Яфрэмаў абвінавачаньні ў свой адрас адхіляе.