«Для мяне найбольш непрымальная і балючая пазыцыя чатырох дзяржаваў, былых рэспублік Савецкага саюзу — гэта Армэнія, Беларусь, Узбэкістан і Казахстан. Гэтыя чатыры дзяржавы нібыта, калі зыходзіць з сутнасьці іхных паводзінаў, можна сказаць, амаль гатовыя прызнаць Крым не тэрыторыяй Украіны», — сказаў Рэфат Чубараў у эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў.
Кіраўнік Мэджлісу нагадаў, што рэзалюцыю пра парушэньне правоў чалавека ў анэксаваным Крыме прымалі ў два этапы — спачатку на пасяджэньні трэцяга Камітэту ААН 15 лістапада, а потым — 19 сьнежня на пасяджэньні Генэральнай асамблеі. «Расея за гэты месяц да пасяджэньня Генэральнай Асамблеі аказвала беспрэцэдэнтны ціск на ўсе дзяржавы. І ў выніку яе падтрымалі ўжо не 23, як на пасяджэньні Камітэту, а 26», — дадаў ён.
«Я размаўляў у Міністэрстве замежных справаў Украіны. Думаю, што мы тут павінны зрабіць вельмі канкрэтныя дзеяньні, як мінімум з амбасадарамі гэтых краін. Мы павінны больш выразна і жорстка абазначыць сваю пазыцыю пра недапушчальнасьць іхных такіх паводзінаў», — падкрэсьліў Рэфат Чубараў.
Генэральная асамблея ААН 19 сьнежня прыняла рэзалюцыю аб правах чалавека ў анэксаваным Расеяй украінскім Крыме. За ўкраінскі праект прагаласавалі 70 дзяржаваў ААН, супраць прагаласавалі 26, устрымаліся — 77. Сярод тых, хто супраць, была і Беларусь.
«Тыя, хто пакутуюць ад рук акупацыйнага рэжыму ў Крыме, напалоханыя і бездапаможныя, — агітаваў за ўкраінскі варыянт рэзалюцыі намесьнік міністра замежных справаў Украіны Сяргей Кісьліца. — Яны жывуць без усялякіх шанцаў абараніць свае правы, пратэставаць або быць пачутымі. Украіна прыкладзе ўсе намаганьні, каб прымусіць Расейскую Фэдэрацыю прытрымлівацца ейных абавязкаў як акупацыйнай улады ў адпаведнасьці зь міжнародным правам, а таксама каб гарантаваць бясьпечны і бесьперашкодны доступ міжнародных праваабарончых мэханізмаў на часова акупаваны паўвостраў дзеля ажыцьцяўленьня маніторынгу і справаздачнасьці аб сытуацыі ў адпаведнасьці зь іхным мандатам».
Месяц таму, у межах пасяджэньня Трэцяга камітэту Генэральнай асамблеі ААН 15 лістапада, быў прыняты праект рэзалюцыі аб правах чалавека ў Крыме, дзе Расея была названая «дзяржавай-акупантам», а Крым і Севастопаль — «часова акупаванай тэрыторыяй». Беларусь тады спрабавала заблякаваць рэзалюцыю.
Кіеў называў галасаваньне Беларусі ў ААН «ударам у сьпіну». МЗС Беларусі тлумачыў, што «пазыцыя Беларусі ў дачыненьні Ўкраіны не памянялася ні на ёту» (так і не сказаўшы, чый Крым). Пасьля таго 9 сьнежня Беларусь у ААН зноў заняла прарасейскую пазыцыю і прагаласавала супраць рэзалюцыі аб спыненьні баёў у Сырыі.
Праз сваю прарасейскую пазыцыю ў ААН Беларусь, як мяркуюць некаторыя экспэрты, можа страціць статус перамоўнай пляцоўкі ў расейска-ўкраінскім канфлікце.