Такую лічбу назваў міністар у справе падаткаў і збораў Рэспублікі Беларусь Сяргей Налівайка, выступаючы на пленарным пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў.
Ён сказаў, што адсутнасьць кантролю на мяжы паміж Расеяй і Беларусьсю дазваляе махлярам, да якіх адносяцца як некаторыя фірмы, так і грамадзяне, завозіць у Беларусь напоі, на якіх стаяць падробленыя акцызныя маркі.
Абмеркаваньне гэтага пытаньня адбылося пры абмеркаваньні дэкрэту № 5 ад 8-га лістапада 2016 году «Аб перамяшчэньні, захаваньні і продажы фізычнымі асобамі алькагольных напояў».
Згодна з гэтым дэкрэтам, грамадзянам без дакумэнтаў можа перавозіць па тэрыторыі Беларусі ня болей за 5 літраў сьпіртовых напояў, якія ён можа выкарыстаць для адзначэньня сьвяточнай даты альбо калекцыянаваньня.
У выпадку перамяшчэньня большай колькасьці пагражае пакараньне ў выглядзе штрафу памерам да 100 базавых велічыняў з канфіскацыяй альбо без канфіскацыі гэтых напояў.
У размове з журналістамі міністар сказаў, што фактычна мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй няма, але гэта не азначае, што спэцыяльныя органы не праводзяць апэратыўных праверак. Часам гэтыя праверкі даюць станоўчы вынік. Што тычыцца велічыні незаконнага рынку алькаголю, то ў Беларусі, паводле міністра, ён параўнальна невялікі і складае ня болей за 1,5% ад усяго аб’ёму. У той жа час у Расеі нелегальны рынак алькаголю складае 20%.
«Таму наша задача — зрабіць так, каб паставіць перашкоды на шляху перамяшчэньня незаконна вырабленага алькаголю з тэрыторыі Расеі ў Беларусь», — сказаў міністар.