Заклікі прыхільнікаў Гілары Клінтан да пераліку галасоў у трох ключавых для выніку выбараў штатах на гэтым тыдні гучалі ўсё гучней, па меры таго, як стала вядома, што ў цэлым па краіне кандыдат ад дэмакратаў набрала на 2 мільёны галасоў больш, чым кандыдат ад рэспубліканцаў . Нагадаем, што пры гэтым Дональд Трамп набраў значна больш галасоў для калегіі электараў, якія і вызначаюць вынік галасаваньня. Таксама зьявіліся паведамленьні пра парушэньні падчас галасаваньня ў некаторых акругах.
На мінулым тыдні кіраўнік перадвыбарчай кампаніі Клінтан Джон Падэста правёў гутарку зь некалькімі адвакатамі, якія спэцыялізуюцца на выбарах, і спэцыялістамі ў сфэры кампутарных і тэхналёгіяў. Яны настойліва рэкамэндавалі яму патрабаваць пераліку галасоў у штатах Вісконсін, Пэнсыльванія і Мічыган. На іх думку, электронныя кабіны для галасаваньня, якія выкарыстоўваюцца ў гэтых штатах, магчыма, былі ўзламаныя, як паведамляе часопіс «Нью-Ёрк».
Спэцыялісты сьцьвярджаюць, што, паводле вынікаў іх аналізу, падтрымка Клінтан упала на 7 пунктаў у акругах, якія выкарыстоўвалі электронныя машыны для галасаваньня, у параўнаньні з тымі акругамі, у якіх выкарыстоўваліся аптычныя сканары або папяровыя бюлетэні.
Хоць навукоўцы не далі доказаў якога-небудзь узлому, яны, тым ня менш настойліва рэкамэндуюць зрабіць пералік галасоў, абгрунтоўваючы свае заклікі вельмі нязначнай перавагай Трампа ў гэтых штатах — ва ўсіх 3-х штатах яна склала менш за 2 адсоткі.
Замежнае ўмяшаньне?
Калі б Клінтан атрымала перамогу ў гэтых штатах, яна атрымала б 274 галасоў электараў, што крыху вышэй, чым 270 неабходных для перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах.
У сераду, у сваім блогу на сайце Medium.com, адзін з навукоўцаў Унівэрсытэту Мічыгана (UM) прафэсар інфарматыкі Дж. Алекс Халдэрман напісаў, што лічыць магчымым узлом машынаў для галасаваньня ў ЗША, зьдзейсьнены замежным урадам. Ён заклікаў да агляду абсталяваньня для галасаваньня ў трох штатах на прадмет наяўнасьці прыкмет кібэратакі.
Ініцыятыва Стайн
Джыл Стайн, якая заваявала на выбарах крыху больш за адзін адсотак галасоў выбарнікаў, у заяве, апублікаванай на яе сайце, паведаміла, што выступае з ініцыятывай пераліку галасоў, ня маючы на мэце дапамагчы Клінтан, якую яна падвяргала рэзкай крытыцы ў ходзе ўсёй перадвыбарчай кампаніі, а ў інтарэсах «абароны нашай дэмакратыі».
Тэрмін падачы прашэньня аб пераліку галасоў у штаце Мічыган заканчваецца ў наступны панядзелак, у штаце Пэнсыльванія — у сераду.
Штаб Клінтан пакуль не абвясьціў пра якія-небудзь пляны аспрэчыць вынікі галасаваньня ў трох штатах, аднак і яна, і яе прыхільнікі неаднаразова асуджалі зробленыя Трампам падчас выбарчай кампаніі заявы пра тое, што выбары, магчыма, будуць фальсыфікаваныя не на яго карысьць.
«Мы зьяўляемся краінай, пабудаванай на законах. З самых першых гадоў яе заснаваньня тут праходзілі гарачыя, няпростыя выбары, — заявіла Клінтан у кастрычніку, пасьля заключнага раўнду дэбатаў з Трампам. — Аднак адной з нашых адметных рысаў заўсёды было тое, што мы прымаем вынікі нашых выбараў».
У ходзе выбараў падобныя заявы рабіў і прэзыдэнт ЗША Барак Абама, які, сярод іншага, заклікаў Трампа «спыніць ныць» пра фальсыфікаваныя выбары, падкрэсьліўшы, што гэта немагчыма.
«Ні адзін сур’ёзны чалавек ня мог бы выказаць здагадку, што на выбарах у Амэрыцы магчымае махлярства, збольшага і таму, што сыстэма выбараў вельмі дэцэнтралізаваная. Няма ніякіх доказаў таго, што гэта адбывалася ў мінулым або прыкметаў таго, што гэта можа адбыцца гэтым разам», — падкрэсьліў прэзыдэнт ЗША.