Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агенцтва «Регнум» падае ў суд на прадстаўніцу МЗС Расеі Захараву ў спрэчцы пра Беларусь


Марыя Захарава
Марыя Захарава

У матэрыяле на сайце «Регнум» гаворыцца, што аўтары агенцтва не выкарыстоўвалі словы «неданарод» і «недадзяржава» ў адносінах да беларусаў і Беларусі.

«Слова „недадзяржава“ ужывалася аўтарам інфармацыйнага агенцтва «Регнум» ТОЛЬКІ у адносінах да Украіны і тых, хто сьвядома дзе па яе шляху, — да русафобі, майдану і дзяржаўнага перавароту, то бок адмаўленьня і зьнішчэньня ўласнай дзяржаўнасьці,» — пішуць прадстаўнікі расейскага агенцтва.

27 сьнежня на брыфінгу прэсавая сакратарка МЗС Расеі Марыя Захарава адказала на пытаньне пра арыштаваных у Беларусі аўтараў парталу «Регнум» Дзьмітрыя Алімкіна, Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнку.

Супраць іх у Беларусі заведзеная крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне міжнацыянальнай варожасьці групай асобаў), санкцыя якой прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў.

20 сьнежня на гэтую тэму выказаўся расейскі амбасадар у Менску Аляксандар Сурыкаў, які заявіў:

Аляксандар Сурыкаў
Аляксандар Сурыкаў

«Гэта беларускія грамадзяне, гэта беларуская працэсуальная справа, гэта радыкальныя журналісты, я б так сказаў. Вельмі моцна сумняваемся, што ўсе гэтыя выступы працуюць на ўмацаваньне брацкіх сувязяў паміж расейскім і беларускім народамі. А вось многае ёсьць на ўбіваньне кліноў. Вельмі моцна сумняваемся, што гэтыя людзі — шчырыя патрыёты краіны, у якой яны жывуць і зьяўляюцца грамадзянамі. Таму што такія фармулёўкі, як „недадзяржава“, „неданарод“ не ўпрыгожваюць ніякага грамадзяніна, у тым ліку і журналіста краіны. Таму ў гэтай справе трэба вельмі добра разабрацца. Тут ёсьць дысгармонія ў пытаньнях свабоды слова, але ёсьць і пытаньне радыкалізму, разбурэньня міждзяржаўнай і брацкай дружбы».

Расейскі журналіст з парталу «Регнум» задаў Марыі Захаравай пытаньне:

«У пачатку сьнежня ў Беларусі былі затрыманыя тры прарасейскія публіцысты, адзін зь якіх наш аўтар Ю.Паўлавец, С.Шаптэнка, імя трэцяга мне невядомае. Ім ставяць у віну распальваньне варожасьці, у той час як яны, наадварот, заклікалі да зьбліжэньня з Расеяй і перасьцерагалі ў сваіх артыкулах беларускае кіраўніцтва ад «заляцаньня» зь беларускім нацыяналізмам і руху ў бок Захаду, як гэта адбылося на Ўкраіне. Яны былі арыштаваныя і да гэтага часу знаходзяцца пад вартай. Хацелася б даведацца пазыцыю МЗС з гэтай нагоды, паколькі амбасадар Расеі ў Беларусі А.Сурыкаў няясна выказаўся ў іх адрас, сказаўшы, што гэта беларускія грамадзяне і гэта справа Беларусі. Па факце яны зьяўляюцца нашымі суайчыньнікамі, і мне здаецца, Расеі варта было б зьвярнуць увагу на гэтую праблему.

Адказ Захаравай быў наступны:

«Я ня згодная, што наш амбасадар у Беларусі А.А.Сурыкаў даў незразумелы камэнтар, ён даў якраз разгорнуты камэнтар з нагоды гісторыі з затрыманьнем беларускіх грамадзян Ю.Паўлаўца, Д.Алімкіна і С.Шаптэнкі. Яны сапраўды супрацоўнічалі і працавалі з расейскімі выданьнямі, у прыватнасьці з агенцтвам «Регнум», таму амбасадар выказаў наш, расейскі пункт гледжаньня на гэтае пытаньне. Я хацела б сказаць, што мы падзяляем тое, што было сказана амбасадарам, што ўжываньне такіх слоў, як «неданарод» або «недадзяржава» ў дачыненьні да Беларусі і беларусаў — гэта недапушчальна. Вы гаворыце пра тое, што яны папярэджвалі Беларусь ад руху ў бок Захаду і «заляцаньня» з нацыяналізмам. Гэта была ваша цытата, і я не магу гэта камэнтаваць. Хачу сказаць, што «неданарод» і «недадзяржава» з вуснаў людзей, якія ўплываюць на грамадзкую думку — гэта проста непрыстойныя рэчы, таму што яны могуць спрыяць распальваньню міжнацыянальнай праблемы і ксэнафобіі. Такія выразы не спрыяюць стварэньню пазытыўнай атмасфэры ў беларускіх дачыненьнях, хоць вы кажаце, што менавіта на гэта і была нацэленая іх праца.

На ўдакладняльнае пытаньне журналіста, што Паўлаўцу, якія публікаваўся ў іх, гэтыя словы не належаць, Захарава падкрэсьліла:

«Гаворка ідзе пра трох журналістаў, таму я хачу сказаць, што мы далі вельмі выразную ацэнку тым словам і выразам, якія яны ўжывалі, прычым ужывалі, як я разумею, не ў прыватных размовах, а ў сваіх матэрыялах. Мы пацьвярджаем сваю абсалютную адданасьць свабодзе слова і неабходнасьці абароны правоў журналістаў і людзей, якія працуюць у якасьці прадстаўнікоў СМІ. Як вынікае з камэнтара амбасадара Расеі ў Беларусі А.А.Сурыкава, мы знаходзімся з гэтай нагоды ў пастаянным кантакце з нашымі беларускімі калегамі. Яшчэ раз паўтару, мы заяўляем пра поўную адданасьць і неабходнасьць абароны як свабоды слова, так і журналістаў. Думаю, што ў незахаваньні гэтых нормаў і няўвазе да лёсу журналістаў нас западозрыць вельмі складана, таму і лёс гэтых журналістаў, якія супрацоўнічалі і супрацоўнічаюць з расейскімі СМІ, улічваючы вашы настойлівыя просьбы і запыты, якія мы атрымліваем, знаходзяцца ў сфэры нашай пільнай увагі».

Адказ Марыі Захаравай на пытаньне пра арыштаваных беларускіх аўтараў сайта «Регнум» зьмешчаны на сайце МЗС Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG